21—23 кастрычніка 2018 года грамадскасць Рэспублікі Беларусь будзе адзначаць 75-годдзе адной з самых трагічных падзей Вялікай Айчыннай вайны на беларускай зямлі — знішчэння Мінскага гета. Па колькасці вязняў (каля 100 000) Мінскае гета на акупаванай нацыстамі тэрыторыі Савецкага Саюза займала другое месца пасля Львоўскага, якое налічвала 136 тысяч вязняў.
Адной з самых галоўных, першарадных і каварных мэт нацыстаў у пачатку стварэння Мінскага гета было знішчэнне маладых мужчын-яўрэяў, у асноўным прызыўнога ўзросту. Гэта значыць тых, хто змог бы аказаць ім актыўнае супраціўленне ў далейшым. Толькі ў жніўні 1941 года было праведзена шэсць аблаў: 7—8, 14, 16, 24, 26 і 31 жніўня. Захаваўся запіс гутаркі ў партызанскім атрадзе 22 лютага 1944 года з адказным супрацоўнікам Беларускага штаба партызанскага руху капітанам НКУС
Н. Касым, падчас якой былая вязніца Мінскага гета Хана Ізраілеўна Рубінчык паказала:
«Прыкладна праз тыдзень пасля таго, як насельніцтва перасялілася ў гета, пачаліся аблавы. Першая аблава была 7—8 жніўня (1941 года. — Аўт.), тады было ўзята чалавек 800 мужчын. Іх узялі быццам на нейкія работы, але больш гэтыя людзі не вярнуліся. Урываліся ў дамы, забіралі падлеткаў, старых, мужчын...Такія аблавы праводзіліся прыкладна кожны тыдзень. Папярэдне ачапляўся раён гета кулямётамі з усіх бакоў, каб не было ніякага выхаду, і людзей вылаўлівалі такім жа метадам, як сабак».
Мінскае гета праіснавала каля 800 дзён. Амаль столькі ж дзён у гэтым лагеры смерці за калючым дротам людзі — і старэйшыя, і зусім маладыя — мужна змагаліся з акупантамі. Мы раскажам толькі пра некаторых з іх — па сутнасці, дзяцей, якіх вайна зрабіла дарослымі.
«Я нікога не выдала»
Кіраўніком камсамольскага падполля, ці іншымі словамі камсоргам Мінскага гета, была Эма Родава. Кароткі час яна нават узначальвала ўсё гетаўскае антыфашысцкае падполле — як партыйнае, так і камсамольскае. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 годзе ёй быў 21 год.
Менавіта Эма стала арганізатарам падпольнай камсамольскай арганізацыі Мінскага гета і пачала выконваць самыя сакрэтныя і адказныя даручэнні партыйнага падполля гета і Мінскага падпольнага гаркама партыі. У верасні 1942 года падпольшчыцу арыштавала СД.
З 103-й камеры Мінскай турмы, дзе сядзела Эма Родава, у жывых засталася толькі былая партызанка брыгады «Народныя мсціўцы» імя Варанянскага Раіса Рыгораўна Хасяневіч, якая выратавалася цудам. У размове з аўтарам гэтых радкоў яна нагадала тыя страшныя для яе дні: «Кастрычніцкім днём 1942 года гітлераўцы ўпіхнулі мяне ў перапоўненую вязніцамі камеру Мінскай турмы. Аглядзеўшыся, я звярнула ўвагу на збітую, усю ў крывападцёках дзяўчыну, якая ляжала ў кутку. Погляд яе чорных, як два вугалькі, вачэй прыцягваў нейкай унутранай сілай, бясстрашнасцю, непахіснасцю. Я пасябравала з гэтай дзяўчынай. Яе звалі Эма Родава. Падвяргаючыся нечалавечым пакутам, Эма знаходзіла ў сабе сілы клапаціцца аб іншых зняволеных. Яна нічога не расказвала пра сябе.
Я не распытвала, але адчувала, што на свабодзе яна актыўна ўдзельнічала ў барацьбе з акупантамі.
Аднойчы, калі яе зноў, збітую пасля допыту, кінулі ў камеру, Родава, аблізваючы акрываўленыя вусны, папрасіла: «Калі хто-небудзь з вас застанецца жывым, перадайце: я нікога не выдала». Яна сапраўды не здала супрацоўнікам СД ніводнага з сваіх сувязных, якіх у яе было шмат у гета і ў «рускай зоне». Адзінае, што прасіла Эма ў сваіх запісках, каб падпольшчыкі пераслалі ёй таблетку цыяніду. 9 студзеня 1943 года пасля доўгіх месяцаў пакут і катаванняў Эма Родава загінула ў турме СД.
Пайсці ў партызаны, каб выжыць і змагацца
Да сённяшняга дня ў перыядычным друку, у энцыклапедычных выданнях, у афіцыйнай гістарычнай літаратуры змешчаны сотні публікацый аб гісторыі Мінскага антыфашысцкага падполля. На жаль, ніхто з аўтараў афіцыйных выданняў па гісторыі Мінска і Мінскага антыфашысцкага падполля не акцэнтуе ўвагу чытачоў на тым, што змагацца з нацыстамі і іх памагатымі падпольшчыкам Мінскага гета было непараўнальна цяжэй, чым ва ўмовах гарадскога падполля, або, як гаварылася тады, — падполля ў «рускім раёне».
Тлумачыцца гэта тым, што акупанты ўвялі кругавую паруку. У красавіку — маі 1942 года дамы ў гета былі пранумараваны. Вязні гета абавязваліся атрымаць у юдэнраце белую нашыўку з нумарам дома, а на дамах указвалася колькасць жыхароў. Акрамя пастаянных апазнавальных знакаў (жоўтай латкі з шасціканцовай зоркай) кожнаму жыхару дома, кватэры былі прысвоены індывідуальныя нумары, якія трэба было насіць ніжэй жоўтай латкі. Нацысты наладжвалі рэйды: калі ў якім-небудзь доме не хапала аднаго жыльца або там аказваўся чужы чалавек — носьбіт іншага нумара, — расстрэльвалі ўсіх. Такім чынам, калі хто-небудзь знікаў, то знішчаліся ўсе жыхары дома або кватэры. Па нядзелях на Юбілейнай плошчы ладзіліся пераклічкі (апелі). Гэта накладвала асобую адказнасць за кожны крок, за кожнае дзеянне падпольшчыкаў.
Пазней, калі падпольная арганізацыя гета пачала адпраўляць вязняў у партызанскія атрады, СД устанавіла кругавую паруку: калі з рабочай калоны знікаў чалавек, ноччу знішчалі ўсіх членаў яго сям'і і суседзяў...
У час інтэрв'ю з былымі вязнямі гета амаль усе яны падкрэслівалі, што ў многім поспех цяжкага шляху ў партызанскія атрады залежаў ад умення, надзейнасці і добрай арыентаванасці правадніка.
Сын «звяздоўскага» парторга
Менавіта такім правадніком быў Уладзімір Сямёнавіч Рубежын, або Вілік, Віля, як яго звалі ў дзяцінстве. Я браў у яго інтэрв'ю два разы — у 1992 і 2013 гадах.
Вось што расказваў Уладзімір Рубежын: «Я нарадзіўся 5 чэрвеня 1929 года ў Гомелі. Мой бацька Сямён Барысавіч працаваў у газеце «Палеская праўда», затым — у рэспубліканскай газеце «Звязда» спачатку літработнікам, а потым — парторгам. Маці была хатняй гаспадыняй і выхоўвала двух сыноў.
У 1941-м мне споўнілася дванаццаць гадоў, а майму брату Марыку — чатыры. Калі пачалася вайна, я знаходзіўся ў піянерскім лагеры «Мядзвежына». За мной прыехаў бацька, і 24 чэрвеня мы дабраліся да Мінска. Горад гарэў пасля бамбёжкі яго нямецкімі самалётамі. Дома мы нікога не засталі, і тады мы далучыліся да вялікага натоўпу бежанцаў, якія спешна пакідалі сталіцу. Бацька, які перажываў за маці і майго малодшага брата, пакінуў мяне і вярнуўся ў Мінск, спадзеючыся знайсці сям'ю. У гэты час шлях бежанцам перагарадзілі нямецкія дэсантнікі. Я быў вымушаны вярнуцца ў горад.
Дабраўшыся да сваёй кватэры ў Мінску, я не знайшоў ні бацькі, ні маці з братам. Суседзі сказалі, што маці і малодшы брат Марык збеглі з горада, а бацьку мабілізавалі ў армію.
Каля месяца я жыў у сваёй кватэры. Аднойчы, вяртаючыся з Камароўскага рынку, куды хадзіў мяняць рэчы на хлеб, убачыў «добрую» цёцю Наташу, да якой мама ў запісцы, што пакінула, ад'язджаючы, раіла мне звяртацца па дапамогу. Яна з паліцаем уваходзілі ў нашу кватэру. Дадому я ўжо не пайшоў.
20 ліпеня 1941 года я прачытаў загад нямецкага каменданта аб арганізацыі ў Мінску гета. Я яшчэ не ўсё ўсведамляў, але нейкім чуццём зразумеў, што ўсім, хто трапіць туды, пагражае небяспека. Я не збіраўся ісці ў гета, але аднойчы мяне схапілі на вуліцы і адвялі на рэгістрацыю ў юдэнрат.
Там я сустрэў добрых знаёмых сваіх бацькоў — Малініных — і разам з імі пасяліўся на вуліцы Сухой у будынку былога дзіцячага сада. Праўда, да таго часу ўсе кватэры былі ўжо занятыя, і я размясціўся ў... туалеце. Сёння цяжка ў гэта паверыць, але я там і жыў.
Я пачаў усведамляць, што гета часта ператвараецца ў могілкі. Таму што кожны дзень я бачыў трупы забітых або памерлых ад голаду. Я кожную раніцу пералазіў цераз дрот у «рускі раён» (так вязні гета называлі ўсю тэрыторыю за дротам, якім яно было агароджана. — Аўт.) у пошуках прадуктаў для сябе і іншых вязняў. Вечарам я вяртаўся назад.
Аднойчы, 7 лістапада 1941 года, усіх вязняў Мінскага гета выгналі з кватэр і сталі строіць у калоны. Адчуваючы небяспеку, я збег. Тады я не ведаў, што нацысты правялі першы пагром і тым самым вызвалялі раён гета для дэпартуемых яўрэяў з Германіі.
Праз некалькі дзён я сустрэў цудам уцалелых Малініных, разам з каторымі пасяліўся на вуліцы Астроўскага. Аднойчы муж і жонка Малініны некуды пайшлі і не вярнуліся, пакінуўшы двух сыноў. Аднаму было сем месяцаў, а другому — колькі і мне. Хлопчыкам дала прытулак у сябе Сара Голанд.
Я доўгі час не ведаў, што Сара Голанд — актыўная падпольшчыца і адначасова сувязная падпольнай арганізацыі Мінскага гета, якую ўзначальвалі Міхаіл Гебелеў і Гірш Смоляр. Некалькі месяцаў яна ўважліва прыглядалася да мяне, а пасля спытала, ці быў я піянерам. І тады я адказаў:
— Чаму быў? Мяне з піянераў ніхто не выключаў. А бацька мой камуніст. Ён на фронце.
Даведаўшыся, што мой бацька быў парторгам газеты «Звязда», Сара ўсміхнулася і сказала:
— Усё будзе добра, трэба толькі нос не вешаць...
Праз некалькі дзён да Голандаў прыйшлі двое мужчын. Адзін з іх спытаў у Сары:
— Гэта той самы хлапчук, аб якім ты расказвала?
Так я пазнаёміўся з кіраўнікамі падполля ў Мінскім гета — Міхаілам Гебелевым і Гіршам Смолярам. Перш чым даць мне канкрэтнае заданне, яны доўга гутарылі са мной аб абавязку перад Радзімай, пільнасці, асцярожнасці. Гаварылі так, быццам перад імі быў не 13-гадовы падлетак, а дарослы чалавек. У адказ яны пачулі такія мае словы:
— Я ўсё зразумеў. Не падвяду. Агітаваць мяне не трэба».
Так 13-гадовы хлопчык стаў удзельнікам Мінскага антыфашысцкага падполля.
«І я застаўся адзін — без родных і блізкіх»
Сярод падлеткаў, якія выводзілі вязняў з Мінскага гета, быў і Леў Кравец. У размове з аўтарам гэтых радкоў ён расказваў:
«Я нарадзіўся ў 1930 годзе ў горадзе Мінску. Да вайны вучыўся ў 21-й школе, паспеў скончыць тры класы. З-за нямецкага дэсанта паблізу ад Мінска мы не паспелі эвакуіравацца... Пасля пагрому 2 сакавіка 1942 года нас перасялілі на Танкавую вуліцу... У кастрычніку 1942 года рабочую калону, дзе знаходзілася маці, пасадзілі на машыны і адвезлі ў Трасцянецкі лагер смерці. Што такое Трасцянец, мы тады яшчэ не ведалі...
Калі мы з сястрой Маяй, 1932 года нараджэння, засталіся без мамы, я пачаў думаць, як нам далей жыць. Есці не было чаго, людзі паміралі з голаду. Надзеі, што хто-небудзь нам дапаможа, не было. Я ўзяў з сабой сястру, і мы збеглі з гета. Хадзілі па вёсках, жабравалі. Так мы ратаваліся ад голаду. Зімой прыходзілася вяртацца ў гета, бо не было дзе начаваць. Я сястру пакідаў у гета, а сам хадзіў на пошукі харчавання. Стаў хадзіць на таварную станцыю. Немцы, якія ехалі на фронт, давалі мыць кацялкі і там пакідалі трошачкі ежы. Гэта было для нас выратаванне. Я частку дабытай ежы прыносіў сястры... Мы шукалі партызан, і аднойчы іх сустрэлі...»
А вось што давялося пачуць ад кіраўніка Асацыяцыі былых вязняў гета і канцлагераў і намесніка старшыні Савета дырэктараў Амерыканскай асацыяцыі яўрэяў з былога Савецкага Саюза Савелія Каплінскага:
«У пагромах загінулі мае бацькі і брат Яша. Я да сённяшняга дня не магу сабе дараваць, што не выратаваў яго. Мне ішоў трынаццаты год. І я застаўся адзін — без родных і блізкіх. Каб неяк пражыць, трэба было працаваць. Я з цяжкасцю ўладкаваўся на працу. Нашу калону вадзілі ў «Белполк» на Грушаўцы, дзе ў казармах жылі нямецкія салдаты. Прастора паміж карпусамі казармаў была засеяна гароднінай, і мы павінны былі яе апрацоўваць. Летам я працаваў на гэтых агародах, а зімой разносіў дровы ў памяшканні казармаў. Салдаты тут доўга не затрымліваліся: адных адпраўлялі на фронт, другіх — у тыл на перафарміраванні. Адны ад'язджалі, другія прыязджалі, і я карыстаўся гэтым кругаваротам, каб красці ў іх зброю і патроны.
Мы перадавалі зброю і патроны надзейным людзям праз сваіх беларускіх равеснікаў Любу і Колю Прышчэпаў. Яны жылі каля фабрыкі імя Тэльмана, недалёка ад гета. Краў я і гранаты. Вязні гета, якія працавалі, насілі з сабой ацынкаваныя бляшанкі для баланды, якую немцы давалі тым, хто працуе. У гэтых бляшанках ежу перадавалі тым, хто заставаўся ў гета. У мяне заўсёды пад рэшткамі салдацкай кашы, якую я выскрэбваў з недаедзеных місак, ляжалі патроны. Зразумела, калі б іх знайшлі, маглі расстраляць усю калону, але Бог мілаваў.
Мой сябра Шолам Грынгауз хутка стаў партызанам, але вяртаўся, каб вывесці ў партызанскі атрад усю нашу групу, а таксама сваю маці, сястру і брата...»
Невядомыя героі
Сотні юнакоў і дзяўчат — былых вязняў Мінскага гета — сталі адважнымі беларускімі партызанамі. Мала каму вядома, што менавіта яны склалі касцяк фарміравання Асобага злучэння партызанскіх атрадаў Баранавіцкай вобласці, Ленінскай партызанскай брыгады Баранавіцкай вобласці, 10 партызанскіх атрадаў і аднаго партызанскага батальёна.
На вялікі жаль, акрамя аднаго з кіраўнікоў антыфашысцкага падполля Мінскага гета, сакратара Тэльманаўскага райкама партыі (у гета) Міхаіла Гебелева, імем якога названа вуліца ў Мінску, і 17-гадовай дачкі вязніцы Мінскага гета — адважнай падпольшчыцы Машы Брускінай, у Мінску не ўвекавечаны ні адзін удзельнік партыйнага і камсамольскага падполля Мінскага гета, якое налічвала больш за 400 адважных барацьбітоў з нацысцкімі акупантамі і іх памагатымі. Застаецца спадзявацца, што гэта становішча будзе выпраўлена ў найбліжэйшыя гады.
Эмануіл ІОФЕ, прафесар БДПУ імя М. Танка, доктар гістарычных навук
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/75-goddze-vyzvalennya-belarusi