Вынікі рэпетыцыйнага тэсціравання, якое праводзіцца ў 2018—2019 гадах, будуць разлічвацца з выкарыстаннем новай методыкі падліку тэставага бала. Як паведамляецца на сайце [4] арганізатараў — Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў — гэта робіцца ў мэтах захавання пераемнасці вынікаў рэпетыцыйнага і цэнтралізаванага тэсціравання.
Крыху раней першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава анансавала ў сваім інтэрв'ю БелТА ўвядзенне падчас прыёмнай кампаніі 2019 года новай сістэмы апрацоўкі вынікаў ЦТ. Яна расказала, што сёлета эксперыментальна, паралельна з наяўнай сістэмай апрацоўкі вынікаў ЦТ, апрабавалася і новая методыка. Пры той сістэме падліку балаў, якая дзейнічала з моманту ўвядзення ў нашай краіне цэнтралізаванага тэсціравання, вынік удзельніка залежаў ад таго, як справіліся з канкрэтным заданнем іншыя абітурыенты, і ўсе яны паміж сабой ранжыраваліся. Але ад гэтай сістэмы вырашылі адмовіцца. У Міністэрстве адукацыі лічаць, што цяпер вынікі пераважнай большасці ўдзельнікаў ЦТ будуць набліжаны да выніковай атэстацыі ў школе і адлюстроўваць іх рэальны ўзровень ведаў. Пасля правядзення сёлетняга цэнтралізаванага тэсціравання ў міністэрстве параўналі вынікі эксперымента і ранейшай сістэмы і прыйшлі да высновы, што ў новай методыкі ёсць свае плюсы. Якія менавіта, разабрацца пакуль досыць складана, хоць на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў можна знайсці тлумачэнні да новай сістэмы падліку балаў.
У прыватнасці, там паведамляецца, што падлік вынікаў будзе ажыццяўляцца ў два этапы. Кожнаму тэставаму заданню прысвойваецца першасны бал, яго абітурыенты будуць ведаць яшчэ да пачатку ЦТ. Ён будзе залежаць ад некалькіх паказчыкаў — узроўню складанасці задання, формы яго прадстаўлення, у якой частцы тэста знаходзіцца заданне (у вобласці А ці В), адкрытае яно ці закрытае.
Напрыклад, у заданнях з выбарам двух і больш правільных адказаў у выпадку, калі дадзены больш чым адзін няправільны адказ, не ўказана больш аднаго правільнага адказу, а таксама дадзены хоць адзін няправільны і адначасова не ўказаны хоць бы адзін правільны адказ, заданне прызнаецца выкананым няправільна (дапушчана больш чым адна памылка).
Затым у працэсе праверкі работ будуць уведзены каэфіцыенты і далей разлічвацца выніковы тэставы бал. Свой рэйтынг абітурыенты змогуць убачыць на сайце РІКВ.
Арганізатары сцвярджаюць, што ўдзел у рэпетыцыйным тэсціраванні дазволіць абітурыенту не толькі вызначыць існуючыя прабелы ў ведах па вучэбным прадмеце, але і ацаніць свой бягучы ўзровень падрыхтоўкі ў параўнанні з іншымі ўдзельнікамі.
Трэба дадаць, што методык апрацоўкі вынікаў тэстаў у свеце шмат — ад вельмі простых да вельмі складаных. У нашай краіне імкнуцца знайсці залатую сярэдзіну: каб для ўсіх (і абітурыентаў, і бацькоў, і педагогаў) гэты падыход быў зразумелы, і каб адначасова выконваліся дзве функцыі — ранжыравання і ацэньвання ведаў. Раней бацькам было незразумела, чаму іх дзіця атрымлівае ў школе «васьмёркі» па прадмеце, а на тэсціраванні набірае ўсяго 30 балаў. І ўзнікалі пытанні: або школы завышаюць адзнакі, або тэсты вінаватыя? Ці зменіцца сітуацыя цяпер? Шанцы абітурыентаў 2019 года можна будзе ацаніць па новай методыцы ўжо пасля першага раўнду рэпетыцыйнага тэсціравання.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] http://rikc.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/repetycyynae-tesciravanne