Праз літаратурна-мастацкую выстаўку, якая экспануецца ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, гучыць тэма Мядзельшчыны, яе жыццяпіс, пачынаючы з ХVIІ ст. Возера Нарач, горад Мядзел, гарадскі пасёлак Свір, вёскі Засвір, Мікольцы, Пількаўшчына, Альшэва — гісторыя гэтых мясцін звязана з імёнамі слынных паэтаў, пісьменнікаў, фалькларыстаў, асветнікаў: Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Казіміра Сваяка, Адама Гурыновіча, Уладзіміра Дубоўкі, Максіма Танка...
Нездарма мерапрыемства ладзіцца ў межах музейнага праекта «Літаратурныя падарожжы»: мастацкая частка экспазіцыі складаецца з серыі пастэльных замалёвак мастачкі Аксаны Аракчэевай, створаных падчас адмысловых вандровак-пленэраў па «краі пісьменнікаў».
Літаратурна-дакументальную частку экспазіцыі ствараюць матэрыялы з фондаў музея. Адзін з самых унікальных прадметаў, які можна пабачыць на выстаўцы, — драўляны футарал, зроблены Язэпам Драздовічам для рукапісаў (мастак сябраваў з Казімірам Сваяком, наведваўся да яго ў госці, і ў нефармальнай абстаноўцы яны абмяркоўвалі літаратурныя пытанні). Таксама на вітрынах прадстаўлены асабістыя рэчы пісьменнікаў: ручкі, акуляры, дзённікі.
Ёсць куток на зямлі:
Дзень адзін пражывеш —
Назаўсёды цябе зачаруе...
Паэтычныя радкі Максіма Танка — прызнанне ў любові да роднай Мядзельшчыны — гучаць як пасыл для кожнага беларуса: трэба любіць месца, дзе ты ўпершыню пабачыў блакіт нябёсаў, дзе зрабіў першыя крокі насустрач жыццю.
Выстаўка «“Ёсць куток на зямлі...”: Мядзельшчына ў замалёўках Аксаны Аракчэевай» чакае наведнікаў да канца верасня.
Яна БУДОВІЧ
Фота Эліны Свірыдовіч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yana-budovich
[2] https://zviazda.by/be/tags/naviny