Сустрэча на стадыёне «Зімбру» ў Кішынёве так і засталася без забітых мячоў — 0:0. Хоць адкрыць лік мелі шанцы абедзве каманды. Калі ў першым тайме ініцыятыва была на баку гаспадароў, то ў другім беларусы перахапілі перавагу ў валоданні мячом.
— Гульня была з пераменным поспехам: момантамі гаспадары валодалі ініцыятывай, момантамі мы, — каментуе матч галоўны трэнер зборнай Беларусі Ігар КРЫВУШЭНКА. — Адчуваліся напружанне, адказнасць: гульня была да мяча, але, на жаль, забіць яго не ўдалося. Атакуючыя дзеянні не зусім атрымаліся ў нас, таму вынік заканамерны. Мне падалося, што ў першым тайме хлопцы былі заціснутыя, я папрасіў, каб яны трошкі расслабіліся, асабліва ў зоне атакі. Сказаў, каб злавілі кураж, правялі ўзаемадзеянні, над якімі працавалі. Магчыма, гэтыя словы іх трошкі разняволілі. Нічыя на выездзе — гэта не самы дрэнны вынік. Наколькі я ведаю, зборная Малдовы таксама ставіць задачу выхаду далей. Усё яшчэ залежыць ад нас: гуляць дзве гульні з Люксембургам, Малдовай, Сан-Марына. Усё яшчэ ў нашых руках, — зазначыў настаўнік.
У той жа вечар у групе 2 дывізіёна D каманда Люксембурга ўпэўнена перайграла Сан-Марына — 3:0 і з шасцю ачкамі ўзначаліла турнірную табліцу. Трэці тур у Лізе нацый адбудзецца 12 кастрычніка, зборная Беларусі згуляе ў гэты дзень дома з Люксембургам.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/futbol