Першы месяц быў самы складаны. Сынок увесь час крычаў. Снедаць, а таксама ажыццяўляць усе ранішнія рытуалы даводзілася з перапынкамі. Кашу прыгатую — ем ужо халодную: муж з малым ужо не спраўляўся.
Першыя тыдні жыцця малому была патрэбна толькі мама. Прызвычаіўшыся за дзевяць месяцаў да майго сэрцабіцця, сынок меў штохвілінную патрэбу ў знаёмым яму гуку. Астатняе — бразготкі, татава «агуканне» і дзіцячыя песенькі, уключаныя на смартфоне, — на яго доўга не дзейнічала. Дабіцца штылю ўдавалася, стварыўшы малому ўмовы па правіле трох «ц»: ціха, цёпла і цёмна. Не без выключэнняў — патрэбны былі яшчэ і маміны грудзі.
Прыбраць у кватэры альбо нешта прыгатаваць я магла тады, калі Арцемій з бацькам ці з бабулямі, што прыехалі на дапамогу, гуляў на вуліцы, — здаецца, толькі там ён і спаў. Займацца іншым хатнім клопатам даводзілася позна вечарам, калі, стаміўшыся ад сваёй жа актыўнасці і расслабіўшыся ў вадзе з рамонкам ці чарадой, ён, нарэшце, засынаў без ужо ўведзенага ў канон калыхання. Хоць дзве гадзіны, але яны ў мяне былі.
Што такое нармальны сон, я не ведаю дагэтуль. Быццам прайшоўшы школу маладога байца, я навучылася праглытваць цэлую талерку ежы за некалькі хвілін, адзявацца, як той салдат пасля каманды «пад'ём», рабіць манікюр і замаўляць талоны да дзіцячых урачоў падчас прагулкі на вуліцы, наводзіць парадак дома, калі лічаныя хвіліны малое знаходзіцца ў кагосьці на руках.
Парадак, канешне, гучна сказана. Спачатку гэткі вэрхал мяне, чысцюлю са стажам, моцна раздражняў. Толькі, як аказалася, з дзецьмі інакш не бывае. Спяшаючыся і раскідаючы ўсё на сваім шляху, збіраешся з малым на прагулку, увечары пад крык рыхтуеш яму ванну, носячы з кухні гарачую ваду і разбаўляючы яе халоднай, нервова шукаеш на тэрмометры патрэбную тэмпературу. Малое тым часам надрываецца — і тут голад не цётка.
Калі з хранічным недасыпам я амаль змірылася, то да спецыяльнай дыеты, вядома, гатова не была. Меркавала, што пасля нараджэння дзіцяці прыйдзецца адмовіцца ад салодкага і шматлікай колькасці любімых мною страў, але таго, што буду хадзіць паўгалодная (есці штодзень ялавічыну з грэцкай кашай, як рэкамендаваў урач, я проста не магла), нават не ўяўляла. Ужо ў радзільні пасля выпітай шклянкі яблычнага соку, які разлівала ў палаце жанчына ў белым халаце, на шчацэ майго сыночка з'явілася чырвоная пляма. Трэба было выбіраць: альбо я атрымліваю асалоду ад ежы, альбо маё дзіця не пакутуе ад алергіі.
Цяпер я ем практычна ўсё. Каб хоць крыху выспацца, стараюся класціся разам з малым. На раскіданыя па пакоі цацкі і іншыя дзіцячыя дэвайсы гляджу з усмешкай. Відаць, так і выглядае шчасце.
Вераніка КАНЮТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[5] https://zviazda.by/be/tags/mamin-dzyonnik