Такую заяву зрабіў Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе з членамі ўрада ў Палацы Незалежнасці.
Прэзідэнт адзначыў, што запрасіў прысутных, каб абмеркаваць вынікі перамоваў з расійскім бокам па актуальных пытаннях двухбаковых адносін. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што хоча праінфармаваць прысутных у тым ліку таму, што асноўная частка перамоў прайшла сам-насам з Уладзімірам Пуціным.
"Вядома, што перамовы доўжыліся шэсць гадзін, нават больш, напэўна. Калі шчыра, то гэта, вядома, былі нават не складаныя - цяжкія перамовы, але дзейсныя", - падкрэсліў беларускі лідар.
Далей Прэзідэнт агучыў пытанні, якія былі абмеркаваны, і коратка выказаўся па тых рашэннях, якія былі прынятыя.
Пра палітыку
Па словах кіраўніка дзяржавы, першае пытанне больш датычылася Прэзідэнтаў і абмяркоўвалася адзін на адзін. Гэта палітычныя аспекты па ўзаемаадносінах дзвюх дзяржаў у рамках ЕАЭС, СНД, АДКБ і - што самае галоўнае - далейшага будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Ён дадаў, што закранулі тэму старшынства ў АДКБ, развіцця гэтай арганізацыі. "Шмат увагі мы надалі балючым пытанням у рамках СНД, якія датычацца нашых абедзвюх дзяржаў, перш за ўсё – Украіне. У вельмі пазітыўным ключы быў дыялог, асабліва з боку Прэзідэнта Расіі. Я думаю, што гэтыя пытанні будуць яшчэ абмяркоўвацца перш за ўсё ў Душанбэ праз тыдзень . Ну і не абыдзем мы іх 12 кастрычніка ў Магілёве падчас Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, на якім будуць абодва Прэзідэнты і кіраўнікі ўрадаў ", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пра сельскую гаспадарку
Акрамя таго, немалая ўвага была ўдзелена разгляду пытанняў развіцця сельскай гаспадаркі і ўзаемных прэтэнзій па пастаўках айчыннай сельгаспрадукцыі з тэрыторыі Беларусі на тэрыторыю Расіі.
"Тут ёсць поўнае разуменне, мы прыйшлі да высновы, што літаральна на працягу тыдня будзе выпрацаваны індыкатыўны баланс, гэта значыць план узаемных паставак сельгаспрадукцыі ў Беларусь і наадварот, - заявіў Прэзідэнт. - Было пастаўлена пытанне жорстка ў другім пасяджэнні ў шырокім складзе аб тым, што нам нядобра дзейнічаць такім чынам, як мы зараз дзейнічаем, асабліва з боку Расіі: нешта не спадабалася - зачынілі прадпрыемства. І сёння чатыры з паловай дзясяткі прадпрыемстваў малакаперапрацоўчых і, напэўна, два з паловай дзясяткі мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў у поўным аб'ёме не маюць магчымасці пастаўляць сваю прадукцыю на расійскі рынак".
Беларускі лідар звярнуў увагу, што Уладзімір Пуцін далажыў яму пра гэту сітуацыю, што гэта няправільна і непрымальная, гэта трэба выпраўляць. На яго думку, да канца года гэтая сітуацыя будзе кардынальна зменена. Што тычыцца ўзаемных паставак, то ўжо было адзначана, што на працягу тыдня балансы будуць падрыхтаваны і падпісаны міністэрствамі або віцэ-прэм'ерамі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што віцэ-прэм'еры ўжо дзве дарожныя карты распрацавалі па рашэнні гэтых праблем, але да ўчарашняга дня яны ў поўным аб'ёме так і не былі вырашаны.
Пра машынабудаванне
Асаблівая ўвага пры сустрэчы сам-насам была ўдзелена машынабудаўнічым комплексам, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "У тым ключы, што нам не варта паўтараць адну і тую ж вытворчасць, ствараючы прадпрыемства, асабліва ў Расіі. Калі ў нас, дапусцім, ёсць вытворчасць БЕЛАЗ, то навошта падобнае прадпрыемства ствараць у Расіі па выпуску аўтамабіляў вялікай грузападымальнасці? Няма такой неабходнасці , - канстатаваў Прэзідэнт. - Звернута была ўвага на працу па кааперацыі, як гэта было і раней. Поўнае паразуменне Прэзідэнта Расіі. Але ўся бяда ў тым, што мы там дрэнна працуем. Дрэнна мы яшчэ працуем са сваімі калегамі - міністр з міністрам, віцэ -прэм'ер з віцэ-прэм'ерам".
Таксама бакі гаварылі аб роўных умовах гаспадарання, аб так званым утілізацыйным зборы.
Пра фінансы
Акрамя таго, на перамовах паднялі цэлы блок фінансавых праблем. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ўжо вельмі даўно Еўразійскі банк эканамічнага развіцця прыняў рашэнне аб выдзяленні Беларусі крэдыту ў памеры двух мільярдаў долараў, было атрымана пяць траншаў, застаўся шосты і сёмы. "Я не бачу ніякіх праблем з выдзяленнем шостага траншу, і, як было заяўлена, можна вырашыць пытанне і па сёмым траншы - усё залежыць ад таго, як перш за ўсё беларускі бок у гэтым кірунку будзе працаваць. Думаю, што гэта вырашальнае пытанне. Шосты транш Беларусь атрымае ў найбліжэйшы час, сёмы - гэта ўжо справа актыўнасці, перш за ўсё, беларускіх членаў урада", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, абмеркавалі пытанне аб рэфінансаванні доўгу ў мільярд долараў. "Тут таксама адарвання не было ніякага", - дадаў ён.
Яшчэ была закранутая тэма пра падаўжэнне тэрміну вяртання крэдыту на будаўніцтва атамнай станцыі і зніжэнне працэнтнай стаўкі. Чым гэта было матывавана? Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што тэрміны па будаўніцтве расійскім бокам былі парушаныя, пакуль адкладаецца запуск першага блока на год. Беларускага лідара праінфармавалі, што магчымая сітуацыя, пры якой расійскі бок папросіць яшчэ зрушыць тэрміны, што "ужо наогул недапушчальна". " Мы, вядома, не хочам ісці ў суды там, судзіцца, як гэта па дамове. Мы дамовіліся аб тым, што тэрмін вяртання крэдыту трэба падоўжыць і працэнтная стаўка павінна быць не горшая, чым для іншых дзяржаў, - падкрэсліў беларускі лідар. - Гэта прыкладна да 3%. Непрыняцця ніякага. Трэба проста дапрацаваць гэтае пытанне, і я думаю, што мы можам вырашыць гэтае пытанне ў тым ключы, у якім я толькі што сказаў".
Пра мяжу
Яшчэ адно пытанне - рашэнне праблемы перасячэння беларуска-расійскай мяжы грамадзянамі трэціх краін. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, фактычна мяжы ў нас няма. Ён прывёў у прыклад сітуацыю: калі хтосьці едзе з Германіі, то яго могуць вярнуць з беларуска-расійскай мяжы на, дапусцім, латвійска-расійскую, каб ён перасёк яе там - і гэта нармальна. "У гэтым напрамку нам трэба будзе працаваць, і разуменне ў гэтым ёсць. Гэта ў інтарэсах і Расіі, і Беларусі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Пра нафту
Пра адно з галоўных пытанняў перамоваў было сказана ў завяршэнні ўступнага слова. Яно звязана з вяртаннем грашовых сродкаў ад ператаможкі сырой нафты ў беларускі бюджэт. Яшчэ адзін важны аспект - перапрацоўка ў Беларусі цёмных нафтапрадуктаў, да прыкладу, мазуту, які набываўся у расійскіх кампаній, але пазней рэалізоўваўся на беларускім і замежных рынках. "Гэта няпростае, складанае пытанне. Мы выпрацавалі два варыянты, і дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі, што мы гэтыя два варыянты абмяркуем у Мінску і ў Душанбэ канчаткова ўзгоднім рашэнне гэтага пытання. Фактычна яно вырашана, трэба выбраць той ці іншы варыянт. Сёння мы і абмяркуем з вамі, які варыянт, паглыбіўшыся ў тыя дамоўленасці, якія мы дасягнулі з Расійскай Федэрацыяй", - дадаў Прэзідэнт.
Пра грузаперавозкі
Таксама казалі пра грузаперавозчыкаў. Па словах кіраўніка дзяржавы, гэта ненармальна, што Расія, выдаючы дазвол на перавозку грузаў беларускім фурам (на колькасць паездак), павялічыла для Польшчы, Літвы, Латвіі іх аж у тры разы за апошнія тры гады, у той жа час знізіўшы іх для беларускіх перавозчыкаў. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што гэта здзівіла Уладзіміра Пуціна, магчыма, яго проста не інфармавалі па гэтым пытанні, але Прэзідэнт Расіі згадзіўся, што гэта ненармальна і мы павінны выправіць гэтую сітуацыю.
Дарэчы, бакі ўздымалі тэму тытунёвага рынку і акцызаў.
На самой нарадзе ў Палацы Незалежнасці Прэзідэнт прапанаваў удзельнікам падумаць пра тое, як гэтыя дамоўленасці будуць рэалізоўвацца, перш за ўсё - па ператаможцы, пастаўках у Беларусь нафтапрадуктаў, прыроднага газу і яго аплаты з беларускага боку.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Як паведамляе БЕЛТА [4], прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дадаткова абмеркавалі і знайшлі рашэнне па галоўным пытанні сочынскай павесткі перамоваў. Адпаведны тэлефонная размова лідараў дзвюх краін адбылася пасля нарады, якая прайшлау ў Мінску. Пра гэта расказалі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Па ініцыятыве расійскага боку адбылася тэлефонная размова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Кіраўнікі дзяржаў ўдакладнілі шэраг пытанняў, якія напярэдадні абмяркоўваліся на перамовах у Сочы. У прыватнасці, канчаткова вырашана пытанне аб выкананні дамоўленасцей па паступленні ў бюджэт Беларусі сродкаў ад мытных пошлін за сырую нафту і аб разліках Беларуссю за пастаўляемы прыродны газ кампаніі "Газпром", - праінфармавалі ў прэс-службе.
Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка на мінулай нарадзе заявіў, што самае галоўнае пытанне, якое абмяркоўвалася на сочынскіх перамовах, было звязана з вяртаннем грашовых сродкаў ад "ператаможкі" сырой нафты ў беларускі бюджэт, а таксама пытанне перапрацоўкі ў Беларусі цёмных нафтапрадуктаў. "Гэта няпростае, складанае пытанне. Мы выпрацавалі два варыянты і дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі, што мы гэтыя два варыянты абмяркуем у Мінску. І ў Душанбэ (на палях саміту СНД, які мае адбыцца) канчаткова ўзгоднім вырашэнне гэтага пытання, - сказаў Прэзідэнт . - Але фактычна яно вырашана. Трэба выбраць той ці іншы варыянт".
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] http://belta.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[6] https://zviazda.by/be/tags/rasiya
[7] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[8] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-pucin