11-ы раз Беларускі саюз жанчын сумесна з Міністэрствам інфармацыі падвёў вынікі рэспубліканскага творчага конкурсу «Моцная сям'я — моцная дзяржава». Адным з яго пераможцаў стаў Выдавецкі дом «Звязда» — за тэматычны дадатак «Сямейная газета».
Не толькі вы, нашы паважаныя чытачы, уважліва чытаеце, дасылаеце свае лісты з падзякамі, пытаннямі і прапановамі нашай «Сямейнай газеце». Чарговы раз яе ацанілі прафесіяналы: наша выданне перамагло ў намінацыі «Найлепшыя матэрыялы ў друкаваных рэспубліканскіх СМІ». Усяго на конкурс было прадстаўлена 110 работ і ўдзельнічала больш за сем дзясяткаў сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку рэспубліканскія і рэгіянальныя газеты і часопісы, тэле- і радыёкампаніі.
— Сёлета былі прадстаўлены вельмі цікавыя работы, прычым не проста на тэму сям'і і адносін, здаровага ладу жыцця. З'явіліся новыя цікавыя падыходы да асвятлення гэтых тэм, — адзначыла намеснік старшыні ГА «Беларускі саюз жанчын», ганаровы прафесар факультэта журналістыкі БДУ Лілія АНАНІЧ. — Шмат было публікацый пра шматдзетных маці, калі гэтыя жанчыны адбыліся не толькі ў сям'і, але і як прафесіяналы.
За актыўны ўдзел у асвятленні конкурснай тэматыкі граматай Беларускага саюза жанчын узнагароджана і вядучы фотакарэспандэнт «Звязды», наша прыгажуня і працаўнічка Ганна Занкавіч.
— Гэта вельмі дастойныя работы, і газета ажывае з такімі фотаздымкамі, — засяродзіла ўвагу Лілія Ананіч падчас уручэння дыплома.
Узнагароджванне пераможцаў конкурсу прайшло ў межах круглага стала, прысвечанага пытанням паляпшэння здароўя жанчын і ўмацавання прэстыжу інстытуту сям'і, які адбыўся пад эгідай Беларускага саюза жанчын у межах Тыдня маці. Акрамя членаў гэтай грамадскай арганізацыі, у ім узялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства інфармацыі, сталічнага і рэгіянальных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання, аб'яднанняў шматдзетных бацькоў і іншыя.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta