Краснаполле за апошні час прыкметна папрыгажэла. На вуліцах раённага цэнтра чысціня, шмат кветкавых кампазіцый, пасвяжэлі фасады, рамантуюцца дарогі. Адчуваецца, што да навядзення парадку тут ставяцца з поўнай адказнасцю. А яшчэ вельмі трапятліва адносяцца да сваіх нацыянальных каштоўнасцяў і робяць усё для іх адраджэння і папулярызацыі. Тут знаходзяцца шыкоўны гісторыка-этнаграфічны музей, унікальныя культавыя помнікі, славутасці прыроднага значэння. Трэба, каб усё гэта функцыянавала і прыцягвала як мага больш наведвальнікаў, лічаць у раёне. Пра тое, што робіцца на Краснапольшчыне ў рамках Года малой радзімы, у нашай размове са старшынёй райвыканкама Ігарам Балахонавым.
— На тэрыторыі Краснапольскага раёна знаходзіцца некалькі культавых аб'ектаў і святых крыніц, куды прыязджаюць паломнікі з усяго свету. Што робіцца для таго, каб падтрымаць гэтую прыгажосць у належным стане?
— Нядаўна нашым лясгасам была добраўпарадкавана тэрыторыя з зонай адпачынку і купеллю каля вёскі Выдранка, непадалёк ад мяжы з Гомельскай вобласцю. Вёска, дарэчы, вядомая тым, што там знаходзіцца ўнікальны драўляны храм у гонар Святога Дзмітрыя Растоўскага — сёлета яму спаўняецца 113 гадоў. Кажуць, храм пабудаваны без адзінага цвіка. Зараз па ініцыятыве дэпутацкага корпуса праводзяцца работы па добраўпарадкаванні помніка мясцовага значэння ўрочышча Касцёл.
Па лініі Глабальнага экалагічнага фонду ў рамках рэалізацыі праекта «Майстэрня мясцовых экалагічных ініцыятыў для развіцця мікрарэгіёна» выдзелены грошы, на якія набыты ацыліндраваны брус для далейшага ўладкавання купелі.
У маі быў праведзены дзень бязвыплатнай працы, сродкі ад якога былі накіраваныя на добраўпарадкаванне гэтай тэрыторыі. Зараз вядуцца работы па ўзвядзенні купелі.
— Вакол «Іванавага хутара», дзе расце шмат рэдкіх для Беларусі дрэў і кустоў, у свой час было шмат размоў. Яго стваральнік 88-гадовы Іван Зотаў хваляваўся, што няма пераемніка. Зараз, чула, знойдзена выйсце са складанага становішча.
— Так. У рамках яшчэ аднага праекта на тэрыторыі Яноўскага сельсавета рэалізуецца ініцыятыва «Экатур у Шангры-Ла», што ў перакладзе азначае «райскі куток». Гэта якраз і ёсць той самы «Іванаў хутар» у вёсцы Брылёўка — дэндралагічны сад мясцовага значэння. ЮНЕСКА прызнала яго ўнікальным прыродным аб'ектам. Праект прадугледжвае там развіццё экатурызму. На дадзены момант вядуцца работы па добраўпарадкаванні і выдаленні пажухлай расліннасці. Прадугледжана будаўніцтва агароджы і малых архітэктурных формаў.
— У Краснаполлі вядуцца работы па рамонце фасадаў, праведзена замена тратуарнай пліткі. І гэта ў той час, калі райцэнтры скардзяцца на фінансавы голад...
— Сёлета нам былі ўручаны прэміі за прызавыя месцы ў трох конкурсах — двух абласных і адным рэспубліканскім. Сярод населеных пунктаў адпаведнай катэгорыі мы аказаліся найлепшымі ў краіне па добраўпарадкаванні за мінулы год і атрымалі прэмію ў памеры паўтары тысячы базавых велічынь. Плюс 225 «базавых» нам далі па выніках спаборніцтва па сацыяльна-эканамічным развіцці сярод гарадоў і раёнаў Магілёўскай вобласці. І дзве тысячы «базавых» уручылі па выніках абласнога спаборніцтва па санітарным стане і добраўпарадкаванні. Частка сродкаў пайшла на добраўпарадкаванне сквера — закуплены дзіцячыя гульнявыя комплексы, інструмент для падрэзкі расліннасці. Пэўная сума пойдзе на рамонт будынка, дзе нядаўна за кошт міжнароднай тэхнічнай дапамогі была створана ганчарная майстэрня. Там мы памяняем дах, а вонкавыя сцены будуць абшытыя сайдынгам. Часткова за прэміяльныя вядзецца рамонт дарог райцэнтра.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/krasnapolle-0