Браты Іван і Сяргей Шэлесты з вёскі Гарадная Столінскага раёна ўсур'ёз узяліся за працяг спрадвечнага вясковага рамяства — ганчарства. Кожны з іх набыў сучасны ганчарны круг, і на бацькоўскім падворку, калі дазваляе надвор'е, яны разам робяць і традыцыйны посуд, і гліняныя сувеніры. Яшчэ школьнікамі Шэлесты навучыліся ў старых рамеснікаў ганчарнай справе, і цяпер іхнім рукам падуладна ўсё: замешваць гліну, выцягваць з яе розныя формы на крузе, абпальваць гатовы посуд.
Старэйшы Іван скончыў Пінскі індустрыяльны каледж, папрацаваў у аб'яднанні «Пінскдрэў», але вярнуўся ў родную вёску, стаў кіраўніком дзіцячага гуртка Цэнтра ганчарства. Сяргей працуе выкладчыкам фізкультуры ў каледжы машынабудавання, часта ўдзельнічае ў кірмашах майстроў і фестывалях, сёлета на «Славянскім базары» ў Віцебску на конкурсе ганчароў за свае работы атрымаў прызавое месца. Ён таксама падумвае заняцца толькі глінай.
А вось самы малодшы з братоў Максім (на фота ў цэнтры) яшчэ вучыцца ў школе. І ўсё-такі, калі старэйшыя збіраюцца разам, сядаюць за кругі, працуюць, Максім назірае за рухамі майстроў, сам спрабуе нешта рабіць і, вядома, дапамагае.
Анатоль КЛЯШЧУК, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota-dnya