Пашкоджаныя кляшчом парэчкі выкарчавалі. Ці можна на гэтым месцы саджаць новыя?
Клешч жыве толькі на парэчках, у глебе яго не бывае. Таму трэба спаліць усе раслінныя рэшткі і можна смела саджаць новы куст, унёсшы ў пасадачную яму адно-два вядры перагною.
Іншая рэч, калі на гэтым месцы парэчкі раслі гадоў дзесяць, а то і дваццаць. Тады лепш гады тры-чатыры тут вырошчваць агародніну, уносячы шчодрыя дозы гною або перагною. І толькі праз гэты тэрмін зноў высаджваць ягаднікі.
Таксама непажадана саджаць пасля пладовых дрэў новыя саджанцы. Трэба даць глебе мінімум тры гады, каб адпачыць. У выпадку калі чакаць нельга і трэба тэрмінова пасадзіць, капаецца вялікая яма, уносіцца шмат перагною і высаджваюцца саджанцы як бы на новае месца.
Пры гэтым трэба выконваць правіла: пасля семечкавых культур (айва, яблыня, груша, рабіна і інш.) саджаюць костачкавыя (вішня, сліва, чарэшня, алыча, абрыкос і інш.). Справа ў тым, што ў першыя тры-чатыры гады ў глебе раскладаюцца карані, вылучаючы шкодныя для новых саджанцаў рэчывы.
Пазбегнуць гэтых праблем можна, калі пасадзіць маладое дрэва непадалёк і два-тры гады не прыбіраць старое. За гэты час саджанец адужае і каранёвыя вылучэнні не будуць для яго небяспечныя.
Для барацьбы са стамленнем глебы карысна прытрымлівацца пладазмены ў рамках трох цыклаў. Першы цыкл аб'ядноўвае малалетнія расліны — суніцы, агароднінныя і кветкавыя культуры. Яны могуць быць узаемазамяняльнымі: агароднінныя — штогод, а суніцы на агароднінныя — праз два-тры гады.
Другі цыкл ахоплівае паўкустовыя і кустовыя расліны, якія па пладазмене заменныя паміж сабой, а ў цэлым або часткова праз 8—12 гадоў з раслінамі першага цыкла.
Трэці цыкл (шматгадовы) ахоплівае драўняныя пладовыя — костачкавыя і семечкавыя. Пароды трэцяга цыкла можна памяняць месцамі з раслінамі першага або другога цыкла. Участак з дрэвамі трэцяга цыкла трэба разбіць напалову, каб абнаўляць яго склад не адразу, а з разбежкай у 6-7 гадоў. Гэта выраўняе паступленне ўраджаю па гадах.
Можна зрабіць так, каб даўгавечныя пароды — яблыня і груша — займалі 50 % плошчы ўчастка, костачкавыя пароды — 10 %, ягадныя кусты — 10 %, маліна — 10 %, суніца — 10 %, агародніна — таксама 10 %.
На ўчастку ў шэсць сотак канкрэтныя плошчы парод будуць у гэтым выпадку такія: семечкавыя — 300 м2, костачкавыя пароды, ягадныя кусты, агародніна, маліны і суніцы — па 60 м2.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/tags/sad-i-agarod