Незвычайная выстаўка адкрылася ў магілёўскім Музеі этнаграфіі. Яе экспанатамі сталі здымкі і фотакалажы з армейскіх фотаальбомаў перыяду 1960—1980-х гадоў.
Кранальныя і гераічныя, камічныя і ўрачыстыя, будзённыя і святочныя — яны прывабліваюць перш за ўсё сваёй непасрэднасцю і шчырасцю. Гэта своеасаблівае салдацкае мастацтва, спроба перадаць той дух і атмасферу, якія панавалі сярод вайскоўцаў падчас іх службы. І вядома, зрабіць гэта крыху з ухілам у героіку і рамантызм. Бо ствараўся альбом з мэтай не толькі захаваць успаміны аб гэтым адрэзку жыцця, але і пакінуць уражанні.
Звярнуцца ўладальнікаў гэтых здымкаў да сваіх архіваў натхніў сумесны фотапраект трох творчых калектываў — сталічнага народнага фотаклуба «Мінск», а таксама «Студыі 3plus» і клуба фотамастакоў «Вясёлка» з Магілёва.
— Мода на такія альбомы з'явілася ў СССР у 1960-я гады, калі ў грамадстве пачалося некаторае «пацяпленне» і прайшла рэформа ў войску, — расказвае куратар фотапраекта «Дэмбельскі фотаальбом» Ірына Савосіна. — Традыцыя нарадзілася ў салдацкай масе як адказ на адноснае абязлічванне звычайнага вайскоўца, калі салдат — толькі вінцік ваеннай машыны. Удзельнікамі выстаўкі сталі члены фотастудый і звычайныя магіляўчане.
Арганізатары спадзяюцца, што фота ў сямейных альбомах з подпісам: «На памяць аб службе» не згубяцца і з часам набудуць музейную каштоўнасць.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/magilyou