Завоссе Баранавіцкага раёна, як цяпер прынята гаварыць, малая радзіма велічыні сусветнай літаратуры Адама Міцкевіча. Той, пра якога Пушкін з гонарам гаварыў: «Ён паміж намі жыў», вярнуўся ў родны край, куды заўсёды імкнулася яго душа, праз 200 гадоў. Вярнуўся ва ўдзячнай памяці нашчадкаў. Менавіта да 200-годдзя з дня нараджэння вялікага сына радзіма аддала належнае яго асобе. У 1998 годзе была адноўлена і ўрачыста адкрыта сядзіба, дзе Адам з'явіўся на свет.
Адроджаны маёнтак
Дарэчы, гэта быў першы маштабны культурна-гістарычны праект Брэсцкай вобласці па ўзнаўленні былых маёнткаў. Пазней адраджэнне перажылі сядзібы Касцюшкі, Нямцэвічаў, Ружанскі ды Косаўскія палацы. А тады, роўна 20 гадоў таму, у Завоссі адкрылі музей. Яго стваралі на пустым месцы па малюнках Эдварда Паўловіча і Напалеона Орды. Праўда, падчас раскопак знайшлі частку фундаментаў, якія даволі добра захаваліся. Таму сядзібны дом і іншыя пабудовы стаяць на тых самых падмурках, дзе яны былі два стагоддзі таму.
Музей-сядзібу адкрылі для наведвальнікаў 8 верасня 1998 года. Яна ўяўляе сабой шляхецкі двор другой паловы ХVІІІ стагоддзя. Дахі драўляных будынкаў пакрылі, як і тады, чаротам. У цэнтры — аднапавярховы дом з ганкам, насупраць яго свіран, далей абора, гумно, студня-журавель, лазня. Двор абнеслі агароджай, бо ў тыя часы казалі: «Шляхціч у сваёй загродзе роўны ваяводзе». Сядзіба размешчана паміж палёў побач з гарой Жарнова, якую Міцкевіч згадвае ў сваіх творах. А да 1994 года тут зусім нічога не было, чыстае поле.
Памяць захавала толькі зямля з ацалелымі падмуркамі. А яшчэ засталася старая ліпа. Паводле ацэнак спецыялістаў, ёй не менш за 200 гадоў. Яе пакалечыў удар маланкі, але ад старога камля адрасло новае дрэўца. Так што ліпа, якая адна, відаць, з усяго цяперашняга маёнтка, помніць Адама, здаецца, і адыходзіць у нябыт не збіраецца. Гэтае дрэва абавязкова паказваюць экскурсантам. Цікава, што побач са старой ліпай выраслі клён з бярозай, якія абняліся камлямі. Такія вось дзівосы прыроды параджае тутэйшая зямля. А яшчэ цішыня, спакой, нейкая ўнутраная раўнавага, якая апаноўвае праз некалькі хвілін знаходжання ў фальварку, робяць яго асабліва прывабным. Сюды хочацца зноў вярнуцца, не дарэмна ж паэт у чужых краях пісаў: «Калі ж дазволіш, Божа, мне ў той край вярнуцца, з выгнання горкага, каб дома апынуцца...»
Дом-музей
Загадчык гэтай музейнай установы, якая з'яўляецца філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Віктар ДМУХОЎСКІ запрашае ў дом-музей. З ганку трапляем у сенцы. Яны дзеляць, як звычайна ў такіх дамах, сядзібу на дзве паловы. Адна палова — жылая, панская, другая — гаспадарчая для чэлядзі. Дзверы направа вядуць у вялікі пакой — сталовую-гасцёўню, далей яшчэ адна гасцёўня і спальня. За ёй ёсць невялікі пакой, дзе, паводле падання, і нарадзіўся будучы паэт. Цяпер у тым пакоі стаіць пісьмовы стол з крэслам ХVІІІ стагоддзя, а сцяну ў гасцёўні ўпрыгожвае вялікі дыван з перакрыжаванымі шаблямі. Інтэр'ер стваралі, кіруючыся апісаннямі з паэмы «Пан Тадэвуш». Як вядома, у многім гэты твор аўтар пісаў са свайго жыцця.
Цікавы для наведвальнікаў і двухпавярховы свіран. На першым паверсе месцяцца гаспадарчыя прылады і прыстасаванні: бочкі для квашання агуркоў і капусты, кубельцы для сала, засекі для збожжа. На версе — летняя хата, пакойчык Адама, дзе ён начаваў летам, калі прыязджаў сюды на вакацыі ды сустракаўся з любай Марыляй.
У музеі вам абавязкова раскажуць, што менавіта тут напярэдадні Калядаў 1798 года жонка адваката Мікалая Міцкевіча Барбара з роду Маеўскіх нарадзіла сына. Прозвішча Міцкевіч у тутэйшых мясцінах даволі распаўсюджанае. Паходжанне паэта часцей за ўсё вызначаюць так: з апалячанай беларускай шляхты. Сям'я была небагатая, жыла з бацькавых заробкаў. А калі галава сям'і памёр, удава з пяццю дзецьмі пазнала і нястачу. Менавіта маці была першай настаўніцай Адама, яна вучыла сына пісаць і чытаць, прывівала цікавасць да музыкі і паэзіі. А яшчэ яго вучылі нянькі, тутэйшыя жыхаркі. Ад іх ды старога слугі Аблажэя чуў будучы паэт народныя песні, казкі, паданні. З дзіцячых гадоў ён ведаў легенду пра горад, які паглынула возера Свіцязь. Таму ёсць нагода сцвярджаць, што менавіта гэтая зямля зрабіла з яго паэта, бо тут ён спасціг музыку гуку. Варта пачытаць балады «Свіцязянка», «Свіцязь», «Рыбка». Незвычайнае возера славілася не толькі сваёй крыштальнай чысцінёй, але і гаючай сілай, яно параджала легенды. У яго ваколіцах кожны станавіўся крыху паэтам.
Найлепшыя гады і вечны сум
А ў Туганавічах, зусім недалёка ад Свіцязі, жыла прыгажуня Марыля Верашчака, першае і, магчыма, адзінае светлае ўзнёсла-рамантычнае пачуццё паэта. Каханне, якому, на жаль, не суджана было збыцца. Калі яны пазнаёміліся, Марыля была заручаная з графам Путкамерам. Перажытыя імгненні шчасця ператварыліся ў вечны сум. У большасці твораў паэта, напісаных цягам усяго жыцця, можна знайсці водгукі таго кахання. Можа яшчэ і таму ён усёй душой імкнуўся ў родныя мясціны падчас свайго доўгага выгнання.
Ёсць меркаванне, што менавіта ў Завоссі Адам Міцкевіч пражыў свае найлепшыя гады. Усё яго далейшае жыццё шчаслівым бадай што не назавеш. Забягаючы крыху наперад, працытую Герцэна. У «Былым і думах» чытаем: «Мяне ўласна цікавіла адна асоба — Адам Міцкевіч; я яго ніколі раней не бачыў. Ён стаяў ля каміна абапёршыся локцем на мармуровую дошку. Хто бачыў яго партрэт, прыкладзены да французскага выдання і зняты, здаецца, з медальёна Давіда д'Анжэ, той мог адразу пазнаць яго, нягледзячы на вялікія змены, унесеныя гадамі. Шмат думак і пакутаў адлюстраваліся ў яго твары, хутчэй літоўскім, чым польскім. Агульная выява яго фігуры, галавы з пышнымі сівымі валасамі і стомленым поглядам выражала перажытае няшчасце, знаёмства з унутраным болем, экзальтацыю нягод, гэта быў пластычны вобраз лёсаў Польшчы».
Выгнанне
У 1815 годзе Адам стаў студэнтам Віленскага ўніверсітэта. Там ён сустрэў сяброў-аднадумцаў, з імі марыў аб служэнні радзіме. У 1817 годзе разам з таварышамі яны стварылі тайнае маладзёжнае «таварыства філаматаў», што азначала «аматараў навукі». З часам суполка перайшла ад сяброўскіх сходаў, дзе чыталіся вершы, апавяданні, вяліся спрэчкі да смелых планаў па падрыхтоўцы моладзі да патрыятычнай барацьбы. Ужо ў студэнцкія гады яго справай душы становіцца паэзія, у 1822 годзе выйшаў першы паэтычны зборнік. А ў 1823 годзе на той час малады ковенскі настаўнік становіцца паэтам агульнанацыянальнага значэння. Выходзяць у свет паэмы «Дзяды», «Гражына». Але тут здарылася няшчасце. Улады выйшлі на след нелегальных гурткоў. Паэт быў арыштаваны і змешчаны ў келлю віленскага манастыра, які ператварылі ў турму. Тады яго таварышы атрымалі суровыя прысуды: крэпасць, ссылка, салдатчына. Міцкевіча сябры старанна выгароджвалі, таму яго пакаранне было дастаткова мяккім: высылка з Літвы ва «ўнутраныя» губерні Расіі. У кастрычніку 1824 года ён пакінуў родны край, як аказалася, назаўсёды.
Але рускае грамадства прыняло выгнанніка надзвычай прыязна. У Маскве ў салоне княгіні Валконскай наш зямляк сышоўся з вядомымі літаратарамі, а ў 1826 годзе адбылася яго сустрэча з Пушкіным. Паэты сталі сябрамі, разам бывалі на літаратурных вечарынах, перакладалі адзін аднаго.
Але і рускі перыяд жыцця паэта быў нядоўгім. Над сумным рамантыкам зноў збіраліся хмары, і ў 1829 годзе ён выехаў за мяжу, каб ніколі ўжо не вярнуцца на радзіму. Большая частка еўрапейскага перыяду жыцця прайшла ў Парыжы, там ён і быў пахаваны. Потым рэшткі перавезлі ў Кракаў.
Радзіма ў творах Міцкевіча
Міцкевіч заўсёды называў сваёй радзімай «Літву» і пра беларускую мову выказваўся з нязменнай павагай. А польскую паэзію ён зрабіў вядомай усяму свету, вывеў яе з палацаў і салонаў і загаварыў простымі пранікнёнымі словамі, якія жылі нават у сялянскай хаце. Ён піша пра чалавечыя справы і пачуцці, пра людзей, што жывуць побач.
А паэма «Пан Тадэвуш»?! Цудоўны гімн цяперашнім Навагрудчыне і Баранавіччыне, лясам і палям, працавітым людзям. У паэме выкарыстаны мясцовыя казкі і легенды. Тут шмат беларускіх слоў (покуць, вырай, рунь), ёсць і мясцовыя дыялекты, якія да гэтай пары жывуць у краі Міцкевіча. Ну, напрыклад, выраз «ачамярэў ты мне» сустракаецца ў рэпліках герояў «Пана Тадэвуша». Так гавораць і ў навакольных вёсках пра таго, хто надта надакучыў. Супрацоўніца музея Таццяна Калоша кажа, што ў творах паэта вялікае мноства мясцовых слоў і выразаў.
Пад вечным небам паэта
У суботу, 29 верасня, адбудзецца вялікая імпрэза з нагоды 220-й гадавіны з дня нараджэння Адама Міцкевіча. Са старшынёй Сталовіцкага сельскага Савета Мікалаем ГРЫБАВЫМ заязджаем у сядзібу, калі там поўным ходам ідуць работы па добраўпарадкаванні.
— Тут заўсёды чысціня і парадак, — расказвае Мікалай Уладзіміравіч, — але перад прыездам гасцей хочацца зрабіць яшчэ лепш. Баранавіцкі лясгас праводзіць замену агароджы, за 20 гадоў яна папсавалася, жыллёва-камунальная служба дала тэхніку і людзей, каб скасіць траву, тут жа вялікія плошчы, ААТ «Птушкафабрыка «Дружба» таксама дапамагае ў добраўпарадкаванні.
Вялікая работа тут была праведзена ў 2015 годзе, напярэдадні мерапрыемства па лініі ААН, — працягвае кіраўнік мясцовай улады. — І тады і цяпер штаб па правядзенні работ узначальваў старшыня райвыканкама Васіль Хвацік. Другога падобнага аб'екта няма ў раёне, таму можна сказаць, што мы ўсім раёнам любім гэты музей і праяўляем адпаведны клопат. Думаю, што госці, якія прыедуць сюды ў суботу, застануцца задаволеныя.
Загадчыца навукова-асветніцкага аддзела Дзяржаўнага музея беларускай літаратуры Эліна СВІРЫДОВІЧ расказала, што літаратурна-мастацкае свята, якое рыхтуецца ў музеі-сядзібе Міцкевічаў «Завоссе», назвалі «Адамаў шлях пад вечным небам»:
— Паэт напісаў некалі: «Як Богу — божы свет, так мой уласны дом на радзіме быў шырокім светам усіх маіх вытокаў...» і яшчэ: «Вялікае шчасце было нарадзіцца на гэтай зямлі» — так ён казаў пра сваё Завоссе, месца вядомае ў Беларусі і за яе межамі. Імя славутага земляка, слава і творчасць класіка сусветнай літаратуры яднае культурныя прасторы краін. Завоссе стала месцам сумеснай памяці суседніх з намі народаў, якія таксама лічаць Міцкевіча сваім паэтам. Адам Міцкевіч не дзеліць нас, а аб'ядноўвае, пашырае сяброўскае паразуменне народаў у культурным дыялогу.
У праграме свята значыцца канцэрт «Ёсць у мяне зямля, край светлых мрояў», экскурсіі па сядзібе, выстаўка «Дзяды» Адама Міцкевіча: гісторыя душы», літаратурна-грамадская акцыя «Чытаем класіка разам», «Горад майстроў», «Бібліятэчны марафон», займальныя квэсты, гульні, заняткі на дзіцячай інтэрактыўнай пляцоўцы.
Ёсць магчымасць паехаць на свята з Мінска. Ад'езд у 8.30 ад Траецкага прадмесця каля Вострава слёз.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Баранавіцкі раён
Фота аўтара і з архіва Сталовіцкага сельскага Савета
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/adam-mickevich
[5] https://zviazda.by/be/tags/zavosse