Пра гарманістаў з вёскі Меркулавічы Васіля Казлова і Любоў Галубіцкую ведае, бадай, кожны жыхар Чачэрскага раёна. Нягледзячы на адсутнасць прафесійнай адукацыі, яны сталі сапраўднымі віртуозамі ігры на гэтым інструменце і нават папулярнымі артыстамі свайго рэгіёна: без Васіля і Любові не праходзіць ніводнае вясковае свята альбо фестываль. Пра такіх талентаў кажуць: музыкі ад Бога. Нават не верыцца, што яны не ведаюць нот, іграюць толькі на слых і па памяці. Дзякуючы дуэту — а Васіль і Любоў часта разам (як на гэтым здымку) выконваюць народныя найгрышы, песні, танцы — захавалася і «Меркулавіцкая кадрыля», шэдэўр бытавых танцаў Пасожжа.
Васіль Казлоў першы раз узяў у рукі гармонік у пяцігадовым узросце, бо ў бацькоўскім доме было некалькі інструментаў — бацька быў найлепшым гарманістам. Цяпер Васіль Васільевіч працуе акампаніятарам у Меркулавіцкім сельскім Доме культуры.
Любоў Галубіцкая нарадзілася ў Хойніцкім раёне, пасля інстытута прыехала ў Меркулавічы працаваць настаўнікам нямецкай мовы. Пра сваё захапленне гармонікам яна кажа: «У пятым класе я прасіла ў маці купіць мне інструмент, нават плакала! Купілі толькі ў сёмым, калі мне ішоў чатырнаццаты год». Цяпер Любоў Аляксандраўна на пенсіі, але як музыкант працуе ў Музеі хлеба ў суседняй вёсцы.
Мне пашанцавала паслухаць, як меркулавіцкія гарманісты выконваюць беларускія побытавыя танцы: «картузэ», «суботу», «матлёт», «на рэчаньку», «карапэт», «базар», «падэспань», «чачэрскую польку». І вядома, сямікаленную «меркулавіцкую кадрылю».
Анатоль Кляшчук
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota-dnya
[4] https://zviazda.by/be/tags/garmonik