Учора распачаўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ва Узбекістан. Каля трапа самалёта ў міжнародным аэрапорце імя Іслама Карымава беларускага лідара сустракалі прэм'ер-міністр Узбекістана Абдула Арыпаў, міністр замежных спраў Абдулазіз Камілаў.
Адразу пасля прылёту ў Ташкент Аляксандр Лукашэнка ўсклаў кветкі да Манумента Незалежнасці і гуманізму і помніка Першаму Прэзідэнту Узбекістана Ісламу Карымаву, паведамляе БелТА.
У Ташкенце сёння кіраўнік дзяржавы правядзе перагаворы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым, якія пройдуць у вузкім фармаце і пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый. Чакаецца, што бакі асноўную ўвагу ўдзеляць пашырэнню гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, развіццю вытворчай кааперацыі і арганізацыі зборачных прадпрыемстваў па выпуску запатрабаванай ва Узбекістане тэхнікі.
На перагаворах таксама будзе абмяркоўвацца ўмацаванне ўзаемадзеяння па шэрагу напрамкаў — ад прамысловасці і сельскай гаспадаркі да гуманітарнай сферы і турызму. Размова пойдзе аб развіцці рэгіянальнага супрацоўніцтва як эфектыўнага інструмента нарошчвання гандлёва-эканамічных сувязяў. Плануецца, што прэзідэнты абмяняюцца меркаваннямі па актуальных пытаннях рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня.
Па выніках перагавораў чакаецца падпісанне пакета двухбаковых дакументаў аб пашырэнні супрацоўніцтва ў розных сферах і галінах.
Кіраўнікі дзяржаў плануюць наведаць беларуска-ўзбекскае прадпрыемства «Амкадор-Агратэхмаш» і выстаўку беларускіх вытворцаў Made іn Belarus.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[4] https://zviazda.by/be/tags/uzbekistan