3 кастрычніка на базе Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь адкрылася ХV пасяджэнне выканаўчага камітэта ІNTЕRРА.
Міжнародная асацыяцыя паліцэйскіх акадэмій (ІNTЕRРА) была заснавана 2 ліпеня 2011 года ў Стамбуле. У тым жа годзе, 31 жніўня, Акадэмія МУС уступіла ў гэтую арганізацыю. Дзякуючы актыўнаму супрацоўніцтву начальнік вядучай міліцэйскай ВНУ краіны генерал-маёр міліцыі Уладзімір Бачыла ў 2013 годзе быў абраны ў склад выканаўчага камітэта, а ў 2016 годзе стаў віцэ-прэзідэнтам ІNTЕRРА.
У цяперашнім пасяджэнні выканаўчага камітэта прымаюць удзел дэлегацыі профільных ВНУ Беларусі, Бразіліі, Казахстана, Катара, Саудаўскай Аравіі, Судана, Турцыі. У якасці назіральнікаў запрошаны прадстаўнікі Індыі (Універсітэт судовых навук Гуджарата). Ганаровы госць — прэзідэнт ІNTЕRРА, рэктар Нацыянальнай акадэміі паліцыі Турцыі прафесар Ілмаз Чалак.
— Цяпер асацыяцыя аб'ядноўвае 72 ВНУ паліцэйскага профілю, якія прадстаўляюць 57 дзяржаў, — заўважыў Уладзімір Бачыла. — На пасяджэнні выканкама будуць разгледжаны пытанні павышэння кваліфікацыі прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў адукацыі ў міжнародных навучальных цэнтрах краін — удзельніц асацыяцыі. Акадэмія МУС Беларусі прадставіць сучасныя вучэбна-метадычныя напрацоўкі ў адукацыйнай дзейнасці. У 2016 годзе Акадэміяй былі выдадзены два зборнікі-дапаможнікі «Структура паліцыі / міліцыі краін — удзельніц Міжнароднай асацыяцыі паліцэйскіх акадэмій (ІNTЕRРА)» і «Структура адукацыйных устаноў паліцыі / міліцыі краін — удзельніц Міжнароднай асацыяцыі паліцэйскіх акадэмій (ІNTЕRРА)».
У рамках пасяджэння, адзначыў Уладзімір Бачыла, будуць разгледжаны такія пытанні, як барацьба з тэрарызмам і кіберзлачыннасцю, забеспячэнне парадку пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, праблемы міграцыйнай палітыкі. Пасяджэнне выканкама пройдзе ў два этапы. Першы — гэта абмеркаванне парадку пасяджэння і тых пытанняў, якія ўзніклі. Другі этап будзе праходзіць у Акадэміі МУС, дзе дэлегатам пакажуць фрагменты падрыхтоўкі супрацоўнікаў беларускай міліцыі па розных кірунках службовай дзейнасці. Па словах начальніка Акадэміі, адным з самых цікавых кірункаў вучэбнай работы на сённяшні дзень з'яўляецца прафайлінг. Гэта адмысловая сістэма падрыхтоўкі супрацоўнікаў, якая дазваляе па выразе твару чалавека вызначыць яго агрэсіўныя альбо злачынныя намеры. У Беларусі створаны ўласныя электронныя праграмныя комплексы, якія дазваляюць выпрацаваць уменні і навыкі апазнання падазронага чалавека.
— Асацыяцыя паліцэйскіх акадэмій служыць міжнароднай платформай па абмене вопытам у падрыхтоўцы спецыялістаў для праваахоўных падраздзяленняў, — адзначыў прэзідэнт ІNTЕRРА Ілмаз Чалак. — Таму што мы цвёрда перакананы: барацьба са злачыннасцю — гэта справа не адной краіны, а справа ўсіх краін.
Сяргей КУЛАКОЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-kulakou
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[4] https://zviazda.by/be/tags/akademiya-mus