Мінбудархітэктуры прапануе будаваць кватэры з паменшанай плошчай па больш даступных цэнах. Пра гэта паведаміў журналістам міністр архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрый Мікулёнак, каментуючы праект стратэгіі развіцця будаўнічай галіны Беларусі да 2025 года, які абмяркоўваўся на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна, паведамляе БелТА.
— Мы маем намер прапанаваць планіроўкі кватэр (такая задача ўжо стаіць), якія будуць аптымізаваны ў параўнанні з тым, што цяпер ёсць на рынку, каб максімальна аптымізаваць кошт самой кватэры. Гэта значыць, мінімум на 10—15 % паменшыць плошчу прапанаваных аднапакаёвых, двухпакаёвых, трохпакаёвых кватэр , — расказаў Дзмітрый Мікулёнак.
Адказваючы на пытанне аб прагнозе па сярэднім кошце квадратнага метра, міністр адзначыў, што ён будзе трымацца ў дыяпазоне сярэдняй зарплаты, як гэта назіраецца цяпер. Што датычыцца якасці работ, то, як лічыць Дзмітрый Мікулёнак, гэта не пытанне стратэгіі да 2025 года, а бягучае пытанне адказнасці ўсіх задзейнічаных у будаўніцтве.
Дзяржзабудоўшчыкі таксама будуць больш актыўна працаваць на рынку індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва.
— Асноўныя пункты развіцця будаўнічай галіны — гэта арыентацыя на масавага спажыўца. Безумоўна, будзем змагацца за рынак індывідуальнага будаўніцтва. Там працуюць у асноўным прыватныя прадпрымальнікі, але мы маем намер адваяваць частку рынку, — заявіў міністр.
Адно з прапанаваных новаўвядзенняў — стварэнне электроннай базы будаўнічых аб'ектаў, што, паводле папярэдніх ацэнак, дапаможа скараціць дакументаабарот у два разы. Такая электронная сістэма акумулюе ўвесь дакументаабарот працэсу будаўніцтва (ад першапачатковых дазволаў на будаўніцтва да дакументаў на знос аб'екта). Гэта дазволіць у патрэбны момант пры рэканструкцыі, капрамонце знайсці неабходныя дакументы, што сёння бывае зрабіць праблематычна, растлумачыў Дзмітрый Мікулёнак.
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyo
[4] https://zviazda.by/be/tags/budaunictva-0