У Брэсце да тысячагоддзя горада ўкараняць сістэму сумеснага выкарыстання ровараў (велашэрынг), паведаміў БЕЛТА [1] кіраўнік групы транспартнай мабільнасці праекта "СімбіёСіці" пры Брэсцкім гарвыканкаме Сяргей Талатай.
Праект развіваюць гарвыканкам, Дзяржаўтаінспекцыя, велаактывісты і група кампаній "СТіМ". Ён прадугледжвае стварэнне разгалінаванай сеткі станцый з антывандальнымі роварамі. Аплата за карыстанне экалагічна чыстым відам транспарту будзе праводзіцца з дапамогай адмысловай праграмы.
На першапачатковым этапе ў Брэсце будзе ўстаноўлена да дзесяці шэрынгавых станцый. Найбольш буйныя з іх размесцяцца на турыстычным кальцы. Першы пункт велапракату будзе побач з чыгуначным і аўтобусным вакзаламі. Адтуль маршрут праляжа ўздоўж папулярнай вуліцы Савецкая - па вуліцах Арджанікідзэ, Камсамольская, 17-га верасня - да праспекта Машэрава. Вялікія станцыі прадугледжаны ў раёне помніка 1000-годдзю, ЦУМа, гасцініцы "Інтурыст", каля Брэсцкай крэпасці, яшчэ адна запланавана ў адваротным кірунку - па вуліцы К.Маркса.
Паміж сабой станцыі пракату звяжа сетку веладарожак. Часткова яны будуць пралягаць па ходніках, а таксама знаходзіцца ў межах праезнай часткі. Так, эксперыментальная разметка, якая аддзяляе паласу для руху веласіпедыстаў, ужо нанесены на вуліцы 17-га верасня. Увесну аналагічныя веладарожкі з'явяцца на вуліцах Арджанікідзэ, Камсамольская, К.Маркса.
Спасылкі
[1] http://www.belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/brest