Жыхар паўднёва-заходняй кітайскай правінцыі Сычуань Лін Хань пазбавіўся магчымасці хадзіць пяць гадоў таму пасля падзення з чацвёртага паверху будынка падчас працы. Нядаўна ён зноў зрабіў першыя крокі. На дапамогу яму прыйшла найноўшая тэхналогія - электронны экзашкілет, прыстасаванне распазнае імпульсы цягліц, якія пераводзяць іх у механічныя рухі, перадае “Жэньмінь жыбаа” анлайн” [3].
Робат-шкілет чацвёртага пакалення распрацаваны камандай даследнікаў на чале з Чэн Хунам, выканаўчым дырэктарам Цэнтра робататэхнікі пры ўніверсітэце электроннай навукі і тэхнікі ў Чэнду - сталіцы правінцыі Сычуань.
"Дзякуючы нашай працы Кітай стаў чацвёртай краінай пасля ЗША, Ізраіля і Японіі, якая паспяхова распрацавала рабатызаваны шкілет", - адзначыў Чэн Хун, назваўшы сваё стварэнне вынікам складанага міждысцыплінарнага даследавання, якое датычнае механічнай інжынерыі, медыцыны, інжынерыі чалавечых фактараў і камп'ютэрных тэхналогій.
Робат-шкілет вышынёй каля метра і вагой 23 кг зроблены з авіяцыйнага алюмінія. На ім размешчана шэсць механічных суставаў і сем сэнсараў. Робат-шкілет замацоўваецца на грудзях, жываце і нагах пацыента. Тазасцегнавыя сэнсары распазнаюць імпульсы цягліц верхняй часткі цела пацыента і перадаюць іх у камп’ютар, які праз блок кіравання аддае каманды робату. Атрымаўшы сігнал, робат з сервапрыводнымі электрарухавікамі на сцёгнах, каленях і ступнях дапамагае пацыенту крочыць.
Робат-шкілет ужо дапамог Лін Ханю і яшчэ больш за 100 паралізаваным пацыентам зноў падняцца на ногі. Навізна робата-шкілета чацвёртага пакалення, па словах распрацоўшчыкаў, заключаецца ў больш "разумных" сенсарах, здольных выразней распазнаваць намеры пацыента і тым самым забяспечваць больш свабодную ўзаемасувязь паміж машынай і карыстальнікам.
Тым не менш, нават з робатам-шкілетам пацыенту патрабуецца выкарыстоўваць кій для захавання балансу цела, гэта значыць рукі ў яго павінны быць здаровымі. Таму пакуль робат можа дапамагчы толькі людзям, чый пазваночнік пашкоджаны не вышэй шостага груднога пазванка.
Як праінфармаваў Чэн Хун, яго каманда ўжо прыступіла да распрацоўкі робата-шкілета пятага пакалення, здольнага распазнаваць нервовыя імпульсы мозгу пацыента. Такі робат дазволіць хадзіць таксама людзям з пашкоджаннямі пазваночніка вышэй шостага груднога пазванка, і абяцае стаць новым істотным прарывам у сферы штучнага інтэлекту, запэўніў Чэн Хун.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/u-svece
[2] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[3] http://russian.people.com.cn/
[4] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya