Да музея Напалеона Орды ў Варацэвічы аўтобус наважыўся было ехаць праз ферму. Самая паспяховая ў раёне, патлумачыў удзельнікам міжнароднага круглага стала гаспадар, старшыня Іванаўскага райвыканкама Юрый Бісун.
Ведаў, што гаворыць з пісьменнікамі, — і быў шчыры ў сваім гонары. Яны шчыра пашкадавалі: а вось бы ўбачылі гэтую частку жыцця Беларусі, тую, што звычайна не ляжыць на шляху замежных гасцей. А ім важна ведаць рэальны твар краіны. Можа, таму з задавальненнем літаратары з розных краін наведваюць свята пісьменства, якое дае магчымасці знаёміцца з рознымі рэгіёнамі Беларусі. Потым яны нават адлюстроўваюць свае адчуванні ў новых творах, натхнёных Беларуссю, — ёсць не адзін прыклад, які сведчыць пра гэта. На думку тых, хто прыязджае на наша свята, Беларусі ў плыні глабалізацыі культур удаецца захоўваць сваю непаўторнасць. Мы самі сёння схільныя сумнявацца і спрачацца з гэтым, але, кажуць, вялікае бачыцца на адлегласці. Адлегласць на мапе пераадолець часам больш проста, чым адлегласць паміж культурамі: тут патрэбна разуменне не толькі этнічных адметнасцяў, але і веданне гістарычных варункаў, што перажыў народ, абазнанасць у сучасным ладзе жыцця і зацікаўленасць у стане грамадства. Пра гэта ішла гаворка падчас міжнароднага круглага стала «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднога», з удзельнікамі якога (і іх думкамі) мы знаёмілі нашых чытачоў напярэдадні. Але гаворка, тон для якой задаў міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ, узняла больш вострыя пытанні як для айчыннай культуры, так і для сусветнай супольнасці.
Працэсы глабалізацыі выклікаюць страту цікавасці да самабытнасці народаў, якія губляюць ідэнтычнасць, як вынік — збядненне нацыянальных літаратур. Гэта тое, што на паверхні. Але адметнасць часу — калі прадстаўнікі нейкага народу аказваюцца ў іншым культурным асяродку, у іх абуджаецца цікавасць да сваіх каранёў.
У Рэспубліцы Башкартастан ёсць раён, дзе пражываюць беларусы, распавяла начальнік аддзела па моўнай палітыцы Упраўлення адукацыі Адміністрацыі гарадской акругі горада Уфы паэтка Зульфія ХАНАНАВА. Уявіце сабе, у вёсцы пад блізкай нам назвай Балтыка адкрыты рэспубліканскі гісторыка-культурны цэнтр, і там у пачатковых класах вывучаецца беларуская мова. У бібліятэцы можна пачытаць беларускія кнігі. З 1936 года ў гэтай рэспубліцы друкаваліся творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі, Максіма Танка, Андрэя Александровіча... Пераклады ажыццяўляюцца і цяпер.
Госця з Уфы адзначыла, што хацелася б больш расказаць пра сучасную башкірскую прозу і паэзію, але сучасныя адукацыйныя федэральныя стандарты не дазваляюць у поўнай меры вывучаць родныя мовы. Гэта пагражае знікненню нацыянальнай літаратуры... Але ёсць моладзь, апантаная творчасцю. Напрыклад, аповесць Айгіза Баймухаметава «Не пакідай мяне, мама» перакладзена на многія мовы, а ў перакладзе на казахскую яна стала бестселерам года.
Пісьменнік, паэт, публіцыст Валерый КАЗАКОЎ працягнуў размову на тэму суадносінаў «глабалітэту» і «лакалітэту»: «Калі ёсць нацыянальная літаратура, яна сама па сабе з’яўляецца глабальнай і інтэрнацыянальнай. Калі ж яна размытая і не мае сваіх каранёў, не памятае свайго паходжання, свайго бацьку і маці, то гэта не зусім тая літаратура, якой яна ёсць насамрэч. Можна прыкідвацца кім заўгодна, але ўсё адно мы ўсе маем карані, а значыць, і літаратура, і слова таксама маюць гэтыя карані. Але калі на той жа беларускі Дзень пісьменства прыязджаюць літаратары з усяго свету, то ён становіцца глабальным. Так жа і любая добрая літаратурная з’ява, як правіла, выходзіць за межы нацыянальнай культуры». Валерый Казакоў — расійскі пісьменнік, што мае беларускія карані і заўсёды радуецца, калі ўдаецца нешта новае адкрыць для сябе на радзіме. Напрыклад, яго ўразіла, што назва горада Іванава з’явілася толькі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Дагэтуль горад называлі Янаў-Палескі. Сапраўды, прыклад узаемаўплыву культур, за якім страчваецца гісторыя і губляецца сувязь пакаленняў. Але так ці інакш, сапраўднае перамагае час і вяртаецца — праз назвы і згадкі — у сучаснасць.
Так, гасцей вельмі ўразіў сам факт, што радавое гняздо Дастаеўскіх — Дастоева знаходзіцца ў Іванаўскім раёне Беларусі. Да якой літаратуры мы адносім Дастаеўскага — рускай альбо беларускай? Ці гэта той выпадак, калі вартыя словы павінны належыць свету.
Таму патрэбныя сустрэчы пісьменнікаў, патрэбныя кантакты перакладчыкаў: праз іх мы сапраўды пачынаем бачыць адзін аднаго. А пабачыўшы, імкнёмся зразумець культуру і краіну наогул: чым тут жывуць людзі, чаму яны мысляць так ці інакш, як будуць сябе паводзіць у той ці іншай сітуацыі.
«Важна казаць пра тое, што сучасных маладых аўтараў перакладаюць вельмі мала — было б добра рабіць гэта больш, — адзначыў галоўны рэдактар расійскай «Раман-газеты» Юрый Казлоў. — Напрыклад, у Расіі ёсць вялікі недахоп і ў веданні беларускай літаратуры 1920—1930-х гадоў: у савецкі час усё гэта замоўчвалася. Але ж у той перыяд былі цудоўныя пісьменнікі, якія моцна пацярпелі, як, напрыклад, Тодар Кляшторны. Гэта літаратура амаль не перакладаецца і не вядомая расійскаму чытачу. Думаю, нам ёсць над чым працаваць разам».
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота ЯНіны ГАРАДЗЕЦКАЙ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/larysa-cimoshyk
[2] https://zviazda.by/be/tags/litaratura