Беларускі саюз тэатральных дзеячаў і творчы саюз «Тэатральнае таварыства Грузіі» падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве, які дазволіць абедзвюм краінам максімальна шырока прадставіць адзін аднаму свой тэатральны патэнцыял. Ініцыятарам падпісання мемарандума выступіў грузінскі бок. Сёння Грузія імкнецца развіваць розныя тэатральныя кірункі і шукае партнёраў для рэалізацыі сумесных праектаў.
Галоўныя мэты мемарандума — папулярызацыя беларускага і грузінскага тэатральнага мастацтва, захаванне нацыянальнай і індывідуальнай самабытнасці, традыцый, дасягненняў і спадчыны тэатраў Беларусі і Грузіі. Супрацоўніцтва прадугледжвае развiццё прамых кантактаў паміж творчымі калектывамі дзвюх краін і аказанне практычнай дапамогі беларускім і грузінскім тэатрам і тэатральным школам.
— У Грузіі тэатр выконвае вялікую ролю: дае магчымасць чалавеку паглыбіцца ў свет духоўнасці, традыцый, дапамагае развівацца. Беларусь таксама падобная да нас у гэтым, — падкрэслівае старшыня творчага саюза «Тэатральнае таварыства Грузіі» Георгій Гегечкоры. — Мы ведаем, наколькі ў вас прафесійна падыходзяць да развіцця гэтага віду мастацтва і як людзі ставяцца да тэатра. Таму мы лічым, што супрацоўніцтва дазволіць здзяйсняць адметныя сумесныя праекты. Мы вырашылі аднавіць «Тэатр сяброўства», думаем, што беларускі бок нам у гэтым дапаможа.
У межах мемарандума будуць развівацца не толькі тэатральныя стасункі, але і арт-праекты, майстар-класы, лекторыі і г. д. Адзін з прыярытэтных кірункаў — развіццё тэатральнай гастрольнай праграмы і арганізацыя сумесных фестываляў, форумаў і іміджавых мерапрыемстваў.
Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-askera
[2] https://zviazda.by/be/tags/naviny