Цырымоніямі адкрыцця і закрыцця Еўрапейскіх гульняў 2019 года зоймецца творчая група пад кіраўніцтвам вядомага кампазітара і прадзюсара, народнага артыста Расіі Ігара Крутога. Акрамя таго, над відовішчнай забаўляльна-музычнай праграмай працуюць адразу два рэжысёры: Аляксандр Вавілаў ад Беларусі і Аляксей Сечанаў ад Расіі.
«Наша задача — паказаць свету Беларусь ва ўсёй яе прыгажосці. Мы раскажам цікавую гісторыю, у якой адлюструем самабытную культуру і традыцыі беларускага народа», — расказаў Ігар Крутой на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
На рахунку кампаніі «Арт Сіці 5», якую ўзначальвае Крутой, ужо ёць шэраг паспяхова рэалізаваных на міжнародным узроўні культурна-масавых мерапрыемстваў, у тым ліку цырымоніі адкрыцця і закрыцця 7-х зімовых Азіяцкіх гульняў (Астана, 2011 год), шоу для 27-й Сусветнай летняй Універсіяды (Казань, 2013), 16-ы чэмпіянат FІNA па водных відах спорту (Казань, 2015), папулярныя музычныя конкурсы «Новая хваля» і «Дзіцячая Новая хваля» (Сочы), тэлепраект «Песня года», сольныя канцэрты вядучых артыстаў расійскай эстрады.
Да Еўрапейскіх гульняў 2019 года яшчэ застаецца дастаткова часу, каб цалкам адказна і грунтоўна падрыхтаваць цырымоніі адкрыцця і закрыцця. На цяперашнім этапе, расказалі ўдзельнікі творчай каманды, распрацоўваецца літаратурны сцэнарый, пасля ўзгаднення і, пры неабходнасці, карэкціроўкі якога пачнецца ўжо дэталёвая «раскадроўка» двухгадзіннага шоу. Таму ніякіх падрабязнасцяў арганізатары пакуль не раскрываюць, хоць і абяцаюць мноства прыемных сюрпрызаў для публікі, а таксама плануюць запрасіць медыяперсону сусветнай велічыні.
Шоу будзе цалкам жывой падзеяй, падкрэсліў міністр культуры Юрый Бондар, і пройдзе на самым высокім узроўні, «каб кожны глядач сышоў са стадыёна або ад тэлеэкрана задаволены».
Нагадаем, ІІ Еўрапейскія гульні, якія адбудуцца ў Мінску з 21 да 30 чэрвеня 2019 года, збяруць сама меней 18 тысяч афіцыйных удзельнікаў, у тым ліку больш як 4 тысячы спартсменаў, якія выступяць у 15 відах спорту. Трансляваць падзеі міжнароднага спартыўнага форуму плануецца ў 160 краінах свету.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/euragulni-2019