Шырокімі ўяўляюцца стасункі паміж пісьменнікамі Беларусі і Казахстана. Як новы праект — знаёмства з сучаснай беларускай літаратурай на старонках штогадовага літаратурна-мастацкага альманаха «Литературная Алма-Ата».
Поруч з такімі вядомымі ў Цэнтральнай Азіі пісьменнікамі, як Бахытжан Канап'янаў, Бахыт Кенжэеў, Нурлан Аразалін — публікацыі празаічных і паэтычных твораў беларускіх аўтараў. У казахстанскім альманаху выступаюць Юлія Алейчанка, Людміла Рублеўская, Віктар Шніп, Таццяна Сівец, Вадзім Краковіч, Алесь Бадак. Змешчаны і артыкул пра сучасны літаратурны працэс у Беларусі. Ініцыятыва прадстаўлення нашых пісьменнікаў у Казахстане гэтым разам здзейснілася дзякуючы вядомаму літаратуразнаўцу кандыдату філалагічных навук Святлане Ананьевай. Вось што яна гаворыць з гэтай нагоды:
— Часта зазіраючы ў Беларусь, Мінск, прымаючы ўдзел штогод у Днях беларускага пісьменства ў розных рэгіёнах вашай цудоўнай краіны, я пераканалася, што сучасную беларускую літаратуру павінны ведаць чытачы іншых краін. З цікавасцю чытаю і прозу, і паэзію. Уважліва сачу за здабыткамі творчай моладзі. Мне добра знаёма тое, што пішуць і друкуюць па-беларуску і ў перакладзе на рускую мову Юлія Алейчанка, Таццяна Сівец, Маргарыта Латышкевіч, Алесь Емяльянаў-Шыловіч... Лічу, што ў вас вельмі моцныя маладыя паэты. І веру, што з часам нават у Алматы альбо Астане выйдзе нешта накшталт анталогіі «Маладая паэзія Беларусі».
Рыхтуецца новы выпуск алмацінскага літаратурна-мастацкага альманаха. І, несумненна, беларусы зноўку будуць сярод яго аўтараў.
Мікола БЕРЛЕЖ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikola-berlezh
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-litaratura