Прэзідэнт у цэлым ухваліў праект Указа "Аб кіраванні выкарыстаннем радыёчастотнага спектра". Але — з некаторымі дапрацоўкамі. Аб гэтым па выніках нарады ў Аляксандра Лукашэнкі расказаў міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Канстанцін Шульган.
На нарадзе Аляксандр Лукашэнка папрасіў міністра растлумачыць, для чаго неабходны такі ўказ. "Мы шмат гадоў працуем па кіраванні радыёчастотным спектрам. Быццам бы, не было ніякіх пытанняў... Што, няправільна кіравалі, няправільна размяркоўвалі? Хтосьці плаціць, не плаціць? Што новага такога, каб Прэзідэнт вяртаўся да гэтага пытання?" — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы ў Канстанціна Шульгана.
Акрамя таго, беларускі лідар папрасіў адказаць на іншае пытанне, якое вынікае з першага:
"Мы ў цяперашніх умовах нарматыўна-прававога рэгулявання гэтай праблемы працаваць не можам? Калі не можам, ну што ж, тады будзем звяртацца да гэтага пытання і рыхтаваць адпаведны ўказ Прэзідэнта, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта значыць, комплекс пытанняў, звязаны з праектам цяперашняга ўказа".
Таксама Прэзідэнт пацікавіўся ў міністра, якая сітуацыя ў сферы (нагадаем, на пасаду Канстанцін Шульган заступіў ў сярэдзіне жніўня), а таксама спытаў пра найбліжэйшыя планы.
Па словах Канстанціна Шульгана, указ можна падзяліць на тры часткі. Першая — асноўная — гэта напрацоўка тых момантаў, якія ўзніклі пры кіраванні раней. Неабходна прывесці юрыдычную базу ў адпаведнасць з практыкай работы для таго, каб рашэнні прымаліся мабільна, лішні раз не трэба было разважаць, што правільна, а што не, дадаў ён. Па словах міністра, такіх момантаў у прапанаваным праекце ўказа — каля 90 %.
У прыватнасці, у праекце ўказа прапануецца наступнае:
Па выніках нарады Канстанцін Шульган пагутарыў з журналістамі.
Ён расказаў, што ўказ сапраўды спецыялізаваны, больш прафесійны. "Гэта работа ў нашай дзяржаве праводзілася, няма тых момантаў, без якіх мы не можам працаваць далей. Але разам з тым былі зроблены пэўныя акцэнты на тыя рэчы, якія трэба палепшыць, прадставіць па-іншаму", — сказаў Канстанцін Шульган.
На думку міністра, трэба палепшыць тое, што ўплывае на арганізатарскую работу, неабходную пры выдзяленні радыёчастотнага спектра. "З гэтым сутыкаюцца ўсе, сотавымі тэлефонамі карыстаемся. Мабільныя аператары атрымліваюць частку радыёчастотнага спектра, дзе арганізуюць перадачу сігналу для нашай сотавай сувязі, — сказаў ён. — Таму вось гэтыя моманты яшчэ трэба дапрацаваць. Так было сказана Прэзідэнтам".
З нагоды свайго першага месяца на пасадзе міністра Канстанцін Шульган адзначыў, што кіраўніка дзяржавы цікавіла пытанне, як міністэрства гатова да выканання тых задач, якія былі агучаныя падчас яго прызначэння. "Былі зроблены пэўныя ўказанні па фарміраванні, змене пад гэтыя задачы самой структуры і штата Міністэрства сувязі без павелічэння колькасці. Таксама былі вызначаны пытанні ўзаемадзеяння з іншымі прадпрыемствамі, якія працуюць у сферы лічбавізацыі эканомікі, тыя галіны, якія ў першую чаргу, напэўна, павінны будуць укараніць новыя тэхналогіі, каб мы атрымалі нейкі эфект. Была ўдзелена ўвага, што гэта міністэрствы аховы здароўя, адукацыі, Парк высокіх тэхналогій", — дадаў ён.
Што датычыцца перадачы часткі радыёчастотнага спектра пад сетку 5G, то тут міністр расказаў, што неабходныя частоты не занятыя, іх можна вылучаць, але існуе асаблівасць цаны ў залежнасці ад той частаты, якая неабходна для гэтай тэхналогіі.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/suvyaz
[4] https://zviazda.by/be/tags/radyyo