У рамках юбілейнай праграмы адбудзецца адкрыты дыялог “Камсамол. Традыцыі. Будучыня”, падчас якога лідары факультэцкіх арганізацый БРСМ і прадстаўнікі студэнцкага актыву абмяркуюць перспектывы развіцця маладзёжнага руху ў БДУ. Удзельнікамі адкрытага дыялогу стануць сакратары камсамола мінулых гадоў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу БДУ. Сярод іх: дырэктар Рэспубліканскага Інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Анатоль Тозік, дэкан ФМА Віктар Шадурскі, дэкан юрыдычнага факультэта Сяргей Балашэнка, прафесар кафедры гісторыі журналістыкі і менеджменту СМІ факультэта журналістыкі Алег Слука і іншыя.
На першым паверсе рэктарата БДУ будзе працаваць выстава “Гісторыя камсамола — Летапіс Маладосці” Наведвальнікі змогуць убачыць рэдкія экспанаты з фондаў Музея гісторыі ўніверсітэта. У іх лік увойдуць эксклюзіўныя фатаграфіі, рукапісы, успаміны, плакаты, граматы, асабістыя рэчы актывістаў камсамола, пасведчанні і нагрудныя знакі, сцягі, тэматычныя кнігі, а таксама газетныя матэрыялы.
З адкрытай лекцыяй на тэму “Ад ВЛКСМ да БРСМ: гісторыя развіцця маладзёжнай палітыкі Беларусі” 24 кастрычніка выступіць дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук Вадзім Гігін. Спікер у перыяд з 2002 па 2007 год працаваў на розных пасадах грамадскага аб'яднання БРСМ, у тым ліку другім сакратаром Цэнтральнага камітэта і першым сакратаром Мінскага гарадскога камітэта.
У ноч з 26 на 27 кастрычніка ў рамках праекта “Ноч кіно ў “Камсамольцы” адбудзецца паказ фільма Міхаіла Пташука “Час выбраў нас” (кінатэатр “Камсамолец”, пачатак у 22.00). У праглядзе карціны прымуць удзел актывісты БРСМ БДУ і іншых універсітэтаў сталіцы. Пяцісерыйны савецкі мастацкі фільм прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны і дзеянням камсамольцаў-падпольшчыкаў у гэты перыяд.
Завершыцца праграма мерапрыемстваў урачыстым сходам і святочным канцэртам “Камсамол — гэта маладосць мая, гонар мой!”. Пройдзе ён 1 лістапада ў Ліцэі БДУ. Творчыя калектывы ўніверсітэта прадставяць тэматычныя нумары ў духу часоў камсамола. Іх выступленні будзе суправаджаць відэашэраг, прысвечаны гісторыі ВЛКСМ БДУ.
Арганізатарамі цыклу мерапрыемстваў выступаюць БРСМ, упраўленне па справах культуры, упраўленне выхаваўчай працы з моладдзю і Музей гісторыі БДУ. Памятная дата стварэння Усесаюзнага Ленінскага камуністычнага саюза моладзі святкуецца 29 кастрычніка.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/vlksm
[2] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[3] https://zviazda.by/be/tags/yubiley