Што было, — было: дом, вечар, тэлефонны званок, мужчынская размова:
— Алё, суседзе, прабач, што так позна... Нешта маёй жонкі дагэтуль няма... Да цябе выпадкам не заходзіла?
— Пачакай — зараз папытаюся... Люся, ты да мяне выпадкова зайшла ці спецыяльна?
Вам цікава: што адказала Люся — яму?
А што потым сусед суседу?
Хацелася б ведаць, праўда? Аднак варыянтаў, мяркуем, няшмат.
Іншая рэч — традыцыйны, звяздоўскі здымак (можна яшчэ раз глянуць на верхні)! Чаго толькі людзі на ім не ўбачылі, чаго не прыдумалі ды не ўспомнілі! Ну вось напрыклад. «Ехаў я неяк маршруткай, — прыгадвае спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў, — сядзеў тварам да салона, амаль побач з шафёрам, а перада мной — маладзічка размясцілася, і спадніца ў яе дзе пачалася, там і скончылася: мусіць, тканіны не хапіла, бо ногі — доўгія-доўгія, «ад вуха» можна сказаць. Спачатку яны роўненька так стаялі — адна пры адной, потым правая на левай ляжала, і я казаў сабе: «Дзед, глядзі ў акно — адвярні галаву. Зараз жа!» Але шыя гэтай каманды быццам «не чула»: вочы проста намёртва прыкіпелі да дзявочых каленяў! І таму, — прызнаецца спадар Валерый, — я лёгка разумею і нават спачуваю хлопцам са здымка. Ну сапраўды:
Не шкадуюць мужыка
Ў гэтай самай ПМК:
То ж пакуты для Мікіткі
Цэлы дзень глядзець на лыткі!
Каб на іх камбінезон,
Ці ж курыў бы столькі ён?»
Наўрад...
Мяркуе так і спадарыня Любоў Чыгрынава з Мінска:
Маечка ды шорцікі,
У паглядзе чорцікі...
Расцвіла сягоння Зоя,
Быццам ружа на газоне, —
Ды для ўсіх,
усіх людзей?..
Не дражніла б ты гусей!
Яшчэ Жэню не да фені,
Ясь не еўнух і не гей!
А таму
Ясь, узяўшы рукі ў бокі,
Не рыхтуецца ў скокі —
Чорта шчыльна прыціскае,
Што ў рабро яго штурхае...
А было ж бы болей толку,
Каб на дзеўцы —
ды футболка,
Каб старыя шаравары...
Хлопцы б побач працавалі.
Пытанне на засыпку: а яно ёй трэба (каб працавалі)? На думку многіх чытачоў — не.
Чаму? Ну па-першае (паводле спадара Віктара Сабалеўскага з Узды):
У брыгадзе сёння свята —
На работу выйшла Ната!
Кажа: граблі плюс дыета —
І схуднею я за лета...
Калі ж не — мой лысы чорт
Сам паедзе на курорт.
Сам — трэба разумець — адзін, без Наты? Ды падчас так званага аксамітнага сезона?!
Гэта, згадзіцеся, стрэс! І здымаецца ён вельмі цяжка... Найлепей — на кухні. Не, бронь божа, не выпіваючы нешта з градусамі. І не «заядаючы». Усё прасцей, як раяць бывалыя. Трэба проста: а) купіць індыка, б) назваць яго імем таго самага «чорта» (лысага ці не — справа дзясятая), в) адрэзаць яму ўсё што захочацца і г) асцярожна, памалу апусціць у кіпень.
Жорстка? Так. (Анекдот, дарэчы. Мужчына адзін дакрычаўся да Бога, каб спытаць: ну чаму ўсе дзяўчаты пяшчотныя і мілыя, а ўсе жанчыны — якраз наадварот — проста сцервы? Бог толькі цяжанька ўздыхнуў ды сказаў відавочнае: «Дык дзяўчат жа ствараю я, а жанчынамі іх робіце вы». З усімі адсюль наступствамі...
Зрэшты, мы трохі адхіліліся ад курсу (спадарыня Іна Алісевіч з Уздзеншчыны сфармулявала яго так: «Эмансіпацыя? Эмансіпацыя! Чаму ж адна працуе грацыя?»).
Свой варыянт адказу на гэтае пытанне ў спадара Валерыя Гаўрыша:
Майстар загады
аднекуль прымае
(Зранку мабільнік
яго не змаўкае).
І брыгадзір не гультай-самадур,
Проста ў яго ўвесь час
перакур.
Толькі Ганулька пасады
не мае —
Цэлы дзянёчак
граблямі махае.
«Наш чалавечак!» — лічыць спадар Мікалай Старых з Гомеля. Бо яны — нашы (жанчыны ў прыватнасці), славяцца не толькі дабрынёй ды знешняй прывабнасцю, але і рэдкай працавітасцю. Ну сапраўды:
Кажуць людзі: «Пол прыгожы
Да ўсялякай справы гожы:
Мыць, варыць і цыраваць,
Кранам грузы паднімаць...»
А мужчыны —
пол наш дужы —
Працаваць не прагне дужа.
Лепш кім-небудзь кіраваць,
Ці дзяжурыць-вартаваць.
...Таго, хто працуе? Ну чаму б і не (на думку спадара Міколы Кісяля з Мінска). Асабліва — калі ведаць, што — канкрэтна — той працаўнік (ці працаўніца) робіць:
Во дзяўчо ахову мае —
Не сказаць, не апісаць!
Ці не золата зграбае,
Каб бюджэт наш папаўняць?
Зрэшты, гэта ў папярэднікаў модна было «раньше думать о Родине, а потом о себе». Потым (на думку спадара Піваварава) часы (і адпаведна — норавы) змяніліся:
Дзеўка грошыкі грабе
І вядома ж, пад сябе.
Каб падаткі ўсе сплаціла, —
Сочыць дзядзечка з мабілай.
А высокі самы з іх
Кантралюе... абаіх.
Усё, карацей, па-нашаму і таму спадарыня Галіна Пятроўская з вёскі Ардашы Смаргонскага раёна здымак прапануе падпісаць коратка:
Адна баба
Ў двух прарабаў...
Калі з ёй такая «варта»,
Значыць, справа тога варта!
Прычын таму — мільён, можа, нават сто! І наогул (паводле спадарыні Іны Алісевіч):
Зласліўца, прыкусі язык,
Найлепшыя ўбач намеры:
Мужчыны ў нас — на пералік,
Вось і шануем іх без меры.
Няхай пакураць, адпачнуць,
Дамовяцца наконт рыбалкі...
А колькі ласкі зберагуць,
Калі ў іх праца не з-пад палкі!
Жанкам жа — наадварот — завіхацца можна і нават трэба (як лічыць спадар Сабалеўскі):
Колькі грацыі і спрыту —
Не працуе, а пяе,
За граблямі, як за сітам,
Ні грудочка ў яе!
А пасля газон засее,
Падмяце дарожку чынна,
Нібы ветрыкам павее:
«Мы чакаем вас, мужчыны!»
Чакаем, як правіла, і найбольш, у пэўным узросце — прынцаў... На белых конях.
А вось у іх — пажаданні куды больш сціплыя: ім, прынцам ці няпрынцам, дастаткова служанак
...Зрэшты, у варыянтах подпісаў да здымка не толькі аб узаемаадносінах мужчын і жанчын, — уздымаюцца і іншыя тэмы, накшталт
Былі, былі ў нас перакуры —
Ды так, хвіліначак на пяць...
А з тэлефонам сёння здуру
І змену можна прастаяць!
Сцвярджае спадарыня Любоў Чыгрынава.
От Марусьцы не шанцуе:
Як не курыць, —
хай працуе! —
дадаюць спадарыня Гудачкова і спадар Іван Сіманёнак з Паставаў.
Ён, у прыватнасці, піша, што навядзенне марафету перад нейкімі святамі ды візітамі ніколі не абходзіцца без прыцягнення выпадковых асоб. Запрашаюць іх з розных кантор, у гэтым выпадку, на думку чытача, няйнакш як са сталічнага ЖЭСа?
Ад «плакучых»
кранаў
Ды «чаявых» як грэху
Прымусам адарвана
Эліт-каманда
з ЖЭСу.
Сантэхнікам лайдачным
Да лямпы
парк культуры:
Сэр Гінес,
ты не бачыў
Такога перакуру!
Але ж варты здзіўлення не толькі ён. Яшчэ раз кіньце позірк на верхні здымак і згадзіцеся са спадарыняй Валянцінай Гудачковай:
Нейкі клімат дваякі —
У цёплых куртках
мужыкі...
Мы ж да грабель як дарвёмся —
У міг вока распранёмся!
Пытанне на засыпку: можа, таму ў апошні час павышаным попытам у дзяўчат, у жанчын сталі карыстацца кавалеры-адмарозкі?
Накшталт іх бываюць (на думку спадарыні Іны Алісевіч) яшчэ і дзядзькі:
Бездакорна інструктаж
Правялі Сцяпан з Мацвеем
Ды Тамару ўзяў мандраж:
Ледзь трымае граблі, млее...
Бо наслухалася шмат
(Галаве патрэбны лекі).
Быццам граблі... агрэгат
Згодна правілам бяспекі.
...І тым не менш, нягледзячы ні на бязглузды інструктаж, ні на спёку, ні на падвоены кантроль ды многае іншае:
Справу добрую для нас
Сёння робіць зелянгас!
Каб яго, крый бог, прыкрылі,
Спрэс былі б аўтамабілі
І не зналі б нашы дзеткі,
Як цвітуць улетку кветкі.
А таму — парада:
Ты не стой тут, як статуй!
А згінайся і працуй!
То-бок далучайся да работнікаў зелянгаса...
Заклікаюць да гэтага сужэнцы Астроўскія — жыхары сталіцы, пра якую спадарыня Галіна Пятроўская прыгадала і «перапела» прыпеўку:
Ох і добра ў Мінску жыць:
Адна робіць, два стаіць.
А як сонца прыпячэ,
То й работніца ўцячэ.
Бо яна, магчыма, «штучка» яшчэ тая: ну ў прыватнасці (і на думку спадарыні Чыгрынавай):
Мела кабета
Сям'ю і пасаду.
Віно, цыгарэта...
І гэта ўсё ззаду.
Такое, вядома ж, здараецца...
І каб толькі:
Каратыстка Міла
хулігана збіла:
За «перавышэнне» —
суткі «зарабіла».
У лесе адбывае.
З гэтае прычыны
Да яе баяцца падысці
мужчыны,—
лічыць спадарыня Кусянкова з Рагачоўшчыны.
Завяршыць жа сённяшні агляд хочацца жыццесцвярджальнымі радкамі спадарыні Валянціны Гудачковай, якая, здаецца, пераканана:
Ці гародчык тут, ці дача,
Ці шырокія палі...
Ад хвароб і ад нястачы
Лечыць праца на зямлі!
Хто-ніхто — сумняваўся... І сумняваецца. А мужчынка адзін яшчэ і расказваў, як ускопваў ён аднойчы граду, як убачыў раптам рубель, як падняў яго — паклаў у кішэнь, зноў узяўся капаць — зноўку знайшоў рубель! І так — разоў з дзесяць! Ну, думае, на жылу напаў: няйначай нехта рассыпаў — мне на прыбытак. Руку ў кішэнь — а рублі там чамусьці не звіняць... Патрос — ціха. Вонкі вывернуў — дзірачка ўнізе, якраз для рубля...
Аблом, карацей, без якога — зазначым — ну ніяк не абысціся, калі падводзіш вынікі ў якім-небудзь конкурсе.
Такім чынам, найлепшыя подпісы да мінулага здымка (гл. нумар «Звязды» за 14 ліпеня г. г... На ім, нагадаем, быў сумны сабачка каля крамы «Дзіцячае адзенне»), паводле вялікага чытацкага журы, напісалі спадарыні Наталля Шкут са Светлагоршчыны, Іна Алісевіч з Уздзеншчыны, спадары Мікалай Старых з Гомеля, Іван Сіманёнак з Паставаў, Віктар Сабалеўскі з Узды і сужэнцы Астроўскія з Мінска.
З гэтым вось, апошнім, меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае, рэдакцыйнае. Такім чынам, прыз у выглядзе квартальнай падпіскі на дарагую сэрцам газету застаецца ў сталіцы, аўтарам радкоў:
У гэтай крамцы, як здаецца,
І сабака прадаецца!
Бо цяпер усё часцей
Іх купляюць для дзяцей...
А яшчэ — замест дзяцей,
Бо з сабакамі прасцей.
...Вы таксама хацелі б пяць разоў на тыдзень атрымліваць «Звязду» і тым самым падтрымліваць мову — у душы і краіне? Тады не забудзьцеся аформіць падпіску. Альбо — уважліва паглядзіце на ніжні здымак, падумайце, што б гэта значыла (версій можа быць шмат, але ў кожнай — не больш за восем радкоў) і дашліце ў рэдакцыю. А там...
Шанц на перамогу ёсць у кожнага! Поспехаў!
Валянціна ДОЎНАР
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/hto-kago-0
[4] https://zviazda.by/be/hto-kago