Першая ў гісторыі радыёграма складалася ўсяго з двух слоў — «Генрых Герц». Яе 122 гады таму адправіў рускі навуковец Аляксандр Папоў. Колькі слоў гучыць за дзень у сучасным эфіры, падлічыць немагчыма. Мы завіталі на радыёстанцыю — «Мінская хваля» — і даведаліся, што адбываецца па той бок прыёмніка.
Хто адказвае за плэй-ліст?
Працоўны дзень на радыё пачынаецца рана. У сем гадзін у эфір выходзіць выпуск навін, і адразу пасля стартуе музычна-забаўляльная праграма. За тое, каб разбудзіць людзей і настроіць іх на рабочы лад, адказвае вядучы Аляксандр БАРСКІ.
— А калі ў вас у самога няма настрою? Што тады?
— Спачатку спрабую гэта схаваць за бадзёрымі шаблоннымі фразамі, калі не атрымліваецца — заводжу філасофскія размовы, незвычайныя для ранішняга эфіру. Я ж жывы чалавек, мне таксама часам баліць галава.
Ці паспяваюць вядучыя высыпацца? Аляксандр расказвае пра свой графік: кладзецца ў гадзіну ночы, устае ў 5.50. І так на працягу дзевяці гадоў. Арганізм настолькі ўжо прывык, што нават у свае выхадныя суразмоўнік без будзільніка прачынаецца амаль у такі ж час. Але, прызнаецца, што ў доўгай чарзе ў паліклініку ці ашчадкасу можа задрамаць.
Цікавімся, як адбіраецца музыка, што гучыць у эфіры.
— Раней, гадоў дваццаць таму, мае густы ўлічваліся. Ставіў тое, што дазваляла музычная база. Тады я працаваў на іншай радыёстанцыі, і там быў асобны пакой, большы за гэту студыю, дзе захоўвалася дзесяць тысяч дыскаў. Яны стаялі ў шафах, як у бібліятэцы. Гэта быў час рамантыкі, — успамінае Аляксандр.
Цяпер жа плэй-ліст складае музычны рэдактар зыходзячы з таго, якія песні зараз на слыху. На раніцу падбіраюцца дынамічныя кампазіцыі, увечары гучаць больш спакойныя. Удзень ёсць праграма па заяўках, дзе слухачы заказваюць ад Armіn van Buuren да Стаса Міхайлава.
Спіс выстройваецца ў пэўным парадку. Гадзіну павінна адкрываць «гарачая» тэма, потым ідуць «астылыя», але пазнавальныя песні мінулых гадоў, а праз дзве-чатыры кампазіцыі — зноў хіт. З папраўкай на мясцовы кантэнт, вядома: 75 працэнтаў музыкі ў эфіры мусіць быць беларускай.
Да 10 раніцы — ніякага крыміналу
— Мы займаем палову паверха — рэдкая раскоша для радыйшчыкаў Мінска. Звычайна яны туляцца ў некалькіх пакойчыках, — арганізуе для нас «экскурсію» намеснік дырэктара па інфармацыйна-аналітычным вяшчанні Дзмітрый АНІСАВЕЦ.
Вядучыя навін працуюць у дзве змены: з 6.00 да 14.00 і з 14.00 да 21.00. Тыя, хто знаёміць з галоўнымі падзеямі краіны і свету, выходзяць у эфір на пачатку кожнай гадзіны, тыя, хто расказвае пра рэгіёны, — у сярэдзіне.
— Я каву не п'ю, каб узбадзёрыцца. Проста калі з самай раніцы працуеш у студыі, адразу прачынаешся.
А ўжо пасля змены пачынаеш «заліпаць», — дзеліцца вядучы Антон КАВАЛЬЧУК.
Калі думаеце, што радыйшчыкам трэба толькі прачытаць ужо падрыхтаваную інфармацыю, то памыляецеся. Кожны выпуск яны пішуць самі. Асноўны блок навін доўжыцца да трох хвілін і ўключае пяць паведамленняў. З іх адно абавязкова павінна быць пра Мінскую вобласць, другое — пра эканоміку. Усё астатняе — як вырашыць вядучы. Фарміраваць выпуск можна па класічнай схеме (калі спачатку ідзе палітыка і эканоміка, а потым «сацыялка», культура і спорт) або ў выглядзе перавернутай піраміды (тыя ж тэмы ў адваротным парадку).
— Ты павінен падаваць інфармацыю так, быццам расказваеш яе блізкаму. Калі спачатку цяжка, можна раздрукаваць фатаграфію сябра ці роднага і павесіць перад сабой, — дзеліцца некаторымі сакрэтамі вядучая Кацярына ЛАПІЦКАЯ. — Навіну трэба пісаць зразумела. Я стараюся, каб яна змяшчала не больш за пяць сказаў і максімум тры лічбы. Можна рабіць лагічныя пераходы, тады з паведамленняў атрымаецца адно цэлае.
— Стараемся працаваць у фармаце агенцтва навін. Усё свежае, што паступае, — адразу ў эфір, — кажа Дзмітрый Анісавец. — Выпускі ці асобныя навіны не павінны паўтарацца. Калі нейкая інфармацыя з'явілася больш за тры гадзіны таму, для радыё яна, лічы, састарэла.
— А што, калі навін няма?
— Значыць, журналіст дрэнна папрацаваў. Крыніц інфармацыі шмат: нашы агенцтвы, сайты замежных СМІ — ВВС, Daіly Maіl... Трэба толькі не ленавацца шукаць.
На радыё ёсць няпісанае правіла: да 10 раніцы — ніякіх паведамленняў пра аварыі і крымінал. А падрабязнасцям жорсткіх забойстваў увогуле не месца ў эфіры. «Бо радыё — не газета. Уявіце: хтосьці раптам пачуў такую навіну і ў яго падскочыў ціск, — тлумачыць дырэктар Тамара ВЯЦКАЯ. — Наша задача — пастаўляць інфармацыю і пры гэтым не выклікаць стрэсу, трымаць добры настрой. Мы нават слоган адпаведны прыдумалі: «Нас не штарміць».
Агаворкі і іншыя непрыемнасці
— Дзяўчаты, а давайце ў прамы эфір, адчуеце адрэналін, — нечакана прапануе Тамара Вяцкая. — Што, слабо? Ведаеце, як гэта страшна? Кожны раз страшна, хоць я 35 гадоў у прафесіі. Але крута.
Прамы эфір — рэч непрадказальная. Толькі ў студыі загараецца лямпачка — нават вопытныя госці губляюцца. Дый у саміх вядучых часам здараюцца праблемы з націскамі і агаворкі. На радыё жартуюць: міма пільных слухачоў нічога не пройдзе. Яны потым звоняць і пішуць, каб паказаць на памылкі.
— Калі запнуўся, галоўнае не хвалявацца і працягваць чытаць. Інакш саб'ешся зноў, — раіць Кацярына Лапіцкая. — Агаварыўся — робіш паўзу і потым кажаш, як правільна. Ні ў якім разе не прасіце прабачэння, інакш прыцягнеце ўвагу да сваёй памылкі. Нельга выходзіць у эфір, калі асіп, кашляеш ці пачалася ікаўка. Што рабіць? Мяняцца з некім. Бываюць выпадкі, калі падчас выпуску навін распірае смех. У такім разе лепш адразу заканчваць і развітвацца.
Адна з галоўных загадак для слухачоў — што адбываецца ў студыі падчас праграмы? Вядучыя прызнаюцца, што, калі мікрафон выключаны, часта жартуюць між сабой. А вось перакусы ў музычную паўзу не вітаюцца: гэта пагаршае дыкцыю. А яшчэ ніхто не сядзіць у шортах і сланцах — радыйшчыкі адзяваюцца на работу так, як і ўсе офісныя работнікі.
У прамы эфір выйсці я не рызыкнула: вырашыла паберагчы ад стрэсу і сябе,
і слухачоў. А вось прачытаць навіны пад запіс — чаму б не?
Бяру раздрукоўкі і сядаю да мікрафона. «Прыйшоў загадзя — разамні артыкуляцыйны апарат», — заклікае таблічка на стале.
У мяне часу не так шмат, таму прабягаю вачыма па словах і пачынаю.
Вось шчыра: чытаць навіны ўголас — вельмі хвалююча. Некалькі памылак зрабіла на роўным месцы. Напрыклад, сваёй агаворкай павялічыла кошт беларускіх угнаенняў для Кітая на дзевяць долараў за тону. А паведамленне пра п'яных кіроўцаў, як мне падалося, прагучала занадта весела.
Чакаю некалькі хвілін, пакуль гукарэжысёр апрацоўвае запіс, і прашу Дзмітрыя Анісаўца ацаніць: ці атрымалася?
— З дыкцыяй нядрэнна, і тэмп добры, якраз для вядучага навін, — пракаментаваў ён. — Агрэхі ёсць, але над гэтым можна працаваць.
Праўда, з адным мінусам справіцца будзе няпроста — мой голас, які гучыць, як у школьніцы.
Забудзьце пра семкі і арэхі
— Голас — наша ўсё. Калі журналіст суперталенавіты, але не мае голасу, ён нам не падыдзе. Я ў размове, нават па тэлефоне, маментальна магу вызначыць, наш чалавек ці не, — заўважае намеснік дырэктара.
Радыё любіць нізкія галасы — і жаночыя, і мужчынскія. Першыя складана знайсці, другія — прыцягнуць. Але голас можна «пасадзіць». «Пачак цыгарэт у дзень прывядзе да жаданага выніку», — жартуюць тут. А калі сур'ёзна, то для гэтага трэба працаваць з выкладчыкам. І ёсць выпадкі, калі тыя, каму спачатку адмовілі, пазаймаліся і нарэшце трапілі на работу.
Што цікава, не кожны тэлевізійнік зможа працаваць на радыё. Усё ж такі ў кадры іграюць ролю іншыя фактары і не самы моцны голас можа выратаваць «карцінка».
Каб «добра гучаць», нельга ўжываць семкі, арэхі, печыва, піць каву. А вось сырыя яйкі з раніцы, смяюцца, тут ніхто не п'е.
— Як трэніруюць дыкцыю?
— Раней вымаўляў скорагаворкі, — дзеліцца Антон Кавальчук. — Памятаю, калі на СТБ працаваў, адзін вядучы часта практыкаваўся размаўляць, трымаючы ў роце ручку.
Яшчэ адзін нюанс: дыкцыя «заточваецца» пад тую мову, на якой размаўляеш штодзень.
Самі радыйшчыкі крытычна ставяцца да таго, як гучаць у эфіры.
— Задаволены сваім голасам? — пытаемся ў Дзмітрыя Анісаўца.
— Не, вядома, — усміхаецца ён. — Амаль ніколі не падабаецца.
Калі без драйву сумна
Заўважалі, што ва ўсіх вядучых сугучныя імя і прозвішча? Гэта не заўсёды сапраўдныя пашпартныя даныя — некаторыя для работы бяруць псеўданімы.
Прафесійных прыкмет у радыйшчыкаў амаль што няма.
— Калі ўжо дзень не задаўся, то гэта не таму, што паперкі з тэкстам упалі, а я на іх не прысела, як гэта прынята ў акцёраў тэатра, — усміхаецца Кацярына Лапіцкая. — Хоць некаторыя адзяваюць у эфір што-небудзь чырвонае, каб не сурочылі.
Акрамя навін і музыкі, на радыё гучаць аўтарскія праграмы. Напрыклад, Кацярына вядзе перадачу «Не проста людзі» — пра тых, хто працуе ў сельскай мясцовасці, займаецца рамяством.
— Для мяне самыя лепшыя плёнкі — са звычайнымі людзьмі з глыбінкі, якія шмат робяць для іншых. Неяк запісвала гісторыю ўрача са Слуцкага раёна, якому споўнілася 90, а ён дагэтуль працуе на вясковым ФАПе, — успамінае дзяўчына.
«Плёнкамі» на радыё называюць аўдыязапісы. Хоць, вядома, яны захоўваюцца не на магнітных стужках касет, а ў выглядзе лічбавых файлаў на камп'ютары.
Праграмы вядучыя манціруюць самі. А ўжо прыгожае аздабленне робіць гукарэжысёр: апрацоўвае пераходы, накладвае музыку на фон.
— На радыё журналіст не бярэ ўсе лаўры сабе, там гучаць непасрэдна героі —
і гэта крута, — лічыць Кацярына, якая ўлюбілася ў прафесію яшчэ пасля першай навучальнай практыкі.
Работа ў эфіры накладае адбітак. «Я вельмі балбатлівы, — не хавае Аляксандр Барскі. — Гэта звычка ўзнікае з-за боязі недарэчных паўз. Я магу запоўніць іх чым хочаш — задаць пытанне, напрыклад».
Некаторыя адзначаюць, што сталі па-іншаму размаўляць. Нават у звычайным жыцці старанна прадумваюць сказ, перш чым агучыць, стараюцца пазбегнуць паўтораў і актыўна жэстыкулююць.
— Мінусы прафесіі не назаву. А плюс у тым, што ты як вольны мастак — ствараеш, — падмячае Антон Кавальчук.
Да працы ў шалёным тэмпе і драйву ў прамым эфіры, кажуць, прывыкаеш. Настолькі, што ў водпуску без усяго гэтага сумуеш і хочаш хутчэй зноў апынуцца каля мікрафона.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/radyyo
[5] https://zviazda.by/be/tags/moladz
[6] https://zviazda.by/be/tags/radyyoefir
[7] https://zviazda.by/be/tags/minskaya-hvalya