«Калі ласка, растлумачце, чаму «Звязда» піша «сярэбраны», а не «срэбраны», просіць у сваім лісце спадар Леў Дзіханаў. Ён жа хоча даведацца, у чым розніца паміж словамі «спецыяліст» і «адмысловец».
«У адным з выпускаў рубрыкі былі тлумачэнні некаторых назваў жанчын паводле іх адносін да іншых сямейнікаў. А як жа мужчыны? — пытае спадарыня Алена Рыбак. — Хто такі швагер, напрыклад?»
Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.
1. Слова срэбраны — дапушчальны варыянт. Аднак асноўным, безумоўна, трэба лічыць прыметнік сярэбраны.
Рэч у тым, што ён адлюстроўвае адметную рысу нашай мовы — поўнагалоссе. Прыкладаў, калі яно адрознівае беларускія словы ад іншых славянскіх, вельмі шмат: ГЛава семьи — ГАЛАва сям'і, ГЛас (балг., руск.) — ГОЛАс, KRál (чэш.) — КАРОль, SŁodkі (польск.) — САЛОдкі і г. д. Таму прыметнік «сярэбраны» і трэба выкарыстоўваць у першую чаргу. Тым больш што і слоўнікі падаюць яго як асноўны.
2. Спецыяліст — больш «строгае» слова. Ім трэба называць чалавека, які прафесійна займаецца пэўнай справай і мае для таго адпаведную падрыхтоўку, адукацыю. Напрыклад, скажам Я не змог адрамантаваць камп'ютар і звярнуўся да спецыяліста або Распрацоўкай гэтага зводу правілаў займаліся спецыялісты з галіны філалогіі.
Адмыслоўцам жа хутчэй называюць сапраўднага майстра, чалавека, які нешта выдатна робіць. Скажам, у «Новай зямлі» ў Якуба Коласа чытаем:
Рыбак быў дзядзька наш Антоні,
Як і работнік, адмысловы.
Такім жа адмыслоўцам можна лічыць хірурга, які робіць складаныя аперацыі; каваля, ганчара, пекара і г. д.
3. Адразу прызнаем: назваў мужчын паводле адносін сваяцтва ў нашай мове менш, чым назваў жанчын, але яны ёсць:
шва́гер — гэта па-беларуску і брат жонкі, і муж сястры, і муж швагеркі (жончынай сястры);
дзе́вер — мужаў брат.
У абарону слоў
Усім нам вядомае беларускае слова «праца». Фізічная праца, прылады працы, акадэмічныя працы — гэтыя і падобныя словазлучэнні і выразы кожны, хто чытае і гаворыць па-беларуску, сустракае рэгулярна.
Аднак не варта забывацца і пра яшчэ адно беларускае і вельмі патрэбнае слова — «работа». Яно — сваё, ні ў кога не запазычанае. Да таго ж у многіх выпадках яно адзіна магчымае: будаўнічыя работы; рэчы ручной работы; гэта (ужо) не работа; прымусовыя работы; бегаў Яначка ля плота — якая плата, такая і работа; не столькі работы, колькі турботы і г. д.
Цікава адзначыць, што ў народзе разам з працаваць вельмі пашыраны ў тым жа значэнні і дзеяслоў, аднакарэнны з назоўнікам «работа»: ён робіць на заводзе ў Мінску, яна робіць кранаўшчыцаю (прыклады са «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча»).
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/tags/mouny-praktykum