22 верасня ў вёсцы Сёмкава Мінскага раёна на базе адпачынку “Алімпіец” пройдзе абласны этап штогадовага рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла 2018”. Яго ідэйным натхняльнікам выступае Мінская абласная арганізацыя БРСМ пры падтрымцы ўсіх зацікаўленых. Пачатак мерапрыемства ў 12.00.
Сёлета за званне лепшай, працавітай, маладой і сучаснай сельскай сям'і будуць змагацца 22 сям'і з усіх куткоў Міншчыны. Ім трэба будзе крэатыўна прадставіць сваю гаспадарлівасць і гасціннасць у конкурсе візітных картак “Вітаем па-беларуску", паказаць уменні ў “хуткаснай” запрэжцы-распрэжцы каня (конкурс “Наезнікі”), рубцы і складзіраванні дроў (конкурс “Дрывасекі”), прафесіяналізм у вырабе лавачак (конкурс “Спрытнюгі”), прайсці сельскую спартыўную эстафету на лепшы час. Таксама кожная сям'я-ўдзельніца пройдзе інтэлектуальную віктарыну на лепшае веданне сваёй малой радзіма (конкурс «Інтэлектуалы сяла”).
Свае падворкі і ўклад жыцця сучаснай сям'і, якая жыве ў вёсцы, удзельнікі абласнога этапу праекта прадэманструюць у інтэрнэт-конкурсе відэаролікаў “Вось маё” .Ужо некалькі дзён у групе Мінскага абласнога камітэта БРСМ у сацыяльнай сетцы “УКантакце” “Моладзь Міншчыны” ідзе гарачы анлайн-“батл”: балельшчыкі сем'яў-удзельніц і проста неабыякавыя аддаюць свае “лайкі” самай гаспадарлівай і гасціннай сям'і — менавіта па колькасці віртуальных сэрцайкаў журы ў дзень правядзення абласнога этапу і вызначыць пераможцу конкурснай намінацыіі.
Судзіць конкурс у гэтым годзе будзе кампетэнтнае журы, у склад якога запрошаны і леташнія “ўладары” Міншчыны і ўсёй краіны — сям'я Літвінавых з Капыльскага раёна.
Сям'я-пераможца абласнога этапу рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла 2018” акрамя галоўных узнагарод і прызоў атрымае права прадстаўляць Мінскую вобласць у фінале праекта, які пройдзе 6 кастрычніка ў Слуцку.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/uladar-syala-1