Бацькі і настаўнікі ўдзельнікаў нацыянальнага адбору дзіцячага "Еўрабачання" [3], якія не пагадзіліся з выбарам пераможцы адбору, звярнуліся да старшыні Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта з адкрытым лістом. Аўтары звароту мяркуюць, што перамога Даніэля Ястрэмскага была забяспечаная шляхам накруткі тэлефоннага і СМС-галасавання, а таксама падтасоўкі галасавання журы.
"У нас ёсць падставы падазраваць праплачанае глядацкае галасаванне, - адзначае Іна Радаева - прадзюсар Яраслава Саколікава, які сёлета заняў трэцяе месца ў фінале нацыянальнага адбору, - і ёсць жаданне спыніць несумленную гульню, распачатую дарослымі ў дзіцячым конкурсе". З яе меркаваннем салідарныя яшчэ 17 чалавек, якія падпісаліся пад дакументам - гэта бацькі і педагогі канкурсантаў 2017-2018 гг.
Аўтары ліста патрабуюць апублікаваць пратаколы галасавання прафесійнага журы і гледачоў, а ў выпадку неабходнасці - "правесці адкрытае перагаласаванне па адзнятым матэрыяле". Акрамя таго, у звароце згадваецца пра "штогод адзначальную непразрыстую працэдуру судзейскага галасавання" і неабходнасць у сувязі з гэтым распрацаваць новую, максімальна адкрытую і задавальняючую ўдзельнікаў, сістэму выстаўлення і падліку балаў.
У Белтэлерадыёкампаніі "Звяздзе" пацвердзілі: "Так, учора мы атрымалі гэты ліст, ён знаходзіцца на разглядзе ў кіраўніцтва". Афіцыйных каментарыяў старшыні медыяхолдынгу і арганізатараў нацыянальнага адбору на гэты конт пакуль няма.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] http://zviazda.by/be/news/20180901/1535792436-yak-prayshou-final-nacyyanalnaga-adboru-na-dzicyachae-eurabachanne
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzicyachae-eurabachanne-2018-0