Учора каля сталічнага аддзялення паштовай сувязі № 62 адбылася прэзентацыя аўтаматызаванай паштовай прылады самаабслугоўвання з убудаваным тэрміналам аплаты паслуг — паштамата.
— Паштаматы прызначаны для перанакіравання міжнародных рэгіструемых паштовых адпраўленняў і закліканы забяспечыць кліентам дадатковы сэрвіс, адначасова зніжаючы нагрузку на аддзяленні паштовай сувязі, а таксама спрыяючы памяншэнню чэргаў, — зазначыў начальнік упраўлення тэхнічнага і сеткавага ўзаемадзеяння Белпошты Аляксей ЦВІРКО.
Для перанакіравання яго пасылкі ў любы з паштаматаў кліенту неабходна зарэгістравацца ў асабістым кабінеце на сайце РУП «Белпошта» і адзін раз прайсці ідэнтыфікацыю ў найбліжэйшым да паштамата аддзяленні паштовай сувязі, прад'явіўшы пашпарт або пасведчанне кіроўцы.
Паштаматы карэктна працуюць пры тэмпературы ад -30 да +40 градусаў па Цэльсіі. Кожная прылада абсталявана трыма камерамі відэаназірання і змяшчае шэсць шаф па дзевяць ячэек у кожнай. Максімальная нагрузка на паліцу ячэйкі складае каля 30 кілаграмаў. Кожная ячэйка забяспечана антывандальным замком.
На сённяшні дзень РУП «Белпошта» выкарыстоўвае 20 паштаматаў: 11 у сталіцы, па адным у кожным абласным цэнтры, а таксама ў Оршы, Лідзе, Барысаве і Бабруйску.
У перспектыве пашырэнне сеткі паштаматаў звязана з развіццём інтэрнэт-гандлю, дзе дастаўка з'яўляецца важным звяном транспартна-лагістычных працэсаў. Асабліва гэта датычыцца так званай апошняй мілі — дастаўкі тавару канчатковаму пакупніку. Паштаматы ў значнай меры спрашчаюць гэты этап як для пакупнікоў, так і для прадаўцоў.
Таццяна ТКАЧОВА
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/taccyana-tkachova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/belposhta