Першай у краіне дажынкі адсвяткавала Брэсцкая вобласць. Самы заходні гарадок самага заходняга рэгіёна рэспублікі сустрэў удзельнікаў абласнога фестывалю-кірмашу надзвычай убраным і прыгожым.
Інфраструктура былога райцэнтра гадамі абнаўлялася па астаткавым прынцыпе. Дайшло да таго, што гадоў з дзесяць таму гараджане сталі збіраць подпісы за ўваходжанне пяцітысячнага горада ў склад Брэсцкага раёна. Вось тады на Высокае звярнулі ўвагу. Многае было зроблена па мадэрнізацыі, рамонце аб'ектаў за апошнюю пяцігодку. Але перад святам у Высокае зноў уклалі добрыя грошы. Фактычна за паўгода добраўпарадкавалі вуліцы, цэнтральную плошчу, сквер. Адрамантавалі дарогі і дамы. Другое дыханне атрымалі Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзіцячы садок, гарадскі Дом культуры, музычная школа, бальніца і паліклініка.
І менавіта з падзякі за гэту вялікую работу ў невялікім гарадку пачаў сваё выступленне на дажынках старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС. Губернатар падкрэсліў, што свята адыдзе ў гісторыю, а ўсё пабудаванае і рэканструяванае застанецца на доўгія гады. Кіраўніцтва ж вобласці мае намер працягваць практыку правядзення дажынак у малых гарадах.
Сцяг дажынак даверылі ўзняць найлепшаму ў гэтым сезоне камбайнеру — Аляксандру Юшчуку з ААТ «Камароўка» Брэсцкага раёна. Не нашмат адсталі ад лідара Сяргей Бурак з ААТ «Жарабковічы» Ляхавіцкага раёна і Аляксандр Кіндрук з ААТ «Дварэцкі» Лунінецкага раёна. Героямі дня сталі таксама кіроўцы, аператары зернесушыльных комплексаў, спецыялісты і кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў. І ўпершыню за доўгія гады пераможцам спаборніцтва ў вытворчасці збожжа прызнаны Лунінецкі раён. А самы важкі каравай па агульным намалоце ўжо не першы раз атрымаў Баранавіцкі раён.
Усе, ад кіраўніка вобласці да механізатара, адзначалі бягучы год як надзвычай складаны для земляробаў, таму і не ўдалося дасягнуць леташніх паказчыкаў ураджайнасці. Але і атрыманыя 29 цэнтнераў збажыны з гектара ў гэтай сітуацыі выглядаюць дастойным вынікам, тым больш што гэта найлепшы вынік сярод абласцей краіны.
Увогуле, людзей сабралася шмат — думаю, што насельніцтва горада ў суботу павялічылася амаль удвая. Кірмаш парадаваў разнастайнасцю пачастункаў ды напіткаў. На кожнай з загадзя падрыхтаваных пляцовак праходзілі канцэрты, гучала музыка. Самадзейныя артысты адзначылі свята ўраджаю ўдарнай працай. Не смешачкі вам: цэлы дзень радаваць публіку выступленнямі. І галоўны канцэрт на цэнтральнай плошчы, і невялікія імправізаваныя прайшлі на ўзроўні.
Да святкавання арганізатары прымеркавалі адкрыццё гандлёвага цэнтра «Санта Рытэйл» па вуліцы Сацыялістычнай і пляцоўкі міні-футбольнага поля са штучным пакрыццём на школьным стадыёне. І гэта ўдала ўпісалася ў праграму: урачыстыя цырымоніі пераразання стужак апладысментамі падтрымалі шматлікія гледачы.
Цікава, што на свята ў Высокае прыехала многа жыхароў Брэста. Самыя актыўныя потым дзяліліся ўражаннямі проста ў зале аўтавакзала. Аказваецца, яны ездзяць на падобныя мерапрыемствы з ахвотай. (Былі і на Дні пісьменства ў Іванаве тыдзень таму.) Праўда, чакаць транспарту ім даводзіцца доўга і дабіраюцца з праблемамі. Не дадумаліся арганізатары пусціць некалькі дадатковых аўтобусаў у абласны цэнтр. Варта ўлічыць гэта на наступных дажынках.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/dazhynki