У Бразіліі біржавыя каціроўкі адрэагавалі ростам на перамогу ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў ультраправага кандыдата ад Сацыял-ліберальнай партыі Жаіра Балсанару. Асноўны індэкс біржы бразільскага Сан-Паўлу Bоvеsра на адкрыцці таргоў у пачатку мінулага тыдня падскочыў на шэсць працэнтаў. Пасля рост запаволіўся, але прадоўжыўся. Курс нацыянальнай валюты таксама ўмацаваўся. Балсанару атрымаў 46 працэнтаў галасоў (яго падтрымалі 49 мільёнаў выбаршчыкаў). На другім месцы апынуўся кандыдат ад Партыі працаўнікоў (ПП) Фернанда Хадад, за якога прагаласавалі 29 працэнтаў (30 мільёнаў чалавек). Прэзідэнцкія выбары ў Бразіліі праходзяць на фоне эканамічнага крызісу, які суправаджаецца падзеннем ВУП і дэвальвацыяй нацыянальнай валюты. Куды рушыць найбуйнейшая эканоміка Лацінскай Амерыкі?
Выпрабаванне для капітана
Жаір Месіяш Балсанару — так гучыць поўнае імя пераможцы першага тура прэзідэнцкіх выбараў у Бразіліі, якога многія прыхільнікі называюць проста «Месія». Яшчэ нядаўна гэты дэпутат бразільскага парламента лічыўся ледзь не маргінальнай фігурай, эпатаваў публіку сваімі выказваннямі пра гендарную няроўнасць, сексуальныя і расавыя меншасці. Але сітуацыя змянілася. У выпадку перамогі Балсанару ў другім туры ён стане першым за шмат гадоў прэзідэнтам Бразіліі, які выйшаў з ваеннага асяроддзя. Капітан паветрана-дэсантных войскаў у адстаўцы пачаў палітычную кар'еру ў 1989 годзе ва ўзросце 34 гадоў, стаўшы муніцыпальным дэпутатам у Рыа-дэ-Жанэйра ад Хрысціянска-дэмакратычнай партыі. Да таго моманту ён быў ужо нядрэнна вядомы шырокай публіцы дзякуючы нашумеламу артыкулу для часопіса Vеjа, у якім крытыкаваў нізкія заробкі ваенных афіцэраў, за што яму давялося паўмесяца правесці пад арыштам. У 1990 годзе Балсанару быў абраны дэпутатам ніжняй палаты бразільскага Кангрэса і затым дзякуючы асабістай харызме (асабліва варта адзначыць яго знешнія даныя — рост 186 сантыметраў) пераабіраўся туды яшчэ шэсць разоў запар.
Нягледзячы на неаднаразовыя змены партыйнай прыналежнасці, палітык заўсёды захоўваў рэнамэ жорсткага кансерватара. У розны час ён выступаў супраць аднаполых шлюбаў, абортаў, лібералізацыі заканадаўства пра наркотыкі, зямельных рэформаў. Увогуле за больш чым чвэрць стагоддзя парламенцкай кар'еры ён вылучыў больш за 170 законапраектаў і адну канстытуцыйную папраўку. Аднак у значна большай ступені ён запомніўся бразільцам сваімі заявамі за межамі паліткарэктнасці.
Як заўважаюць эксперты, выбаршчыкаў вабяць не эпатажныя выказванні Балсанару, а лозунгі аб барацьбе з хабарніцтвам і карупцыяй, якія ператварыліся ў праблему нацыянальнага маштабу. На думку аўтарытэтных экспертаў, за апошнія гады карупцыя сапраўды ператварылася ў нацыянальнае бедства. Яе характэрная асаблівасць у Бразіліі заключаецца ў тым, што ў ёй замяшаныя практычна ўсе прэтэндэнты на выбарчыя пасады. «Калі эканоміка ў заняпадзе і ўсе слаі грамадства адчуваюць сябе ўсё горш, гарачыя прамовы Балсанару кранаюць за жывое», — піша пра палітыка Thе Wаshіngtоn Роst.
Балсанару выступае за рэзкае скарачэнне бюракратычнага апарату, за нашэнне зброі для барацьбы з крыміналам, за прыватызацыю большасці дзяржаўных прадпрыемстваў. Палітыка называюць стаўленікам багатых бразільцаў, але было б памылкова меркаваць, што яго гатовыя падтрымаць толькі багатыры. Сярод прыхільнікаў Балсанару нямала прадстаўнікоў іншых слаёў, незадаволеных становішчам краіны, якая перажывае зусім не самыя лепшыя часы пасля перыяду ўздыму, калі ўсе захапляліся яе эканамічнымі поспехамі.
Падчас перадвыбарчай кампаніі на Балсанару, які выступаў на мітынгу ў штаце Мінас-Жэраіс, быў здзейснены напад. Ён перанёс сур'ёзную аперацыю і доўгі час працягваў кіраваць кампаніяй, знаходзячыся ў клініцы. Шэраг аналітыкаў сцвярджалі, што дадзеная акалічнасць выкліча хвалю спагады ў некаторых катэгорый электарату і ўмацуе пазіцыі кандыдата.
Фактар Лулы
Поспех Балсанару ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў стаў у першую чаргу сведчаннем глыбокага разладу ў шэрагах бразільскіх левых, а дакладней левых лібералаў, якія так і не змаглі справіцца з эканамічным крызісам у краіне. Хоць у пачатку дзевяностых менавіта крызіс у эканоміцы і прывёў іх да ўлады. Фернанду Энрыке Кардозу, абраны прэзідэнтам у 1994 годзе, здолеў хутка справіцца з гіперінфляцыяй, стварыў умовы для прыцягнення ў краіну замежных інвестыцый, росту экспарту і азначыў шэраг сур'ёзных сацыяльных праграм, якія былі рэалізаваны пры яго пераемніку Луісе Інасіу Лулу да Сілву, які прадстаўляў Партыю працоўных. Восем гадоў кіравання Лулы (2003—2010) былі адзначаны значным зніжэннем беднасці і высокімі тэмпамі эканамічнага росту, але адначасова ўсё больш вострай праблемай для Бразіліі станавілася карупцыя.
Склаўшы паўнамоцтвы з-за хваробы, Лула блаславіў на прэзідэнцтва Дзілму Русеф, дачку балгарскага камуніста, які пакінуў радзіму яшчэ паміж дзвюма сусветнымі войнамі і ў выніку пасяліўся ў Бразіліі. Пасля імпічменту Русеф прэзідэнцкія паўнамоцтвы перайшлі да віцэ-прэзідэнта Мішэля Тэмера, але і ён вельмі хутка апынуўся ў цэнтры карупцыйных скандалаў. Вылучаць сваю кандыдатуру на гэтыя выбары ён адмовіўся, падтрымаўшы былога міністра фінансаў Бразіліі Энрыке Мейрэлеса (які, зрэшты, таксама не меў ніякіх сур'ёзных шанцаў). Планы на вяртанне ў палітыку меў Лула да Сілва, але яго кандыдатура не была зарэгістраваная, і асноўным кандыдатам ад левых стаў прадстаўнік Партыі працоўных, колішні мэр Сан-Паўлу Фернанду Адад. Ён сур'ёзна заклапочаны становішчам беднякоў, насельнікаў бразільскіх фавел, так добра знаёмых многім па рамане бразільскага класіка Жоржы Амаду «Капітаны пяску».
Адад выхадзец з сям'і ліванскіх эмігрантаў, які мае практычна бездакорную рэпутацыю, ён не заплямлены карупцыйнымі скандаламі. Але яго падтрымала Партыя працоўных, якая шмат у каго з гэтымі скандаламі якраз і асацыюецца. Таму частку галасоў Балсанару атрымаў ад тых, хто проста не хацеў, каб новы прэзідэнт Бразіліі прадстаўляў гэтую партыю. Акрамя таго, галасы ў Адада адбіралі іншыя ўдзельнікі першага тура, да якога было дапушчана больш за дзесяць кандыдатаў. Таму, нягледзячы на значны разрыў паміж Балсанару і Ададам, перад другім турам захоўваецца сур'ёзная інтрыга.
След Вашынгтона
Эканоміка Бразіліі ацэньвалася Міжнародным валютным фондам у 2,05 трыльёна долараў у 2017 годзе. Гэта восьмы паказчык у свеце. Для параўнання эканоміка Італіі з'яўляецца дзявятай ($1938 млрд), Расіі — 12-й ($1527 млрд), Турцыі — 17-й ($857 млрд), а Аргенціны — 21-й ($545 млрд). Таму праблемы Бразіліі сапраўды шакіруюць сусветны рынак і справакуюць далейшы негатыўны ўплыў на эканомікі, якія развіваюцца.
Палітычныя катаклізмы апошніх трох гадоў сталі суправаджэннем эканамічнага крызісу, які адкрыта праявіў сябе ў 2015 годзе, калі аб'ём валавога ўнутранага прадукту краіны зваліўся на 3,8 працэнта. Па выніках 2016-га ВУП краіны зваліўся яшчэ на 3,6 працэнта, а назапашаны за пару гадоў спад аказаўся самым глыбокім пачынаючы з 1947 года. Фінансавыя інструменты, якім аддавалі перавагу папярэднія кіраўнікі дзяржавы Лула і Русеф, відавочна не працавалі: замест росту эканомікі за кошт дзяржаўных стымулаў Бразілія атрымала дэфіцыт бюджэту ў 9 працэнтаў ВУП. Закрываць гэтую дзірку ўрад вырашыў тыпова неаліберальным спосабам: абвясціў аб планах маштабнай прыватызацыі.
У мінулым годзе эканоміка Бразіліі перастала падаць — рост ВУП склаў адзін працэнт. Сёлета прагназавалася паскарэнне да прыкладна 2,8 працэнта, але эканоміцы краіны не ўдалося пазбегнуць дэвальвацыйнай хвалі. Бразільскі крызіс мае дваякую прыроду, адзначыў vz.ru кіраўнік цэнтра эканамічных даследаванняў Інстытута глабалізацыі і сацыяльных рухаў Васіль Калташоў. З аднаго боку, гэта крызіс неаліберальнай інтэграцыі ў сусветны рынак: «Бразілія, якая ўбудоўваецца ў міжнародныя адносіны, экспартавала свае тавары, змагалася за замежныя інвестыцыі і ў той жа час спрабавала быць сацыяльнай дзяржавай, прыбыткі краіны забяспечвалі сродкі для сацыяльнай палітыкі. Партыя працы дзейнічала па прынцыпе: расце эканоміка — пашыраем сацыяльную палітыку. Але рост эканомікі Бразіліі абарваўся яшчэ ў 2013 годзе».
З іншага боку, адзначыў Васіль Калташоў, крызіс у Бразіліі прадэманстраваў крайнюю недастатковасць ранейшай стратэгіі і ў адносінах з іншымі краінамі Лацінскай Амерыкі. «Бразілія не спрабавала ініцыяваць інтэграцыйныя праекты ў Лацінскай Амерыцы, хоць гэта адзіная краіна кантынента, здольная запусціць такія працэсы», — заўважыў эканаміст. Такая сітуацыя, мяркуе Калташоў, перш за ўсё гуляе на руку ЗША, для якіх у Паўднёвай Амерыцы не можа быць ніякай больш важнай задачы, чым абясшкодзіць Бразілію. Тут можна ўспомніць аб магчымым следзе Вашынгтона ў гісторыі з імпічментам Дзілмы Русеф, за якой, хутчэй за ўсё, вялося сур'ёзнае назіранне ЦРУ.
Паводле інфармацыі мексіканскай газеты Unіvеrsаl, на падмогу Балсанару нават «выпісаны» з Вашынгтона былы паліттэхнолаг Трампа Стывен Бэнан, які цяпер кансультуе бразільскага ўльтраправага палітыка. «Бэнан гатовы аказаць дапамогу. Ён будзе часова выконваць абавязкі дарадцы, але пры гэтым яго дзейнасць не будзе аплачвацца», — паведаміў у інтэрв'ю газеце Glоbо сын Балсанару Эдуарду — член палаты дэпутатаў бразільскага парламента. Па словах Балсанару-малодшага, Бэнан дапаможа наладзіць эфектыўную аналітычную дзейнасць і выбудаваць паспяховую перадвыбарчую кампанію ў сацсетках. Асноўным козырам Балсанару будзе пазіцыянаванне ў якасці палітыка нацыянальнага маштабу, прыхільніка «цвёрдай рукі», не замяшанага ні ў якіх карупцыйных скандалах.
Расклад на заўтра
Як заўважыў іz.ru эксперт Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў Ігар Пшанічнікаў, найбліжэйшыя дні стануць часам вострага расколу краіны на прыхільнікаў левых і правых сіл. Кожнаму з удзельнікаў другога тура выбараў трэба будзе перацягнуць на свой бок тых выбаршчыкаў, якія адхілілі іх кандыдатуры падчас першага тура, аддаўшы свае галасы за іншых 11 прэтэндэнтаў. І цяжэй за ўсё прыйдзецца, як ні дзіўна, менавіта Балсанару, паколькі супраць яго, паводле апытанняў, выказваецца 44 працэнты выбаршчыкаў. Гэта значыць, можна выказаць здагадку, што ўсе, хто хацеў прагаласаваць за «бразільскага Трампа», гэта ўжо зрабілі. І ў Балсанару, так можа скласціся, ужо няма дадатковага рэсурсу сярод выбаршчыкаў.
А вось Фернанду Адад цалкам можа мабілізаваць увесь левы фланг бразільскай палітыкі, выкарыстоўваючы вельмі скаардынаваны і дысцыплінаваны апарат сваёй Партыі працоўных. Эксперты мяркуюць, што, калі палітычныя лідары «цэнтра» афіцыйна прамаўчаць і не выступяць у падтрымку ні таго, ні іншага кандыдата ў другім туры, гэта фактычна стане сведчаннем іх падтрымкі «бразільскага Трампу». Разам з тым трэці па колькасці набраных галасоў (12 працэнтаў) у першым туры Сіру Гоміш, які прадстаўляе Дэмакратычную рабочую партыю, ужо заявіў, што заклікае сваіх прыхільнікаў галасаваць за Адада.
Што датычыцца знешняй палітыкі Бразіліі, то, цалкам відавочна, у выпадку, калі прэзідэнтам стане Балсанару, краіна пойдзе ў фарватары знешнепалітычнага курсу ЗША, адзначыў Ігар Пшанічнікаў. Калі кіраўніком дзяржавы стане Адад, дзяржава будзе актыўна развіваць супрацоўніцтва ў рамках БРІКС, а амерыканцы страцяць свае пазіцыі ў гэтай краіне. Акрамя таго, пры Ададзе можна чакаць умацавання адносін Бразіліі з такімі гульцамі рэгіёна, як Куба, Венесуэла, Нікарагуа і Балівія, якія адкрыта стаяць на антыамерыканскіх пазіцыях. Зрэшты, дакладны расклад вызначыцца ўжо хутка.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] https://zviazda.by/be/tags/kantynenty