Мінскі аўтамабільны завод у лістападзе запусціць у Брэсце першую серыйную вытворчасць мікрааўтобусаў і фургонаў. Машыны будзе вылучаць даступны кошт, а арыентаваны яны будуць на ўнутраны рынак, расказалі ў прэс-службе гэтага прадпрыемства.
Зборачная вытворчасць разгорнецца на свабодных плошчах акцыянернага таварыства «Брэстмаш». Для гэтага ўжо выдзелены і падрыхтаваны неабходны ўчастак. Будаўнікі папрацавалі над дахам і фасадам, а ў самім цэху ўстанавілі тэхнічныя перагародкі. Акрамя зборачнай пляцоўкі, арганізавана стаянка для гатовых аўтамабіляў, прадугледжаны і склад для камплектуючых.
Мінскі аўтазавод рэалізуе такі смелы праект за кошт уласных інвестыцый. «Разглядаліся розныя варыянты фінансавання, у тым ліку прыцягненне пазыковых сродкаў. Але было вырашана рабіць усё сваімі сіламі і рэсурсамі, што павінна станоўча адбіцца на інвестыцыйнай прывабнасці праекта», — адзначылі на заводзе.
Першым пойдзе ў серыйную вытворчасць пасажырскі мікрааўтобус МАЗ 281, прататып якога ўжо прайшоў усе неабходныя выпрабаванні. Даўжыня навінкі складае 6 метраў, шырыня — 2,1 метра, вышыня — 2,8 метра, а колавая база — 3,57 метра. На заводзе прадугледзелі некалькі варыянтаў салона — ад грузавога да пасажырскага, у якім 16 сядзенняў без уліку месца кіроўцы. Аўтамабіль мае пяць дзвярэй, уключаючы адны ссоўныя, а ўнутры прадугледжаны кандыцыянер, круіз-кантроль, сістэма навігацыі і магнітола. Мікрааўтобус абсталяваны антыблакавальнай сістэмай і электроннай сістэмай размеркавання тармазных намаганняў. Пасажырскія дзверы — ссоўныя. Першыя аўтамабілі атрымаюць турбадызельныя маторы JАС класа Еўра-5 магутнасцю 150 конскіх сіл і механічную каробку перадач.
Акрамя таго, распрацаваны грузавы фургон МАЗ-365022 з суцэльнаметалічным кузавам і інтэграванай у яго рамай. Памеры машыны такія ж, як і ў мікрааўтобуса. Максімальная маса дасягае 4050 кілаграмаў.
У будучыні будзе праводзіцца работа па лакалізацыі вытворчасці. У гэтым працэсе будуць удзельнічаць холдынгі «БелаўтаМАЗ» і «Аўтакампаненты», канцэрн «Белнафтахім» і іншыя. Пры выпуску аўтамабіляў прыярытэт будуць аддаваць толькі якасным беларускім кампанентам.
«Вытворчасць мікрааўтобусаў стане для Мінскага аўтамабільнага завода новым кірункам, які дазволіць дыверсіфікаваць структуру продажаў і ў перспектыве пашырыць рынкі збыту, — адзначылі на прадпрыемстве. — У будучыні ў мікрааўтобусах знойдуць прымяненне розныя беларускія камплектуючыя. Па сутнасці, мы пачнём выпускаць арыгінальны мікрааўтобус МАЗ, які будзе вылучацца якаснымі кампанентамі, даступнай цаной і гарантаваным сэрвісным абслугоўваннем».
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/mikraautobusy
[4] https://zviazda.by/be/tags/furgon
[5] https://zviazda.by/be/tags/autamabil
[6] https://zviazda.by/be/tags/mashyna
[7] https://zviazda.by/be/tags/minski-autazavod
[8] https://zviazda.by/be/tags/auto