Заходні — гэта адзін з маладых мікрараёнаў Бабруйска, які імкліва развіваецца. Першага верасня тут адкрылася буйная нават па маштабах краіны школа на тысячу вучняў, а зараз на яе базе ўрачыста прэзентавалі новы басейн.
Двухпавярховы будынак быў узведзены з сучасных матэрыялаў усяго за адзінаццаць месяцаў. Да паслуг наведвальнікаў — сем плавальных дарожак па 25 метраў кожная. Плюс «лягушатнік» для дзяцей. Наведваць спартыўны аб'ект змогуць не толькі вучні 34-й школы, але і ўсе жыхары Бабруйска. Дарэчы, акрамя басейна створаны ўмовы для заняткаў настольным тэнісам, у трэнажорнай зале да паслуг дарослых і дзяцей утульныя душавыя, для персаналу — трэнерскія памяшканні. Ёсць нават саўна.
Як адзначыў падчас адкрыцця старшыня Бабруйскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў, установа дазволіць усім жыхарам мікрараёна аздаравіцца, ну а вучням дасць шанц палепшыць свае спартыўныя паказчыкі і дасягнуць новых вышынь. Кіраўнік горада падзякаваў за такі прыгожы і карысны падарунак гораду і ўручыў будаўнікам узнагароды, а таксама выказаў спадзяванні, што хутка ў Бабруйску з'явіцца яшчэ адзін вельмі важны для горада аб'ект — дзіцячы сад у сёмым мікрараёне.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота bobrlife.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/babruysk