Некаторым здаецца, што быць у мастацтве на ўзроўні сусветных стандартаў — гэта ўмела пераймаць, рабіць так, як робяць іншыя. Адзін са спосабаў асэнсавання сучаснага еўрапейскага тэатральнага працэсу — авалоданне прыёмамі, што фарміруюць каркас тэатральнага спектакля. Можна сказаць, што беларускі тэатр у апошнія гады паспяхова авалодаў перформансамі, хэпенінгам, лічбавымі тэхналогіямі, відэапраекцыямі, увядзеннем кіно і вулічнага тэатра ў тэатр драматычны. Гэта пашырыла магчымасці ўздзеяння на гледача, далучыла яго да мастацтва сцэны.
Калі такія спектаклі паказваюцца за мяжой, яны не заўсёды бываюць канкурэнтныя. Перакананая, што зацікавіць і перамагчы можа толькі новая тэатральная мова, наўпрост звязаная з прадуктам сучаснай свядомасці, з душой, сэрцам і болем пэўнага народа. Пра гэта ўвесь час думалася падчас Міжнароднага тэатральнага фестывалю «ТЭАРТ», што праходзіць цяпер.
10 спектакляў для пераходу мяжы
Удакладню: умоўнай мяжы для ўкаранення ў сусветны тэатральны працэс. 10 спектакляў айчыннай праграмы «Belarus Open» прыехала паглядзець салідная група прадзюсараў, рэжысёраў, акцёраў і крытыкаў з розных краін. Упершыню за восем гадоў існавання «ТЭАРТу» мы пачулі захопленыя водгукі і здзіўленне. Успамінаю свой артыкул дваццацігадовай даўніны пра першыя крокі праекта цесных міжнародных тэатральных зносін — сцэнічнае чытанне сучасных нямецкіх п’ес, іх пастаноўка ў нас і ўспрыманне публікі. Цытавала дзеячаў нямецкай сцэны, якія не ведаюць пра тэатры Беларусі НІЧОГА. Цытавала сваіх калег, якія называлі нямецкіх драматургаў «вытворцамі высакаякаснай нуды». Цытавала нашых рэжысёраў, якія прызнаваліся, што дрэнна разабраліся ў матэрыяле і не разумеюць «драматургію без прычыннасці», яе фрагментарнасць, адсутнасць логікі.
Знаёмства з іншай культурай, нязвыклай праблематыкай, філасофіяй, менталітэтам, зусім іншым поглядам на звыклыя рэчы — высакародная мэта большасці культурных праектаў. У некаторых выпадках пастаноўшчыкам прыходзіцца доўга чакаць азарэння і чытаць спецыяльную літаратуру. Чаму добра забяспечаныя шчаслівыя немцы адчуваюць адзіноту, холад у душы і тугу? Як з дапамогай гукаў, святла, пластыкі прайграць стэрыльны свет, дзе пануе матэматыка, разлік і аднолькавасць і б’ецца жывая чалавечая душа? Спарадкаваная структура айчыннай тэатральнай традыцыі апынулася ў здранцвенні перад бясформеннай матэрыяй еўрапейскіх п’ес канца ХХ стагоддзя з яе жахлівай сумессю стагоддзяў, імгненняў, дыялогаў. Нас так не вучылі. Тут жа рух дзеяння свядома ігнаруецца і замяняецца роздумам. Так і хочацца прыкрыць сэнс незразумелага тэксту тым, што пацешыць публіку. Нам усяго толькі ветліва прапанавалі нямецкамоўную п’есу. У іншых краінах — яшчэ больш заблытана. Сучасная заходняя драматургія нібы здзекуецца са строгай арыстоцелеўскай кампазіцыі. А мы ж да яе, родненькай, прывыклі: нам абавязкова растлумач, што і чаму.
У гэтым і праглядаўся разрыў паміж Мінскам, Варшавай, Рымам, Парыжам, Вільнюсам, Берлінам і іншымі гарадамі. У канкрэтным выпадку — разрыў паміж Беларуссю і Германіяй.
Мінула два дзесяцігоддзі. Група прадзюсараў і рэжысёраў, якая прыехала на «ТЭАРТ» з Берліна, канстатавала: у Германіі па-ранейшаму НІЧОГА невядома пра беларускі тэатр, а ён жа, аказваецца, мае цалкам еўрапейскі ўзровень. Яго можна запрашаць на любыя фестывалі. Ён ставіць Бертальда Брэхта (спектакль тэатра лялек «Mann ist mann») не толькі па-брэхтаўску, але і ў духу менталітэту Еўропы.
Вельмі каштоўнае для нас назіранне. Нарэшце ж у меркаванні прадстаўнікоў іншых тэатральных культур прагучала прызнанне, што беларускі тэатр 2018 года працуе без пераймання, знаходзіць уласную арыгінальную сцэнічную мову. Мы вучымся гаварыць на мовах Еўропы, але захоўваем саміх сябе.
У значнай меры гэта адносіцца да спектакляў Яўгена Карняга «Бетон» і «Сёстры Граі», да рэжысёрскіх работ Дзмітрыя Багаслаўскага «Чалавек з Падольска» і Аляксандра Марчанкі «З вучылішча», фальклорнага спектакля этнамузыканта Івана Кірчука «Дарожка мая».
Лідзіравала ў меркаваннях і выказваннях гэтая пяцёрка з дзесяці. Да другой пяцёркі спектакляў прэтэнзій было больш. Усе адзначалі адсутнасць дакучлівага бытавога рэалізму і разуменне тонкіх рухаў чалавечай душы. У названых спектаклях адчуваецца пульс сучаснага жыцця, адлюстравана (хоць і не наўпрост) беларуская рэчаіснасць. Мы навучыліся захоўваць сябе і пры гэтым гаварыць на мове еўрапейскага тэатра.
Амаль усе названыя спектаклі ўжо рэцэнзаваліся на старонках «ЛіМа». Больш падрабязна можна разгледзець тое, што выклікала крытыку і спрэчныя адзнакі.
Свой космас
«Новая зямля» Брэсцкага тэатра лялек прэтэндуе на знакавае эпічнае палатно. Спектакль выводзіць на сцэну ў жывым плане ўсю трупу і называе сваю работу аптымістычнай драмай. П’еса Якуба Коласа ў траістым пастановачным саюзе (рэжысёр Аляксандр Янушкевіч, мастак Таццяна Нерсісян, кампазітар Аляксандр Літвіноўскі) у спектаклі падымаецца ад традыцыйнага беларускага побыту да філасофскага асэнсавання заканамернасці народных лёсаў. Цяпер на сцэне рэдка гавораць вершамі. Адсутнасць такога вопыту адбілася на якасці пастаноўкі.
Лічу неабходным працягнуць тэму асваення аўтэнтычнага беларускага матэрыялу на прыкладзе монаспектакля «Дарожка мая». Наш беларускі шаман Іван Кірчук, збіральнік фальклору, кампазітар і музыкант, добра вядомы па рабоце ў этнагурце «Троіца». Рэжысёр Аляксандр Казак прапанаваў яму зрабіць спектакль, начыніўшы яркім візуальным шэрагам і гучаннем самых рэдкіх народных інструментаў. Кірчук не толькі спявае і грае, ён шмат распавядае пра жыццё беларусаў. Гэты аповед дазваляе зразумець беларускую ментальнасць лепш, чым дзясяткі разумных кніг. Часам здаецца, што выканаўца ўмела ўводзіць у транс і прымушае душу ўзляцець у неба.
З задавальненнем унесла б у праграму шоу-кейса і спектакль купалаўскага тэатра «Радзіва “Прудок”», зроблены па дзённікавых запісах Андруся Горвата. Не магу ўтрымацца ад цытавання тэксту.
— Сынок, напісаў кнігу?
— Ага.
— От маладзец! Дык у цябе вясёлая кніга?
— І страшная. Там яшчэ пра прудкаўскую чупакабру ё... — Я ж думала, ён што сур’ёзнае напісаў.
— Там і пра сур’ёзнае ё. Пра адзіноту і пра смерць. Пра блуканні і дарогу дадому.
Тры названыя спектаклі — часавая трылогія выспявання беларускага характару. Ад нараджэння да сённяшняга дня. Аб’яднаўшы гэтыя спектаклі ў адзін блок, можна выводзіць іх на любы фестываль. Прасоўваць беларускі праект, у якім захаваны свой Космас.
«ТЭАРТ» дапамог яшчэ раз пераканацца ў тым, якія ў нас выдатныя артысты. Гэта было відаць па Купалаўскім «Рэвізоры», па працы маладой актрысы з Магілёва Юліі Ладзік (у спектаклі «Ліпень»), па зборнай камандзе маладых артыстаў у спецыяльных праектах Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Арт Карпарэйшн». Гэта спектакль «З вучылішча» Марчанкі, «Крыжовы паход дзяцей» Дзівакова. Паказальна, што гэтыя спецпраекты былі ажыццёўлены на новай тэатральнай пляцоўцы «ОК16». Злёгку пераўтвораная пад тэатр прамзона дае магчымасць смела эксперыментаваць, злучаць пластыку, музыку, відэашэраг, жывы план у адмысловым дзіўным рытме, які сінтэзуе ўяўленне гледача. Новае для нас — жангліраванне разрозненымі сюжэтамі, якія таленавіта перадаюць як вечныя гісторыі, так і імгненні да шчасця.
Пасля гэтай праграмы наўрад ці які-небудзь замежны тэатральны дзеяч скажа, што НІЧОГА не ведае пра Беларусь. Да поспеху свайго беларускага Космасу перш за ўсё прыклалі руку дырэктар форуму «ТЭАРТ» Анжаліка Крашэўская, куратар програмы Belarus open тэатральны крытык Людміла Грамыка і старшыня праўлення ААТ «Белгазпрамбанк» Віктар Бабарыка. З іх дапамогай беларускі тэатр рыхтуецца прасоўвацца ў Еўропу. Як дакладна заўважыла на абмеркаванні вынікаў беларускай праграмы тэатральны крытык Алена Мальчэўская, адбылася разгерметызацыя беларускага тэатра: ён трапіў у зону ўвагі шырокай публікі і можа рабіць наступныя крокі ў сваім развіцці.
Таццяна АРЛОВА
Фота Ігара Чышчэні
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/taccyana-arlova
[2] https://zviazda.by/be/tags/teatr