ААТ “Авіякампанія “Белавія” і “Азербайджанскія Авіялініі” (AZAL) падпісалі двухбаковае пагадненне аб сумеснай эксплуатацыі авіялініі (код-шэрынг) Мінск — Баку з 28 кастрычніка.
Паводле яго, авіякампанія “Белавія” выступіць перавозчыкам-аператарам, а “Азербайджанскія авіялініі” — маркетынгавым партнёрам на лініі Мінск — Баку — Мінск. Такім чынам, з 28 кастрычніка рэйсы па дадзеным маршруце будуць выконвацца беларускай авіякампаніяй пад сваім кодам В2 і пад кодам азербайджанскага перавозчыка — J2.
— З пераходам на зімовы расклад авіякампанія “Белавія” павялічвае частату выканання палётаў у Баку да чатырох разоў у тыдзень. Вылеты з Мінска будуць ажыццяўляцца па панядзелках, серадах, пятніцах і суботах у 23.15 і прыбыццём у Баку на наступны дзень у 3.35. Вылеты з Баку будуць выконвацца па аўторках, чацвяргах, суботах і нядзелях у 4.35 і прылётам у Мінск у 7.10, — паведаміла спецыяліст па сувязях з грамадскасцю ААТ “Авіякампанія “Белавія” Вольга Шчуко.
Падпісанае пагадненне аб сумеснай эксплуатацыі рэйса Мінск — Баку — Мінск павінна значна павысіць яго прывабнасць для пасажыраў двух авіякампаній, якія вандруюць транзітам праз аэрапорты Мінска і Баку. Дзвюма авіякампаніямі плануецца істотны рост транзітных пасажыраў, якія будуць выкарыстоўваць аэрапорты сталіц дзвюх дзяржаў.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/belaviya-1
[2] https://zviazda.by/be/tags/samalyot
[3] https://zviazda.by/be/tags/baku