Камедыяй «Несцерка» па п'есе Віталя Вольскага традыцыйна распачаўся новы тэатральны сезон (93-і па ліку) у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Цікава, што гэты спектакль упершыню быў паказаны віцебскім тэатрам у маі 1941 года. «Несцерка» — візітоўка коласаўцаў.
А ў дзень нараджэння тэатра, 21 лістапада, будзе прэзентаваная новая версія спектакля «Сымон-музыка». Упершыню яго паставілі каля сарака гадоў таму.
Як адзначыў мастацкі кіраўнік тэатра Міхась Краснабаеў, гэта будзе спроба па-сучаснаму «прачытаць, асэнсаваць» аднайменную паэму Якуба Коласа.
Творчых планаў у калектыву багата. У ліку прэм'ер у недалёкай будучыні — трагікамедыя «Гутаркі з Сакратам» паводле п'есы Эдварда Радзінскага. Галоўную ролю даверылі выканаць аднаму з найстарэйшых артыстаў на постсавецкай прасторы — 84-гадоваму народнаму артысту БССР Тадэвушу Кокштысу. Ён у тэатры імя Якуба Коласа з 1958 года, сёлета ў артыста знакавы творчы юбілей.
Коласаўцы таксама плануюць прэм'еру камедыі «Бабін бунт», паводле шолахаўскіх апавяданняў...
Дзіцячы рэпертуар сёлета дапоўніць спектакль «Пэпі-Доўгая панчоха».
У новым сезоне ў тэатры спрабуюць вырашыць і кадравую праблему.
— Мы ў пошуку таленавітых, па-добраму апантаных маладых людзей, якія хацелі б не толькі служыць у тэатры, але і менавіта ў правінцыяльным Віцебску. У абласным цэнтры няма кінастудыі, іншых магчымасцяў дадаткова рэалізаваць сябе ў творчым пытанні, ды і падзарабіць... Працуем над кадравай праблемай, — эмацыянальна прызнаўся карэспандэнту «Звязды» мастацкі кіраўнік.
Паводле слоў дырэктара тэатра Аляксандра Старых, цэны на білеты дэмакратычныя: на спектакль для дзяцей — усяго 4,5 рубля, на прэм'ерны для дарослых — 8,5-9 рублёў, а на тыя, якія ўжо паказвалі, — да 8 рублёў.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/teatr
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya
[5] https://zviazda.by/be/tags/teatr