Спачатку ў рамках форуму праграма Bеlаrus Ореn прадставіла дзесяць найцікавейшых і, я ўпэўнена, для некага нечаканых беларускіх пастановак — пра іх мы ўжо расказалі. Потым сцэнічныя пляцоўкі заняла Міжнародная праграма — ужо восьмы раз «ТЭАРТ» прывёз у Мінск замежныя спектаклі, якія паказваюць, на што адгукаецца тэатр, якімі інструментамі і формамі ён карыстаецца, якія тэндэнцыі ў ім пануюць. Паўднёвакарэйцы з іх драйвам, «Тры сястры» ў нямой інтэрпрэтацыі Цімафея Кулябіна, кінашаблоны на тэатральнай сцэне ў бельгійскай рабоце — дзевяць замежных пастановак прамільгнулі ў Мінску, але, хочацца спадзявацца, засталіся тут у нейкім іншым, калі не фізічным, выглядзе. У аўторак быў паказаны апошні спектакль: 27 дзён форуму зноў далі зразумець, наколькі бяздонным, шчырым і захапляльным з'яўляецца тэатральнае мастацтва.
Калятэатральнае
Галоўных уражанняў ад «ТЭАРТу» ў мяне два — першае датычыцца цікавасці да форуму з боку наведвальнікаў, другое, канешне, саміх праграм, бо часам пасля прагляду падавалася, што ты дакрануўся да нечага невытлумачальна-касмічнага.
Статыстыка кажа, што за амаль месяц «ТЭАРТу» яго мерапрыемствы — што апроч пастановак прадугледжвае таксама сустрэчы, майстар-класы, лекцыі — наведала больш за сем тысяч чалавек. Гучыць даволі грунтоўна, аб'яднаць такую колькасць людзей пад адной назвай — дорага каштуе. Але мне ўспамінаюцца замежныя пастаноўкі (напрыклад, каманда неверагоднай «Арктыкі» дзеля аднаго паказу прывезла ў Мінск на дзвюх фурах паўтары тоны рэквізіту), што ў двухмільённым горадзе і не спешчанай тэатральнымі фестывалямі дзесяцімільённай краіне не сабралі поўныя залы.
Я даўно ведаю, што наша грамадства даволі пасіўнае ў дачыненні да культурнай сферы, але можна ўявіць, наколькі, калі нават стыльны і якасны «ТЭАРТ», што раз у год прапануе ўнікальны для Беларусі фармат і абяцае выкшталцоныя відовішчы, не можа прадаць на прапанаваныя пастаноўкі ўсе да аднаго білеты. Лічба ў сем тысяч перастае ўражваць, але сам «ТЭАРТ» гэта ніяк не характарызуе: паказаўшы беларускую праграму, якую ацанілі больш за трыццаць запрошаных замежных экспертаў, форум забяспечыў беларускага гледача аднымі з самых гучных тэатральных спектакляў замежжа. Тое, што культурны кантэкст прыязджае ў Мінск, а не кліча за сабой, дае нам шмат прэферэнцый і натуральна — прастору для разваг і спрэчак, бо не ўсё тут варта таго, каб глядзець з адкрытым ротам, затое кожная пастаноўка дае шмат інфармацыі пра навакольны свет і сучасны тэатр.
Харэаграфія
Гэтым разам у Міжнароднай праграме «ТЭАРТ» паказаў адразу тры харэаграфічныя пастаноўкі — дзіўна, наколькі шматслоўнай можа быць пластыка чалавечага цела і наколькі цікавым можа быць ненаратыўны танцавальны спектакль (але, зразумела, не кожны).
Па-першае, у Мінск прыехала экзотыка — пастаноўка «Даркнес пумба» з Паўднёвай Карэі: танцоры ў цалкам чорным адзенні, у тым ліку пінжаках, а таксама музыканты (падчас спектакля гледачы чуюць жывы гук) паказалі сапраўдны драйв. Рэжысёр аб'яднаў на сцэне традыцыйныя музычныя матывы і спевы з блюзам, рокам і мадэрновым танцам. Перакладу таго, што спяваецца, не было, з балкона я нават не бачыла тыя моманты, калі салісты выходзілі ў залу і атрымлівалі гучныя авацыі, але «Даркнес пумба» мяне скарыла. Сумяшчэнне старога і новага, павольнага і энергічнага, мінімалізму ў дэкарацыях і сканцэнтраванасці на рухах цела зрабілі сваю справу — гэта было прыгожа, захапляльна і, падазраю, небессэнсоўна. Падавалася, што спектакль звяртаецца то да нечага боскага, то да прыземленага і будзённага. На сцэне заставаліся мокрыя сляды ад разагрэтых целаў танцораў. Гледачы ўбачылі, як можна адбіць рытм металічнымі палачкамі для сушы і ўключыць такі празаічны элемент у тэатральнае мастацтва.
Дзве другія харэаграфічныя пастаноўкі прыехалі з Польшчы і таксама ў меншай ці большай ступені выкарысталі традыцыйныя матывы. Сztеrdzіеsсі (40) Джо Стромгрэна — танцавальная наратыўная гісторыя пра польку, якая з'ехала з халоднай Польшчы ад яе восені, што ўганяе ў дэпрэсію, сустрэла ў Францыі паляка, вярнулася на радзіму, убачыла ўсе змены і пачула памылкова пабудаванае пытанне «Hоw dо уоu dоіng?», зноў стала сведкам праблем краіны і так далей. У пэўны момант падаецца, што спектакль ператвараецца ва ўрапатрыятычную гісторыю, але не, не ператварыўся. Пастаноўка аказалася іранічнай і нават крыху сентыментальнай. Яна паказала актуальную для Польшчы праблему эміграцыі і актуальную для асобы праблему пошуку сябе. Усё гэта атрымалася перадаць вельмі вынаходлівымі спосабамі, дарэчы, у Джо Стромгрэна атрымалася, напэўна, адна з самых дакладных візуальных перадач дэпрэсіі.
«Жніво» ж Ігара Гашкоўскага перайграла само сябе. Гэтым разам танцавальны спектакль аказаўся не сюжэтным, але пачуццёвым. Можна вылавіць тэмы — уласна збору збожжа ці адносін мужчын і жанчын, але на першы план выходзіць жаданне Ігара Гашкоўскага, прынамсі, мне так падаецца, выклікаць у гледача нейкую фізічную рэакцыю. Раздражненне, узбуджанасць і нават юрлівасць. У нейкі момант колькасць паўтораў, якія намякаюць на вечны цыкл, дасягае такой кропкі, што пастаноўка страчвае здольнасць уплываць на эмоцыі гледача, а сэнсы складваюцца ў набор дакучлівых матываў. Тым не менш «Жніво» стала чарговым спектаклем-прыкладам, як ствараць сэнсы танцам, і паказчыкам, наколькі магутным інструментам з'яўляюцца рухі цела.
Гумар
Так, «нудны тэатр», высокае мастацтва дае магчымасць пасмяяцца. Сёлетняя Міжнародная праграма пачалася з заўсёдніка «ТЭАРТа» Оскараса Каршуноваса і яго пастаноўкі «Вяселле», заснаванай на п'есе Бертольда Брэхта, але, канешне ж, ва ўласным прачытанні рэжысёра і пад асучасненым соусам. Каманда падладзіла спектакль пад паказ у Мінску — у дыялогах прагучалі гордыя беларусы, чысціня Мінска, беларуская смятана і грэчка, ад якой можна «адчуць смак жыцця»... Выходзячы з залы, нейкія хлопцы разважалі, што нічога ў «Вяселлі» няма звышнатуральнага, проста, маўляў, забаўка, а не тэатр. Напэўна, якраз з-за камедыйнага складніка, які стэрэатыпна «прыніжае» мастацтва да нейкага відовішча. Але «Вяселле», калі не лічыць яго крыху збітую і няёмка абыграную канцоўку, сталася пралічаным аповедам пра чалавечую натуру і крыніцай цэлага калейдаскопа эмоцый. Сям'я і сябры прыстойна сабраліся за вясельным сталом, але чалавечыя хібы і страсці ператварылі свята стварэння новай сям'і ў скандальны сямейны міжсабойчык. Бертольд Брэхт зайграў па-новаму, па-літоўску, па-сучаснаму, а спектакль паказаў звычкі, рэаліі і манеры, якія цалкам могуць сысці за нашы.
Фінска-латвійская пастаноўка «Тры мушкецёры. На ўсход ад Вены» гарэзліва накіравала мушкецёраў у сучасны свет і пракаціла іх па Усходняй Еўропе. Папулярнае ў тэатры выкарыстанне відэа заняло большую частку прасторы і ўсё ўзаемадзеянне сцэны з экранам не тое каб уразіла. Больш за тое, мушкецёры ездзілі па розных краінах у пошуках вайны, і часам выяўлялі даволі пагардлівы погляд на іншыя тэрыторыі. Саркастычна, напрыклад, яны пасмяяліся з Прыднястроўя і ў пэўным сэнсе прымусілі і гледача глядзець з іроніяй на жанчыну, што расказвае анекдот пра богам абраную тэрыторыю. У сярэдзіне ў трып спектакля неарганічна ўпісаліся стасункі паміж галоўнымі героямі, усё змяшалася, падарожжа мушкецёраў і іх пошукі занялі экран, а акцёраў часам відавочна не ведалі, як заняць.
Затое тут знайшлося супераб'яднанне: бельгійская пастаноўка «Арктыка» Ан-Сесіль Вандалем перанесла шаблоны хорараў і трылераў кінамастацтва на тэатральную сцэну. Дзеянне адбываецца на круізным лайнеры, за сцэнай пабудавана цэлая сетка ўваходаў і выхадаў, кают і калідораў, падзеі ў якіх тут жа адлюстроўваюцца на экране відэааператарамі (выкарыстанне відэаздымкі ў тэатральных пастаноўках можна назваць тэндэнцыяй, прыём не новы, але можа быць эфектным). Акцёры задзейнічаны ўвесь час, бачым мы іх фізічна ці на экране — яны іграюць у спектаклі (у адрозненне ад «Трох мушкецёраў»). Відэа дало магчымасць цудоўна абыгрываць кінапрыёмы і нават надало нейкага містычнага складніка — «Арктыка» сталася палітычным трылерам з забойствамі, самазабойствамі, змовамі, экалагічнымі праблемамі, супрацьстаяннем улады і электарату, помстай і музычным калектывам у глыбіні сцэны. Гэта «кіно» я паглядзела б яшчэ раз.
Усё тлен
Пастаноўка Цімафея Кулябіна — яго «Тангейзера» некалькі гадоў таму забаранілі ў Новасібірску з-за скаргі вернікаў — «Тры сястры» па п'есе Чэхава, несумненна, аказалася вішанькай на торце. Гэта самы неверагодны спектакль форуму. Кожны антракт — а іх у чатырохгадзінным спектаклі было тры — мне шчыра хацелася пакінуць залу і ніколі гэтага не бачыць, таму што не зусім бязвыхадная п'еса Чэхава тут дасягнула такога трагізму і песімізму, ад якога становіцца дрэнна фізічна. Дзеля пастаноўкі акцёры вывучылі мову жэстаў — героі, апроч аднаго, не вымавілі ніводнага слова, затое іх замянілі іншыя гукі, рухі, асвятленне. Ведайце, істэрыка на мове жэстаў можа быць «гучнейшай» за славесную. З пункту гледжання тэатральнага мастацтва нямыя «Тры сястры» — бяздонная, карпатлівая, неверагодная работа. Кожны акт мяняў сцэнічнае наваколле да непазнавальнасці. Трансфармацыя герояў, сімвалічнае апусценне прасторы, сюжэтныя змены стварылі чалавечую трагедыю і выклікалі адчуванне безнадзейнасці існавання на зямлі. Разбітыя мары, смерць з-за кахання, незадаволенасць жыццём, новае адкрыццё Чэхава, «усё тлен» — у спектаклі без слоў.
«ТЭАРТ» гаворыць
Балем правяць капрадукцыя, даследаванне магчымасцяў цела, выкарыстанне відэа і адсылак да кіно ў цэлым, зварот да традыцыйных матываў, глабальныя пытанні і «кругі на вадзе» вакол чалавечай натуры. Восьмы «ТЭАРТ» паказаў дзевяць пастановак — ён завяршыўся ў аўторак супярэчлівым спектаклем «Сайгон», а тэатр чарговы раз заявіў пра сябе як пра захапляльнае мастацтва — кожны раз ты быццам круціш рулетку і трапляеш на новую форму, дзе вынаходлівасць аўтараў — удала яна ўвасоблена ці не — паказвае бясконцасць іх магчымасцяў. Такі збор не можа прайсці бясследна.
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Фота teart.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/irena-kacyalovich-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/teatr
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya
[5] https://zviazda.by/be/tags/teart