Нацыянальны банк Беларусі разгледзіць пытанне аб узроўні стаўкі рэфінансавання ў канцы снежня гэтага года, паведаміў намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Калечыц на міжнародным форуме па банкаўскіх інфармацыйных тэхналогіях "БанкИТ'2018", паведамляе БЕЛТА [1].
У верасні Нацбанк захаваў стаўку рэфінансавання на ўзроўні 10% гадавых. "Пакуль мы не мяркуем нейкіх зменаў", - сказаў Дзмітрый Калечыц, адказваючы на пытанне аб магчымым змяненні стаўкі рэфінансавання. Пытанне аб узроўні стаўкі будзе разглядацца ў планавым парадку на штоквартальным пасяджэнні праўлення Нацбанка, якое пройдзе 19 снежня. Паводле яго слоў, Нацбанк працягне прытрымлівацца нейтральнай грашова-крэдытнай палітыкі. "Па нашых разліках, цяпер мы знаходзімся на ўзроўні стаўкі рэфінансавання, які, з аднаго боку, фарміруе ўмовы для дасягнення цэнавай стабільнасці, з другога - падтрымлівае нармальную дзелавую актыўнасць", - адзначыў Дзмітрый Калечыц.
Нацбанк па выніках 2018 года з улікам усіх рызык у знешняй эканоміцы і прынятых мер чакае інфляцыю ў раёне 5,5%. Такім чынам, мэтавая задача не перавысіць 6% будзе выканана, сказаў намеснік старшыні Нацбанка.
Дзмітрый Калечыц таксама пацвердзіў, што у 2019 годзе інфляцыю маюць намер знізіць да 5%. "Прагнозныя дакументы на наступны год падрыхтаваныя. Дэ-факта яны ўлічваюць усе магчымыя рызыкі і сцэнары развіцця міжнароднай і беларускай эканомікі. Устаноўлены параметр па інфляцыі - 5%. Тыя інструменты і механізмы, якія ёсць цяпер ва ўрада і Нацыянальнага банка, па нашых прагнозах, дазваляюць дасягнуць гэтай мэты", - дадаў ён.
Спасылкі
[1] http://www.belta.by/economics/view/natsbank-belarusi-rassmotrit-vopros-ob-urovne-stavki-refinansirovanija-v-kontse-dekabrja-322712-2018/
[2] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-kalechyc-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/stauka-refinansavannya
[4] https://zviazda.by/be/tags/refinansavanne