Калі бываю на вясковых святах, назіраю, як канцэртныя пляцоўкі ўпрыгожваюць абрусамі, дыванамі і ручнікамі. Увішныя клубныя работнікі ў свой час паклапаціліся сабраць, а цяпер паказваюць аўтэнтычныя творы, маўляў, паглядзіце на нашу самабытнасць! Калі бачу такія стыхійныя выстаўкі каля сельскіх клубаў, прыгадваю колішніх фатографаў, якія нярэдка здымалі партрэты на фоне квяцістых дываноў і посцілак.
Нядаўна ў славутай Неглюбцы Веткаўскага раёна праходзіла свята «Кросенцы», на якое сабраліся і цяперашнія, і былыя (малая радзіма не хоча адпускаць) жыхары — ганаровыя госці, самадзейныя артысты. У скверы каля Цэнтра ткацтва красавалася класіка неглюбскага ткацтва. У гэты момант прыйшло рашэнне ператварыцца ў «колішняга» фатографа-партрэтыста і «ўвекавечыць» неглюбчан на фоне іхніх шэдэўраў. Так, я не агаварыўся — неглюбскае ткацтва ўзята пад ахову дзяржавы, яму надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Міжволі падумалася: свята некалі скончыцца, а памяць, дзякуючы здымкам, застанецца назаўсёды. Вырашана — зроблена! Выбраў месца, паставіў услончык і пачаў здымаць.
Ахвотных набралася нямала. «Мадэлі» з задавальненнем уключаліся ў гульню, сядалі па адным, па двое, сур'ёзна глядзелі ў фотааб'ектыў, а часам і ўсміхаліся. Настрой на тварах адпавядаў настрою свята.
Час праляцеў імгненна, свята закончылася, ручнікі і дываны сталі здымаць. Антураж часовага фотаатэлье знік. А фотавыявы — засталіся! Сёння, гледзячы на гэтыя постаці, пераношуся ў расквечаны ад фарбаў неглюбскі сквер. І свята працягваецца!
Анатоль Кляшчук
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota-na-trynaccatuyu-0