Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Дзмітрый Шаўцоў выступіў з дакладам на пленарным пасяджэнні 39-й Генеральнай асамблеі Міжпарламенцкай асамблеі Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (МПА АСЕАН), якая праходзіць у гэтыя дні ў Сінгапуры.
Даклад беларускага парламентарыя адпавядаў асноўнай тэматыцы асамблеі «За ўстойлівую і інавацыйную супольнасць», паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Дэпутат падкрэсліў, што Рэспубліка Беларусь ужо мае рэпутацыю незалежнага і эканамічна важнага партнёра ў сваім рэгіёне. Усе стратэгіі і праграмы, прынятыя на дзяржаўным узроўні, а таксама міжнароднае супрацоўніцтва накіраваны на падтрымку інавацый, прыцягненне замежных інвестараў і паляпшэнне ўмоў вядзення бізнесу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Эканамічная сістэма Рэспублікі Беларусь зацікаўлена ў будаўніцтве і развіцці інавацыйных і высокатэхналагічных вытворчасцяў, прадукцыя якіх будзе паспяхова рэалізоўвацца на знешніх рынках.
Беларускі парламент высока цэніць узаемадзеянне з парламентамі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі, якое развіваецца, і разглядае паглыбленне партнёрскіх сувязяў з МПА АСЕАН у якасці аднаго з прыярытэтных напрамкаў знешняй палітыкі Беларусі, падкрэсліў Дзмітрый Шаўцоў.
Рэспубліка Беларусь разглядае краіны Паўднёва-Усходняй Азіі як надзейных партнёраў у барацьбе з сучаснымі выклікамі і пагрозамі і гатова дзяліцца вопытам, абменьвацца навуковым і інавацыйным патэнцыялам для дасягнення ўстойлівага развіцця і стабільнасці, дадаў беларускі дакладчык.
У рабоце сесіі асамблеі прымае ўдзел каля 300 парламентарыяў з 10 краін — удзельніц АСЕАН (Бруней-Дарусалам, В'етнам, Інданезія, Камбоджа, Лаос, Малайзія, М'янма, Сінгапур, Тайланд, Філіпіны), а таксама з дзевяці парламентаў-назіральнікаў (Аўстралія, Беларусь, Усходні Тымор, Індыя, Кітай, Новая Зеландыя, Расія, Японія, Еўрапейскі парламент).
У рамках мерапрыемстваў сесіі Дзмітрый Шаўцоў правёў сустрэчы са старшынёй парламента Рэспублікі Сінгапур, старшынёй МПА АСЕАН Тан Чуан-Джынам, старшынёй Нацыянальнага сходу Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Пані Ятхоту, намеснікам старшыні парламента Усходняга Тымора Марыяй Ангелінай Лопез Сармента і міністрам юстыцыі Малайзіі
Д. Кеонгам.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-shaucou
[4] https://zviazda.by/be/tags/pasyadzhenne
[5] https://zviazda.by/be/tags/mpa-asean
[6] https://zviazda.by/be/tags/palityka