У кнізе, якая, па словах аўтара, ужо карыстаецца папулярнасцю ў Англіі, сабраны не проста пералік славутасцяў Беларусі, а аўтарскі, часам эмацыянальны, але заўсёды шчыры аповед пра краіну, сустрэчы з людзьмі, удзел у цікавых падзеях.
«Я імкнуся расказваць простыя чалавечыя гісторыі, якія дапамагаюць лепш зразумець мясцовых жыхароў, іх норавы, звычкі, менталітэт, — кажа Найджэл Робертс. — У кнігах таксама змяшчаюцца практычныя парады: што паглядзець, якія стравы нацыянальнай кухні пакаштаваць, у якія куткі краіны зазірнуць. Мне пішуць суайчыннікі, што пасля чытання даведніка ім было значна прасцей вандраваць па Беларусі. Я даўно ўжо палюбіў гэтую краіну і хачу, каб замежнікі сюды прыязджалі часцей».
Упершыню з Беларуссю Найджэл Робертс пазнаёміўся ў 2001 годзе, праз сем гадоў ён выдаў першы даведнік па нашай краіне накладам 4,5 тысячы асобнікаў, выданне паспяхова разляцелася сярод англійскіх чытачоў. За гэтыя гады Найджэл Робертс пабываў у Беларусі больш за 30 разоў.
Падчас перагавораў з намеснікам міністра спорту і турызму Беларусі Міхаілам Партным прагучала прапанова зрабіць адмысловы выпуск даведніка, прысвечаны ІІ Еўрапейскім гульням 2019 года ў Мінску. У кнізе могуць быць сабраны звесткі аб спартыўных аб'ектах, на якіх пройдуць Гульні, людзях, якія займаюцца гэтым маштабным праектам, а таксама месцах, якія замежныя турысты змогуць наведаць. Найджэл Робертс адказаў, што з задавальненнем возьмецца за напісанне такога даведніка.
Дар'я Лабажэвіч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-sportu-i-turyzmu
[4] https://zviazda.by/be/tags/davednik
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[6] https://zviazda.by/be/tags/kniga
[7] https://zviazda.by/be/tags/naydzhel-roberts