Маладзёжны форум стаў часткай афіцыйнай праграмы V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Ён аб'яднаў прадстаўнікоў маладзёжных і дзіцячых грамадскіх аб'яднанняў дзвюх краін, маладзёжных парламентаў, саюзаў маладых адвакатаў і прадпрымальнікаў з усёй Беларусі і 10 рэгіёнаў Расіі.
Адной са значных яго падзей стала фарсайт-сесія, на якой хлопцы і дзяўчаты маглі задаць пытанні міністру адукацыі Беларусі Ігару Карпенку, старшыні Нацыянальнага Cавета маладзёжных і дзіцячых аб'яднанняў Расіі Рыгору Петушкову, старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктару Сірэнку. Удзельнікі дыялогу цікавіліся, што робіцца для таго, каб моладзь абедзвюх краін аднолькава магла рэалізаваць свой патэнцыял.
— Ад таго, якія веды мы закладзём, які створым светапогляд, будуць развівацца інтэграцыйныя ўзаемаадносіны, — падкрэсліў Ігар Карпенка важнасць кантактаў моладзі дзвюх краін. — Сёння наогул вельмі актуальная тэма, як весці дыялог на сусветным узроўні. Дыялог заўсёды важны. Калі мы навучым моладзь вырашаць усе галоўныя пытанні метадам перамоў, свет стане больш спакойны і лепшы. І вось гэта пляцоўка ў межах Форуму рэгіёнаў — добры прыклад усяму свету, як вырашаць мясцовыя пытанні, як трэба сябраваць, выбудоўваць сумесныя праекты, адносіны на перспектыву.
Удзельнікі маладзёжнага форуму прынялі ўдзел у рабоце секцый «Маладзёжны парламентарызм — форма грамадзянскай супольнасці», якая працавала на базе магілёўскага прадпрыемства «Бабуліна крынка», і «Удзел моладзі ў развіцці сучаснай інфраструктуры і стварэнне грамадскіх прастораў», якая адбылася на базе СВК «Калгас «Радзіма» Бялыніцкага раёна.
Перамовы былі замацаваны пагадненнямі аб супрацоўніцтве Мінскай абласной арганізацыі БРСМ і Бранскай рэгіянальнай арганізацыі Расійскага Саюза Моладзі, а таксама маладзёжнымі арганізацыямі Гродзенскай і Віцебскай абласцей з моладдзю Пскоўскай вобласці.
Арганізатарамі маладзёжнага форуму ў Магілёве выступілі грамадскае аб'яднанне БРСМ і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/v-forum-regiyonau-belarusi-i-rasii