Чарговы раз прафесіяналы і наўпрост не звязаныя з мастацтвам і літаратурай таленавітыя людзі маюць магчымасць звярнуць на сябе ўвагу і атрымаць узнагароду за творчую працу: Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі абвясціла пра конкурс на саісканне прэміі ў галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці.
Адзначаецца, што дакументы і матэрыялы для ўдзелу прымаюцца да 1 снежня 2018 года, а ў маі наступнага адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў, якім уручаць восем прэмій. Пяць з іх атрымаюць аўтары, якія прадставяць адметныя творы ў галіне літаратуры і музыкі, тэатра ці кіно, жывапісу, скульптуры, графікі або прыкладнога мастацтва, а таксама лепшы твор аб прафсаюзах. Астатнія тры прэміі творцы атрымаюць за дасягненні аматарскіх калектываў мастацкай творчасці, за поспехі ў сферы журналістыкі. А за актыўную работу па развіцці народнага мастацтва і творчасці працоўных калектываў выберуць лаўрэата сярод кіраўнікоў прадпрыемтваў і арганізацый, прафсаюзных і ведамасных устаноў культуры і старшынь прафсаюзных арганізацый.
— Папулярнасць прэміі расце з кожным годам, колькасць намінантаў павялічваецца. Здараецца, што на некаторыя намінацыі конкурс дасягае 10 на адну прэмію, — заўважыў старшыня галоўнага ўпраўлення па культуры і грамадскай рабоце апарата Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Глеб Лапіцкі. — Гэта своеасаблівы вынік працы чалавека, і кожнаму творцы важна, каб яго працу заўважалі і падтрымлівалі. Адзначыць нейкую намінацыю асобна не магу, аднак найбольш актыўныя ўдзельнікі, якія прадстаўляюць развіццё аматарскай творчасці, прысвячаюць работы тэме прафсаюзаў. Галоўная мэта прафсаюзаў на месцах — данесці інфармацыю, каб чалавек ведаў пра магчымасці вылучыцца на прэмію, і, вядома, пасадзейнічаць у афармленні іншых арганізацыйных пытанняў.
Конкурс заснаваны ў 1989 годзе і праходзіць кожныя два гады. У розны час лаўрэатамі станавіліся многія знакамітыя дзеячы Беларусі. Галоўнае, што прэтэндэнтамі на атрыманне прэміі могуць стаць не толькі прафесіяналы, але і аматары.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/naviny