Урач і эканаміст, спявачка і кампазітар, паэтка, якая з аднолькавым імпэтам піша на рускай, беларускай, англійскай, французскай і іншых мовах, і музыкант, якога смела можна назваць чалавекам-аркестрам, бо ён іграе на гітары, баяне, клавішных... А яшчэ яны — бацькі дваіх сыноў, музычны гурт «Аўра» і аўтары больш чым 300 песень, якія гучаць у розных краінах свету. І, мабыць, адна з самых трывалых сямейных пар беларускай сцэны.
Юлія Быкава і Яўген Алейнік ужо 13 гадоў як утвараюць сямейны і творчы дуэт. «Гэта калі лічыць афіцыйна, з рэгістрацыі шлюбу ў загсе, — удакладняе Юлія. — Насамрэч мы разам з 1999 года — страшна сказаць, хутка 20 гадоў будзе!».
Пра час і сямейны лад
— Існуе стэрэатып, што дзвюм творчым асобам цяжка ўжывацца ў межах адной сям'і...
— І гэта чыстая праўда, — смяецца Юлія. — Літаральна днямі быў чарговы скандал — не сышліся ў меркаваннях наконт новага кліпа. Мне катэгарычна не падабалася, як я выглядаю, а Жэня быў упэўнены, што без гэтага кадра поўная карцінка не складзецца, хоць трэсні. У нас насамрэч часта «гарыць і іскрыць», але толькі на творчай глебе, у тым, што датычыцца працы. У бытавых пытаннях сварымся надзвычай рэдка, але і тады стараемся не трымаць крыўду ў сабе. На мой погляд, калі людзі не вырашаюць канфлікт адразу, а трымаюць крыўды ўнутры, гэта можа выліцца ў няправільныя наступствы, таму, мне здаецца, што ў сямейным жыцці як нідзе важна ўмець гаварыць і дамаўляцца. У нас так: хто лічыць, што ён не мае рацыі, той і пачынае прымірэнчы працэс. Але з узростам усё часцей пагаджаюся з псіхолагамі, што ініцыятыва тут мусіць зыходзіць ад жанчыны. Хоць у мяне самой перад вачыма не было прыкладу, як трэба сварыцца і мірыцца, і Жэня таксама рос у няпоўнай сям'і, і мы абодва прызвычаіліся адстойваць свае перакананні, але разумеем, што часам трэба ісці на кампраміс — калі ты ўзважваеш усе плюсы і мінусы вашых адносін, і плюсоў значна больш — значыць, можна і ахвяраваць нейкімі ўласнымі «я хачу». Мне здаецца, што большасць трывалых сем'яў якраз на гэтым і стаіць — мае бабуля з дзядулем пражылі разам больш як 50 гадоў, і якая б вайна паміж імі не разгортвалася, у выніку ўсё адно адзін аднаму даравалі...
Зазвычай лета ў артыстаў — гарачая пара, але і тут сям'я выпрацавала сваю стратэгію: як правіла, у жніўні ўсе вялікія фестывалі ўжо завяршаюцца, і выпадае досыць вольнага часу, каб разам з дзецьмі зладзіць сабе канікулы. Напрыклад, сёлета ў поўным складзе з'ездзілі ў адзін з санаторыяў пад Мінскам. «І хоць словазлучэнне «адпачынак з дзецьмі» для нас гучыць як аксюмаран, тут усё атрымалася найлепшым чынам: мы і змянілі абстаноўку, і паралельна вырашалі нейкія рабочыя пытанні».
— Пра пары са стажам ходзіць мноства анекдотаў: хто першы забыўся на важную дату — гадавіну заручынаў ці вяселля, народзіны цешчы і г. д. У вас хто адказвае за сямейны летапіс?
Я.: Мы не надаём празмернага значэння датам. Калі ёсць час і магчымасць, з задавальненнем арганізуем сяброўскую вечарынку проста так, без нагоды. А калі працуем над важным праектам, то якая б ні была значная і памятная дата, «адсоўваем» яе на потым.
— Сцэна — справа, якая патрабуе шмат высілкаў і часу, а вы прынцыпова не давяраеце дом і дзяцей чужым людзям. Як тады ўсё паспяваеце?
Ю.: Насілу паспяваем... Вельмі дапамагае мая мама, якая можа пасядзець з унукамі, а калі трэба мне адной на здымкі або некалькі песень у канцэрце выканаць, то Жэня выручае. Нават старэйшы сын Саша можа крыху заняць малога, але адных іх мы, безумоўна, не пакідаем.
— Гэта азначае, абавязкі па доме на «жаночыя» і «мужчынскія» не падзяляеце?
Ю.: Дзякаваць богу, мы ўжо доўгі час разам, і прыйшлі да простай высновы: у каго ёсць час і магчымасць, той і зробіць неабходнае — прыбярэ, прыгатуе і г. д. Жэню без пытанняў можна пакінуць з малымі, якіх ён і зойме, і спаць пакладзе, і пакорміць. Больш за тое, ён вельмі любіць гатаваць што-небудзь гэткае, няпростае — напрыклад, запякае ў духоўцы, а таксама заўжды гатуе на вялікую кампанію. А я, наадварот, не люблю духоўку, з ёй трэба доўга «марочыцца», аддаю перавагу смачным і здаровым стравам, а яшчэ адказваю за супы. Далучаем да дамашніх спраў і дзяцей — Вову ўсё гэта проста ў радасць, як новая гульня, а Сашу трэба зацікавіць, заахвоціць нейкімі стымуламі і перспектывамі.
Пра Міханавічы і Кітай
Карысным у сямейным жыцці аказаўся і медыцынскі вопыт Юлі — скончыўшы Мінскі медуніверсітэт, яна працавала па размеркаванні тэрапеўтам у амбулаторыі пасёлка Міханавічы, і наогул дзесяць гадоў заставалася ў прафесіі, пакуль канчаткова не змяніла кірунак на творчы. Нагледзелася, канешне, рознага — «часам кім толькі не даводзілася быць, і афтальмолагам, і ЛОР-урачом, і хірургам, і «хуткай дапамогай», калі трэба, і ў пяць замацаваных вёсак дабірацца на УАЗіку, які добра, калі даедзе да месца, не зламаўшыся...» Дагэтуль з болем успамінае пра вясковых старых, якія засталіся не тое што без дапамогі, а без элементарнага догляду дзяцей і сваякоў... Затое, гаворыць, прайшла добрую загартоўку і прыдбала карысны досвед, які дагэтуль дазваляе сям'і не трапляць у хвалі эпідэмій і хадзіць ва ўчастковую паліклініку, хіба толькі па даведкі і прышчэпкі.
— Мабыць, якраз дзякуючы гэтай загартоўцы вы спакойна адпусцілі мужа на кантрактную работу ў Кітай, калі чакалі малодшага сына Вову?
Ю.: Гэта прапанова, вельмі заманлівая ў сэнсе грошай і перспектыў, паступіла, калі я ўжо была цяжарная, і мы доўга абмяркоўвалі: ехаць — не ехаць? Меркаваўся кантракт наогул на дзесяць гадоў, і вырашылі, калі ўсё атрымаецца, то Жэня нас потым туды забярэ. У Кітаі для работы насамрэч былі выдатныя ўмовы — найбуйнейшы прадзюсарскі цэнтр у Пекіне, мноства міжнародных праектаў, высокая запатрабаванасць... А я тут да апошніх тыдняў цяжарнасці вяла актыўны лад жыцця, а напярэдадні родаў дамовілася, каб старэйшы сын начаваў у свекрыві, каб ён раптам не застаўся адзін. І, дарэчы, так і атрымалася, «хуткую» ў радзільню сабе выклікала ўначы. Прызнацца, я не люблю гнеўныя допісы маладых матуль пра тое, якія ў нас жахлівыя ўмовы ў радзільнях і якія «ўсе медыкі гады» — паколькі я пабывала, так бы мовіць, з абодвух бакоў барыкад і разумею, што ўсе людзі розныя, і пацыенты, і ўрачы, і нельга абагульняць уласны досвед. Прынамсі мне пашанцавала, роды прайшлі добра, і раніцай ужо даслала радасную СМСку мужу. Так што ніякага асаблівага гераізму ў тым, што давялося нараджаць адной, не бачу — проста так склаліся абставіны.
...А потым абставіны склаліся так, што ў Беларусі стала хітом напісаная імі песня «Сінявокая», з якой пачаўся цэлы маштабны праект, і пераезд сам сабой адмяніўся — усяго праз тры месяцы Яўген Алейнік вярнуўся на радзіму.
— Сёлета вы прадставілі слухачам частку вялікага праекта, прысвечанага малой радзіме. Што можаце расказаць сваім дзецям пра малую радзіму, з улікам таго, што вы абодва — мінчане?
Ю.: А мне здаецца, не важна, дзе знаходзіцца твая малая радзіма, важна, што ты да яе адчуваеш. Маё дзяцінства — напрыклад — гэта сталічны мікрараён Серабранка, і ўсё адно, трапляючы на знаёмыя вуліцы, адчуваю, як нешта шчыміць унутры. Таму з задавальненнем паказала Сашу, у якія дзіцячы садок і школу я хадзіла, расказала, што тут было раней і як змяніўся раён — тым больш, на мой погляд, ён стаў нашмат прыгажэйшы.
Пра тых, хто будзе лепшы за нас
Я.: Што ад нас перанялі дзеці? Саша цікавіцца музыкай — але яму даспадобы электронныя трэкі, так што «Аўра» наўрад ці ператворыцца ў сямейнае трыа. Тым не менш Саша бярэ ўрокі ў нашага гітарыста, вывучае замежныя мовы — ён захапляецца анлайн-гульнямі, і англійская неабходная.
Што да Вовы, то гэта «артыст вялікіх і малых тэатраў» — як сцвярджаюць сваякі, вылітая Юля ў дзяцінстве. «Як расказвалі мае мама і бабуля, я спявала бесперапынна, не змаўкаючы — такім чынам завучвала песні, якія гучалі па радыё і тэлевізары (асабліва любіла італьянскую эстраду), каб яны былі заўжды са мной. Цяпер разумею, як было складана беднай маёй маме, калі мы, сям'я вайскоўца, пераехалі ў Хабараўск, а гэта іншы часавы пояс, і мае спевы прыпадалі якраз на ноч. Уласна, каб хоць крыху ўтаймаваць гэту энергію, мяне і аддалі ў вакальны гурток. Воўка песні, праўда, не спявае, але гэтаксама барабаніць нагамі ў дыван і разыгрывае такія акцёрскія сцэнкі, што трэба бачыць. А яшчэ ён адчайны адарвірог, зноў жа, як я ў дзяцінстве і юнацтве».
— Заўжды хацелася спытаць: што спявачкі выконваюць сваім дзецям у якасці калыханкі?
— Як акын, спяваю пра тое, што бачу — прыгадаю знаёмы матыў, і давай на яго «ля-ля», — усміхаецца Юлія. — Аднак на публіку гэта выносіць нельга, бо словы не акадэмічныя — «спі, мая радасць», а з гэткімі прыкольчыкамі, выключна для ўнутрысямейнага ўжытку.
Калыханка ў рэпертуары «Аўры» ўсё ж ёсць — яшчэ для старэйшага сына Яўген запісаў прыгожую інструментальную кампазіцыю, якую перыядычна выконвае на канцэртах.
— Сёння многія бацькі схільныя шмат патрабаваць ад школы, садка. Педагогі ў адказ нагадваюць, што выхаванне і адказнасць за дзяцей пачынаецца ў сям'і. На ваш погляд, што перадусім трэба закласці ў сваіх дзяцей, якія веды ім даць?
Ю.: Я таксама лічу, што сям'я — аснова асноў. І яшчэ з унутрычэраўнага перыяду яна можа навучыць галоўнаму: адносінам да свету ў цэлым, да людзей — блізкіх і наогул. Навучыць, што такое любоў, міласэрнасць, словам, даць тую базу, з якой дзіця пойдзе далей па жыцці. Безумоўна, кожны мусіць сам набіць свае гузакі, колькі разоў ты ім не растлумачыш свой досвед, аднак мусіць быць уяўленне аб тым, што такое добра і што такое дрэнна. Нельга ігнараваць патрэбы свайго дзіцяці — гэта такая памылка, якая ў далейшым можа дорага абысціся, а са свайго боку, варта паспрабаваць навучыць усяму таму, што ведаеш і ўмееш ты сам. Словам, нічога новага я тут не адкрыю.
У Жэні і Юлі ёсць яшчэ адзін верны памочнік — кошка Дуся, якая, па сутнасці, няньчыла і выхоўвала абодвух дзяцей: зусім маленькім дазваляла нават цягаць сябе за хвост, а з узростам усё больш усталёўвала рамкі дазволенага. Таксама Дуся, як сцвярджаюць гаспадары, заўжды ведае, хто пацярпелы бок, а хто завадатар канфлікту — падыходзіць да вінаватага і пачынае сярдзіта мяўкаць.
Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота з асабістага архіва герояў
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta