У Магілёве міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц і намеснік міністра сельскай гаспадаркі Расійскай Федэрацыі Іван Лебедзеў падпісалі прагнозныя балансы адносна малака і мясапрадуктаў на наступны год.
Расійскі бок запэўніў, што ў Беларусі будзе магчымасць адправіць у Расійскую Федэрацыю той аб'ём харчовых прадуктаў, які быў недапастаўлены раней.
Пра практычную рэалізацыю прынятых на форуме пагадненняў журналістам расказаў беларускі міністр Леанід Заяц:
— На харчовы рынак Расіі ў 2019 годзе Беларусь у планавым рэжыме паставіць 320 тысяч тон мяса і мясапрадуктаў, 3 мільёны 710 тысяч тон малака і малочных прадуктаў. Гэта больш, чым летась, па мясе, напрыклад, на 11 працэнтаў. Лічу, што адкрытае абмеркаванне і стварэнне новых правілаў супрацоўніцтва выключаць магчымыя прэтэнзіі да якасці прадукцыі беларускіх вытворцаў. Не менш важна адкрытае ўзаемадзеянне ў сферы аграрнай навукі і адукацыі, інавацыйных распрацовак у селекцыі, стварэння тэхнічнага патэнцыялу новага пакалення.
З 1 ліпеня 2018 года пачала дзейнічаць сістэма электроннай сертыфікацыі тавараў жывёльнага паходжання «Меркурый», што робіць прасоўванне тавараў больш празрыстым і зразумелым.
Між тым на Форуме рэгіёнаў беларускія кампаніі АПК падпісалі кантракты на 123 мільёны долараў. А па выніках першага паўгоддзя 2018 года беларускія партнёры паставілі ў Расію сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання на суму 2055,5 мільёна долараў ЗША, ці больш за 82 працэнты ад усяго кошту экспарту гэтай групы тавараў. Доля імпарту беларускай малочнай прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю перавышае 87 працэнтаў. Такі падыход адпавядае канцэпцыі Саюзнай дзяржавы, калі мы ў першую чаргу забяспечваем харчаваннем адно аднаго і, толькі калі яго не хапае, прыцягваем яго з іншых рынкаў.
Марыя ПАЎЛОВІЧ
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/selskaya-gaspadarka
[3] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[4] https://zviazda.by/be/tags/v-forum-regiyonau-belarusi-i-rasii