178 рагуляў з суседняга ўкраінскага сельгаспрадпрыемства прыйшлі праз мяжу на пашу ў Столінскім раёне ў нядзелю вечарам. Ці то пастухі ў прамым сэнсе праспалі, ці то каровы ў адзін момант захацелі пакаштаваць замежнай травы і хуценька пабеглі на беларускі бок, цяпер невядома. Толькі памежны нарад аператыўна заўважыў факт нелегальнага пераходу мяжы жывёлай у напрамку Гарадзішча — Ніжні Церабяжоў.
Пакуль каровы елі траву і знаёміліся з беларускімі рагулямі («нелегалы» хутка змяшаліся са столінскім статкам), вартавыя мяжы праінфармавалі сваіх калег і вызначылі план дзеянняў.
Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік Пінскага пагранатрада Міхаіл Бут-Гусаім, на наступны дзень у рамках рабочай сустрэчы пасля выканання пэўных памежных фармальнасцяў кароў забралі іх гаспадары. Дарэчы, гэта не першы выпадак, калі буйная рагатая жывёла з суседняй краіны прыходзіць на Століншчыну. Гады два таму мяжу перайшлі 38 украінскіх кароў. Тады іх таксама перадалі суседзям.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] https://zviazda.by/be/tags/stolinski-rayon
[5] https://zviazda.by/be/tags/karovy