Напрыканцы жніўня Цэнтрабанк Аргенціны павысіў ключавую сямідзённую стаўку Lelіq да рэкордных 60 працэнтаў. Як вынікае з даных Банка міжнародных разлікаў — Bank for Іnternatіonal Settlements (BІS), — гэта самы высокі паказчык у свеце. У заяве аргенцінскага фінансавага рэгулятара адзначаецца, што такое насамрэч беспрэцэдэнтнае рашэнне было прынята ў адказ на рэзкае абясцэньванне нацыянальнай валюты, якая з пачатку гэтага года згубіла 54 працэнты свайго кошту. За адзін долар ЗША напрыканцы мінулага тыдня давалі 42 песа. Куды «выруліць» крызіс у лацінаамерыканскай краіне і ці здолее яна пазбегнуць дэфолту?
Ад дэпрэсіі да цуду
Аргенціна разам з Бразіліяй мае рэнамэ рэгіянальнага цэнтра сілы, з'яўляецца ўдзельніцай «Вялікай дваццаткі» і адной з самых багатых і паспяховых краін Лацінскай Амерыкі. У той жа час за ўсю двухвекавую гісторыю з моманту здабыцця незалежнасці ад іспанскай кароны гэтая дзяржава восем разоў перажывала дэфолт. За 15 гадоў «вялікай дэпрэсіі» (1975—1990 гг.) рост цэн падвойваўся кожныя чатыры месяцы. Да 1989-га ўзровень інфляцыі дасягнуў 1000 працэнтаў.
На працягу 1990-х экс-прэзідэнты Карлас Менем, а пасля Фернанда дэ ла Руа правялі неаліберальныя рэформы, садзейнічалі прытоку замежных інвестыцый і набралі значны аб'ём замежных крэдытаў. Часам гады кіравання Менема называюць аргенцінскім «эканамічным цудам». Ён прывязаў курс песа да долара і вызваліў замежных інвестараў ад падаткаў, прыватызаваў значную частку дзяржаўнай уласнасці. У здзелках на тэрыторыі Аргенціны выкарыстоўваліся як долар, так і песа. Казна недаатрымлівала прыбытак ад дзейнасці замежных інвестараў, і ў 1999-м пачаў зніжацца ўзровень ВУП, урад не здолеў ліквідаваць даўгі. Аднак Міжнародны валютны фонд адмовіўся аказаць дадатковую фінансавую дапамогу аргенцінскаму ўраду з-за неспрыяльнай сітуацыі ў краіне. У канцы 2001 года ў Аргенціне адбыўся дэфолт. Буэнас-Айрэс ахапілі беспарадкі і марадзёрства, а пасля таго як улады спынілі прывязку курса песа да долара, абясцэніліся зберажэнні насельніцтва ў нацыянальнай валюце.
Сітуацыю ў краіне здолеў стабілізаваць прэзідэнт Нестар Кіршнер (палітык левацэнтрысцкага кшталту), які ўзмацніў дзяржаўны кантроль над эканомікай, заахвочваў нацыянальных вытворцаў. У гады яго кіравання (2003—2007 гг.) павялічыліся аб'ёмы экспарту Аргенціны, а ўрад здолеў пагасіць даўгі, у тым ліку перад МВФ. Ён павялічыў дзяржаўныя выдаткі на сацыяльныя патрэбы і ставіў задачай пабудову сацыяльнага грамадства ў духу ідэй колішняга легендарнага прэзідэнта Хуана Перона. Аднак пасля смерці Нестара Кіршнера і прыходу да ўлады яго жонкі Крысціны эканамічная сітуацыя ў Аргенціне пачала пагаршацца.
На тыя ж граблі
Сеньёра Кіршнер за гады свайго прэзідэнцтва павялічыла дзяржаўныя выдаткі, нацыяналізавала шэраг ключавых аб'ектаў гаспадарчай дзейнасці. Дзяржаўны бюджэт пачаў расходавацца на розныя субсідыі, у тым ліку на прадметы штодзённага карыстання, напрыклад прыстасаванні для трансляцыі футбольных матчаў. Пры ёй павялічвалася выкарыстанне долара ў разліках на «чорным рынку», што ўплывала на скажэнне цэн. Такая палітыка працягвалася нават ва ўмовах замаруджвання эканамічнага росту. Пасля 2012-га ўзніклі цяжкасці, шмат у чым абумоўленыя тым, што Кітай пачаў закупляць менш аргенцінскай прадукцыі, уключаючы сою.
Маўрысіа Макра і яго ліберальна-кансерватыўная партыя «Рэспубліканскае рашэнне» ў складзе кааліцыі «Давайце зменім» прыйшлі да ўлады ў 2015-м на фоне грамадскай незадаволенасці палітыкай Кіршнер. Макра абяцаў зрабіць Аргенціну адкрытай эканомікай, каб цэны рэгулявалі попыт і прапанову на рынку, а не дзяржава. Аднак наступіў на граблі сваіх папярэднікаў-пераністаў. Пры ім зноў узмацнілася залежнасць краіны ад замежных інвестыцый і крэдытаў, у асноўным у доларах.
Плюс — на мінус
Шэраг аналітыкаў аднадушныя: Аргенціна — на мяжы фінансавага краху. Краіна перажывае рэцэсію ў эканоміцы, а інфляцыя блізкая да 30 працэнтаў. Па яе памерах толькі Венесуэла апярэджвае Аргенціну сярод дзяржаў Лацінскай Амерыкі. З-за інфляцыі растуць цэны на тавары і паслугі, якія павялічыліся на чвэрць у параўнанні з мінулым годам. Так, толькі сёлета за першыя чатыры месяцы кошт бензіну «дабавіў» 10 працэнтаў. З мінулага года ўзровень беспрацоўя ў Аргенціне вырас з 7,2 да 9,1 працэнта.
Краіна занадта шмат марнуе грошай і бярэ ў доўг. Дэфіцыт бюджэту складае 4 працэнты ад ВУП (звыш 728 млрд долараў). У чэрвені эканамічны рост запаволіўся на 6,7 працэнта. Між тым па выніках мінулага года сітуацыя складвалася больш аптымістычна. Летась ВУП павялічыўся на 2,9 працэнта. А на мінулым тыдні Міністэрства фінансаў Аргенціны перагледзела прагноз наконт валавога ўнутранага прадукту на бягучы год: цяпер чакаецца зніжэнне ВУП на адзін працэнт замест раней меркаванага яго росту на тры працэнты.
На гэтым фоне інвестары пачалі сумнявацца ў здольнасці ўрада пакрыць дзяржвыдаткі да канца наступнага года. Гульцы асцерагаюцца, што Аргенціна сутыкнецца з дэфолтам па сваіх абавязацельствах, патлумачыла анлайн-выданню gazeta.ru эксперт па міжнародных рынках «БКС брокер» Аксана Халадзенка.
Сітуацыя ў краіне склалася настолькі цяжкая, што прэзідэнт Аргенціны Маўрысіа Макра вымушаны быў звярнуцца з тэлезваротам, каб супакоіць расхваляваных інвестараў. Ён абвясціў аб пагадненні з Міжнародным валютным фондам (МВФ) паскорыць выплату ўсіх неабходных сродкаў для выканання фінансавай праграмы да снежня 2019 года. МВФ заявіў аб выдзяленні Аргенціне 50 мільярдаў долараў у чэрвені ў рамках крэдытнай лініі па праграме stand-by (SBA). Дапамога разлічана на тры гады.
У чэрвені Аргенціна атрымала першыя $15 млрд. Палова гэтай сумы была накіравана на падтрымку бюджэту. У верасні Буэнас-Айрэс павінен быў атрымаць другі транш — на $3 млрд. Як патлумачыў Макра, прадастаўленне сродкаў МВФ не будзе залежаць ад календара або ад выканання фінансавых мэтаў.
«Лепш замарозіць шклянку з доларамі»
Між тым на фоне чарговага пагаршэння сітуацыі па ўсёй Аргенціне прайшлі акцыі пратэсту. На вуліцах Буэнас-Айрэса маніфестанты выступалі супраць праграмы скарачэння бюджэтных выдаткаў. Так, у цэнтры сталіцы дзясяткі тысяч людзей арганізавалі шэсце пад лозунгамі ў абарону ўніверсітэтаў. Маніфестанты выказалі незадаволенасць з-за планаў урада абмежаваць дзяржаўны ўдзел у фінансаванні ВНУ. Таксама людзі асцерагаюцца паўтарэння дэфолту ў краіне і патрабуюць змяніць эканамічную палітыку. У мясцовых газетах друкуюць жарты пра крызіс і абменны курс. «Так мы пераступілі мяжу смерці» (паказваючы фатаграфію з абменным курсам), «Лепш замарозіць шклянку з доларамі ў халадзільніку», «Не чапай яго, ён ужо мёртвы» (ілюструючы жарт малюнкамі бітвы песа і долара) — так рэагуюць аргенцінцы на абвал мясцовай валюты.
Улічваючы, наколькі складаная цяпер сітуацыя ў эканоміцы Аргенціны, невядома, ці дапаможа крэдыт МВФ калі не выйсці з крызісу, то хаця б спыніць імклівае падзенне, адзначыў gazeta.ru аналітык інвестгрупы «Фінам» Аляксей Коранеў. «Калі аргенцінскі ўрад будзе дзейнічаць хутка і прафесійна, то ёсць шанцы, што хуткасць дэвальвацыі аргенцінскага песа знізіцца ці нават прыпыніцца. Хоць, хутчэй за ўсё, нават пры спрыяльным развіцці падзей нацыянальная валюта можа абясцэніцца яшчэ на 20—30 працэнтаў. У выпадку ж, калі выдзеленыя сродкі МВФ будуць выдаткаваныя неэфектыўна, краіну чакаюць сапраўды сур'ёзныя эканамічныя ўзрушэнні», — кажа эксперт. Па словах Коранева, эфектыўнасць павышэння ключавой стаўкі ў якасці барацьбы з дэвальвацыяй нацыянальнай валюты — мера вельмі сумніўная. «Наўрад ці яна можа аказаць істотную падтрымку песа, але створыць у эканоміцы краіны дадатковае напружанне, якое ў канчатковым выніку можа толькі пагоршыць сітуацыю», — кажа эксперт.
«Дрэнны» падатак
Аргенцінскае песа падае не толькі з-за праблем эканомікі, якія самі па сабе дастаткова сур'ёзныя, але і з-за таго, што ЗША ўзялі курс на прыцягненне капіталу і ўмацаванне долара, тлумачыць аналітык кампаніі «Алор» Аляксей Антонаў. Пры гэтым унутраны крызіс у Аргенціне пачаўся ў 2000-х гадах і з тых часоў працягвае тлець не спыняючыся, тлумачыць эксперт. «Адна з ключавых прычын крызісу — залежнасць эканомікі ад экспарту сыравіны і прыняцце ўрадам папулісцкіх мер. Спрабуючы ў такіх умовах патушыць крызіс валютнымі інтэрвенцыямі, чыноўнікі ў выніку проста патрацілі рэзервы», — адзначыў Аляксей Антонаў. Каб выбрацца з крызісу, Аргенціне трэба рашыцца на жорсткія рэформы, у прыватнасці банкаўскай і судовай сістэм.
На гэтым тыдні стала вядома, што краіна ўвядзе дадатковы падатак для экспарцёраў, каб налета закрыць дэфіцыт бюджэту, — на год раней, чым планавалася, заявіў аргенцінскі прэзідэнт па мясцовым тэлебачанні. Улады краіны «папросяць экспарцёраў», якія выйгралі ад рэзкага паслаблення аргенцінскага песа, павялічыць уклад у бюджэт. «Каб пакрыць дэфіцыт на працягу гэтага пераходнага перыяду, мы звяртаемся да тых з экспарцёраў, хто мае найбольшыя магчымасці», — заявіў Макра, перадае Reuters. Ён прызнаў, што падаткі на экспарт «дрэнныя», таму ўводзяцца толькі з-за крайняй неабходнасці. Акрамя таго, прэзідэнт краіны заявіў аб скарачэнні кабінета міністраў амаль напалову ў мэтах эканоміі бюджэту. «Гэта не «чарговы» крызіс. Ён павінен стаць апошнім», — заявіў Макра. Ва ўрадзе запэўніваюць, што зараз пагрозы дэфолту няма. Прэм'ер краіны Маркас Пенья нават заявіў, што «ўсё ідзе па плане», а эканоміка проста перажывае трансфармацыю. Час пакажа.
Тым часам
На днях экс-прэзідэнта Аргенціны Крысціну Кіршнер другі раз за месяц дапыталі па справе аб карупцыі ва ўрадзе ў перыяд, калі краінай кіравалі спачатку яе муж Нестар, а пасля і яна сама. Сведка з боку абвінавачання — кіроўца намесніка міністра планавання, які ў пачатку жніўня падаў следству свае запісныя кніжкі. У іх мужчына 12 гадоў адзначаў адрасы, па якіх адвозіў хабар, атрыманы ад будаўнічых і энергетычных кампаній. Яго сума, па звестках пракуратуры, перавышае $160 млн.
Паводле інфармацыі вядучага справу суддзі Клаўдыа Банадзіа, экс-прэзідэнт Крысціна Кіршнер разам з мужам стварыла «злачынную арганізацыю, якая складаецца з дзяржслужачых», члены якой бралі хабар у прадпрымальнікаў у абмен на дзяржкантракты. Акрамя гэтага, за апошнія тры гады пракуратура вінаваціла экс-прэзідэнта ў перашкодзе расследавання тэракта ў Буэнас-Айрэсе 1994 года, здрадзе радзіме, махінацыях і маніпуляванні Цэнтрабанкам, растраце бюджэтных грошай. Палітык адмаўляе віну па ўсіх пунктах і заяўляе, што яе пераследуюць па палітычных матывах.
Чарада скандалаў не перашкодзіла Крысціне Кіршнер прайсці ў Сенат у 2017 годзе, не перашкодзіць і налета зноў стаць прэзідэнтам, лічаць прыхільнікі экс-прэзідэнта. У ліпені стала вядома, што яна плануе ісці на выбары. Аргенцінскі палітолаг Маркас Навара растлумачыў «Коммерсанту»: нягледзячы на звязаныя з экс-прэзідэнтам крымінальныя справы, іншыя кандыдаты ад яе партыі здаюцца «малапрывабнымі». Больш за тое, да чарговай серыі допытаў яе падтрымлівала не менш аргенцінцаў, чым дзеючага прэзідэнта Маўрысіа Макра. У пачатку чэрвеня агенцтва Synopsіs апублікавала вынікі апытання, згодна з якім у першым туры Крысціна Кіршнер абышла б любога саперніка.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] https://zviazda.by/be/tags/kantynenty
[5] https://zviazda.by/be/tags/argencina