З году ў год на сваіх дачных сотках мы вырошчваем такую цудоўную расліну, як любіста. І выкарыстоўваем яе пры марынаванні і засолках агуркоў. Смак і водар — непаўторныя. Суседзі і сябры ў захапленні ад нашых хатніх нарыхтовак, у якія мы дадаём лісточкі любісты. Таксама ёй добра прыпраўляць першыя і мясныя стравы.
Вырасціць любісту зможа нават дачнік-пачатковец. Я параіў бы агароднікам пасеяць насенне ў верасні — кастрычніку ў адкрыты грунт — і ўсходы вы атрымаеце ўжо ранняй вясной.
Ведайце таксама, што для добрага росту любісты найлепшы варыянт — зацененая градка з гліністай ці тарфяной глебай. А вось на адкрытым сонечным месцы расліна часам жаўцее, яе наземная частка можа загінуць. Увільгатняць глебу трэба ўмерана, бо лішак вады можа прывесці да хвароб і адмірання карэння.
Зразумела, глебу пад расліну трэба ўзбагаціць попелам, суперфасфатам, перагноем, мачавінай і выспелым кампостам.
Сакрэты фасолі
Ці ведалі вы, што фасоля — чэмпіён па колькасці бялку? А цынк, на які яна багатая, станоўча ўплывае на вугляводны абмен. Чырвоная фасоля садзейнічае нават пахудзенню. Таму я рэкамендую многім яе садзіць.
Калі ў вас фасоля дрэнна расце, яе трэба абавязкова падкормліваць мінеральнымі ўгнаеннямі (20 грамаў суперфасфату і 10—15 грамаў калійных угнаенняў на 10 літраў вады). Пасля падкормак расліну трэба добра паліць і парыхліць глебу. Пры недахопе вільгаці ніжнія лісты могуць засыхаць, а струкі будуць дрэнна расці.
А яшчэ цудоўна кусты фасолі апудрываць попелам.
Яўген САЛАНОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/tags/sad-i-agarod