Паспяховы вопыт рэгіянальнага супрацоўніцтва ў розных сферах паміж краінамі-суседкамі прадэманстраваны падчас міжнароднага бізнес-форуму «Еўрарэгіён «Нёман» — 2018», які 10-ы раз прайшоў у Гродне.
Абласны выканаўчы камітэт, адміністрацыі прыгранічных рэгіёнаў Польшчы, Літвы, Расіі вось ужо 21 год развіваюць супрацоўніцтва ў рамках Еўрарэгіёна «Нёман». Пагадненне аб стварэнні трансгранічнага саюза было падпісана ў 1997 годзе ў польскім Аўгустове. Паступова яго межы пашыраліся, далучаліся новыя тэрыторыі. З 2002 года ў склад Еўрарэгіёна ўваходзяць раёны Калінінградскай вобласці Расіі.
Гэта паспрыяла наладжванню сувязяў паміж абласцямі. Не так даўно Калінінград наведала дэлегацыя, у склад якой увайшлі прадстаўнікі прадпрыемстваў Воранаўскага, Лідскага, Мастоўскага, Гродзенскага раёнаў. У выніку падпісаны дагавор аб арганізацыі паставак у расійскі рэгіён сельскагаспадарчай тэхнікі, а гродзенскія будаўнікі плануюць узвесці шматпавярховы дом. Таксама расіяне маюць намер падпісаць кантракт на будаўніцтва малочнатаварнай фермы і сховішча для агародніны. Сваю прадукцыю ў расійскі рэгіён сталі адпраўляць Гродзенская агароднінная фабрыка і кампанія «Краснасельск-
будматэрыялы».
Між іншым, на Гродзеншчыне працуе каля 200 прадпрыемстваў з расійскім капіталам. Самы буйны праект інвестыцыйнага супрацоўніцтва — узвядзенне атамнай станцыі ў Астраўцы.
Сёлета да бізнес-колаў Еўрарэгіёна далучыліся іншыя рэгіёны Расіі.
Удзел у рабоце форуму прынялі прадстаўнікі адміністрацыі Ніжагародскай вобласці. Яны высока ацанілі прадукцыю гродзенскай кампаніі «Малочны свет», якая ідзе на расійскі рынак. На думку прадстаўнікоў Расійскай Федэрацыі, варта зрабіць наступны крок і стварыць сумесныя прадпрыемствы. Гэта стане не толькі добрым прыкладам інтэграцыі паміж абласцямі, але і замацуе супрацоўніцтва, выведзе яго на новы ўзровень. Па заканчэнні дыскусіі было падпісана каля двух дзясяткаў пагадненняў, мемарандумаў і кантрактаў з новымі партнёрамі з Расійскай Федэрацыі, Польшчы, Літвы, Чэхіі і Кітая.
— Гэта не толькі іміджавы праект. На форуме падпісаны буйны кантракт па будаўніцтве мэблевага прадпрыемства на Гродзеншчыне, падпісана пагадненне аб пачатку вытворчасці баваўнянай пражы, а таксама дагавор у сферы лагістыкі. Гэта будзе садзейнічаць прыцягненню ў рэгіён звыш 120 мільёнаў долараў, — падкрэсліў начальнік упраўлення эканомікі аблвыканкама Андрэй СВІРЫДАЎ. — Таксама падпісаны трансгранічныя кантракты на 5 мільёнаў еўра, якія будуць рэалізаваны ў наступныя два гады. Яшчэ 20 мільёнаў долараў складаюць камерцыйныя кантракты, з якімі прадпрыемствы Гродзенскай вобласці выйдуць на экспартныя пастаўкі.
Еўрарэгіён стаў добрай пляцоўкай і для сельгасвытворцаў. Гродзенцы актыўна супрацоўнічаюць менавіта з расійскімі рэгіёнамі. Па словах старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Валерыя ХЕЛСКАГА, больш за 80 % вырабляемай сельгаспрадукцыі экспартуецца на расійскі рынак. Ад гэтага залежыць і работа гродзенскіх прадпрыемстваў, якія імкнуцца знайсці партнёраў. І вынік ёсць. Заключаны дагавор на пастаўку крухмалу Рагозніцкім заводам на суму больш за 2 мільёны рублёў.
Значны эканамічны эфект можна атрымаць і ад турызму. Гэты кірунак развіваюць усе краіны — удзельніцы Еўрарэгіёна. Са з'яўленнем бязвізавага рэжыму значны рух адчувае і Гродзенскі рэгіён, і, як вынік, — колькасць турыстаў за гэты час склала больш за 120 тысяч чалавек. А калі ўлічваць, што кожны турыст пакідае ў сярэднім 100—120 долараў, можна падлічыць эканамічны эфект.
— Кожны месяц мы прырастаем у дынаміцы на 25—30 % у параўнанні з мінулым годам, — паведаміў начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Алег АНДРЭЙЧЫК. — За гэты час створана звыш 500 новых працоўных месцаў, уведзена 20 аб'ектаў грамадскага харчавання, актывізаваўся малы і сярэдні бізнес. Далейшае развіццё мы бачым у пашырэнні бязвізавай зоны ў кірунку турыстычнай «меккі» — Навагрудка, Міра, Ліды, Слоніма. Наогул, варта зрабіць увесь Гродзенскі рэгіён бязвізавым.
Важная роля ў рэгіянальным супрацоўніцтве надаецца малому і сярэдняму бізнесу. Гэта асяроддзе таксама з'яўляецца эфектыўным інструментам развіцця рэгіёнаў. Па стане прадпрымальніцтва Гродзеншчына займае лідарскія пазіцыі ў краіне, адзначыў дырэктар абласной установы фінансавай падтрымкі прадпрыймальнікаў Аляксандр ПАНАМАРОЎ.
Прыгадалі і праекты, якія былі заяўлены на папярэднім форуме і зараз паспяхова рэалізуюцца. У іх ліку — будаўніцтва буйнога лагістычнага цэнтра ў Смаргоні прыватным расійскім інвестарам.
Форум дае магчымасці будаўнічай галіне пашырыць экспарт паслуг і будаўнічых матэрыялаў, адзначыў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Міхаіл ПЕТУХ. За восем месяцаў аб'ём экспарту паслуг склаў 73 мільёны долараў. Гэта больш, чым летась. Будматэрыялы пастаўляюцца ва ўсе краіны Еўрарэгіёна і за яго межы. Гродзенскія будаўнікі ўзводзяць жылыя мікрараёны ў Маскоўскай вобласці і Калузе Расійскай Федэрацыі. Вядуцца перагаворы па заключэнні кантракта на выкананне будаўніча-мантажных работ на прамысловым аб'екце ў Калінінградзе.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne